Яны патрабуюць ад еўрапейскіх чыноўнікаў увядзення новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Высветлілася, што Стася з’яўляецца ўнучкай колішняга кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча. Яе дзядуля падзяліўся ўражаннямі ад учынку Стасі, а таксама крыху паразважаў аб падзеях у краіне.

Стася Гліннік. Фота з ВК

«Мая ўнучка робіць што хоча, яна вельмі самастойная. Стасі ўжо больш за 20 гадоў. Яна скончыла Варшаўскі ўніверсітэт, атрымлівае завочна яшчэ адну адукацыю, працуе і сябе забяспечвае. Я не маю ніякага дачынення да яе рашэнняў. Я б хацеў, каб яна нармальна працавала і жыла, але яна мне кажа: «Дзед, табе сорамна за мяне не будзе», — кажа Станіслаў Шушкевіч.

Пра Стасю ён расказвае наступнае: «Я хачу сказаць цікавую рэч. Стася была тройчы пераможцай міжнародных школьных алімпіяд па біялогіі. Атрымлівала граматы ў Сіэтле, Стамбуле, дзесьці яшчэ. За гэта Лукашэнка падпісаў ёй такую паперку, што яна можа паступіць у любую беларускую ВНУ без уступных экзаменаў і з павышанай стыпендыяй. Яна паступіла на біяфак, але ўжо тады выходзіла на акцыі пратэсту, дык калі даведаліся, што ў яе дзед Шушкевіч, то пачалі цкаваць яе. У выніку яна кінула ўсё — і паехала ў Варшаву.

Стася Гліннік са сцягам. Фота «Белсата»

Стася лічыла, што не хоча мець нічога супольнага з гэтым збродам, які асуджае яе за нармальныя ўчынкі. Сам во толькі даведаўся з інтэрнэту пра яе навіны, якраз збіраўся пазваніць ёй. Яна ўсё выдатна разумее, што адбываецца ў Беларусі, яна нармальны чалавек, прыстойны».

Якія думкі ў Шушкевіча адносна той сітуацыі, што склалася ўнутры Беларусі пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта кампаніі Raynair? 

«Мы ўвесь час змагаемся з любой «муткай», якую пусціць Лукашэнка. Цяпер вось даказваем з самалётам, што гэта подласць, фальсіфікацыя, што Пратасевіч незаконна арыштаваны. Але мы забываем, што Лукашэнка ўжо не павінен быць кіраўніком краіны, калі 300 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Мінска. 

І мы забываемся, што існуе такая выдатная пара — Пуцін і Лукашэнка. Лукашэнка можа зрабіць тое, на што ніколі не пойдзе Пуцін, бо ён нічога не саромеецца. Усё робіцца для таго, каб Беларусь стала часткай Расійскай імперыі, каб Расія цвіла і пахла. Лукашэнка вельмі добры партнёр у гэтым сэнсе, таму Пуцін і абяцае яму падтрымку.

Станіслаў Шушкевіч. Фота Надзеі Бужан

Пуцін не можа паказаць, што ён кепска дзейнічае. Вось забаранілі над Беларуссю лётаць, а Пуцін дапамагае Лукашэнку, не прымаюць самалёт, які ляціць з Аўстрыі ў Маскву не праз Беларусь. Проста дэманструюць здымак, дзе Пуцін паціскае руку Лукашэнку, так і дапамагае».

Як здароўе першага кіраўніка незалежнай Беларусі?

«Шмат чытаю інтэрнэт, сяджу за камп’ютарам. У мяне павінна было быць некалькі лекцый анлайн.

Я цяпер у ізаляцыі, бо калі злаўлю каранавірус, то мне канец. У мяне два мужы маіх сясцёр памерлі, памерла стрыечная сястра. Не хочацца пакуль ім кампанію складаць. Ёсць жаданне яшчэ пажыць, але рэалізаваць гэта не так проста».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?