Чарговыя кадравыя перастаноўкі адбыліся ў ва ўрадзе. З’явілася чатыры новыя міністры, а таксама адзін старшыня дзяржаўнага камітэту.

Спорт: Малады і невядомы


Алег Качан
Быў зменены міністр спорту і турызму. На месца пенсіянера Аляксандра Грыгарава прыйшоў 41‑гадовы Алег Качан (маладзей яго ў Саўміне толькі міністр культуры Павел Латушка). Качан нарадзіўся ў Чэрвені, дзе працаваў мясцовым райвыканкаме. Адтуль і забралі ў Мінскі аблвыканкам, прызначыўшы на пасаду начальніка спартыўнага ўпраўлення. Гэта самы малады міністр спорту і турызму за ўсю гісторыю.

У спартыўных колах пра Алега Качана абсалютна нічога не вядома. Яго імя нядаўна з'яўлялася ў СМІ ў сувязі з ініцыятывай пусціць монарэйкавую дарогу, якая злучыць Мінск і Лагойск. Такая ідэя належыла менавіта Качану.

Нагадаем, што Аляксандр Грыгараў заняў пасаду міністра летам 2005 году, змяніўшы на ёй генерала Юрыя Сівакова.


Уладзімір Цалко
Прыродных рэсурсаў: Знялі міністра‑доўгажыхара

Зняты з міністэрскага фатэлю міністр прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Лявонцій Харужык. Яго месца заняў Уладзімір Цалко, які да гэтага займаў пасаду намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях.

Уладзімір Цалко нарадзіўся ў 1952 годзе ў Скалодзіна Мазырскага раёну. Скончыў наргас, служыў у савецкім войску. Працаваў майстрам будаўнічага ўпраўлення трэсту ў Смаленску, інжынерам па забеспячэнню энергетычнай службы, майстрам заводу «Мазыркабель», тэхнікам‑геадэзістам, сакратаром камітэту камсамолу, намеснікам начальніка сельскай перасоўнай механізаванай калоны, сакратаром парткама трэсту «Мазырсельбуд». Быў намеснікам старшыні Мазырскага райвыканкаму (1986‑1989).

Потым працаваў у Гомелі у будаўнічай базе, намеснікам старшыні камітэту па будаўнічаму комплексу, намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкаму (1989 — 2000). Быў старшынём Камітэту па праблемных наступствах катастрофы на ЧАЭС пры міністэрстве надзвычайных сітуацый. Потым была аналагічная пасада пры Саўміне.

Цікава, што Лявонцій Харужык быў доўгажыхаром на сваёй пасадзе. Міністрам ён з’яўляўся ад лютага 2001 году, больш за астатніх калег.

Цяпер больш за іншых на сваёй пасадзе знаходзіцца міністр абароны Леанід Мальцаў — ад сакавіка 2001 году.


Аляксандр Радзевіч

Прамысловасці: Дырэктар «Азота» на павышэнні

Замест Анатоля Русецкага міністрам прамысловасці стаў Аляксандр Радзевіч. Новаму кіраўніку ведамства 52 гады. Радзевіч

скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут па спецыяльнасці канструяванне і вытворчасць радыёапаратуры. Быў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкаму. Ад снежня 2005 году з’яўляўся генеральным дырэктарам ААТ «ГроднаАзот».

Транспарту: Міністра замяніў намеснік

Новым міністрам транспарту і камунікацый стаў Іван Шчэрба, ён замяніў на пасадзе Уладзіміра Сасноўскага. Да гэтага Шчэрба працаваў намеснікам міністра.


Іван Шчэрба

Іван Шчэрба нарадзіўся ў 1956 годзе на Барысаўшчыне. Скончыў наргас па спецыяльнасці таваразнаўства і арганізацыя гандлю харчовымі таварамі (1980). У 2002 — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце РБ.

Новы міністр пачынаў працаваць рабочым у саўгасе. Служыў у войску. З 1985 году працаваў на прадпрыемствах Беларускай чыгункі. Ад 1993 году ў апараце міністэрства транспарту і камунікацый.


Ігар Войтаў
Камітэт па навуцы і тэхналогіям: Пенсіянера Мацюшкова знялі

Ігар Войтаў стаў старшынём Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіям. Ён замяніў яшчэ аднаго пенсіянера — Уладзіміра Мацюшкова.

Новы старшыня нарадзіўся ў 1961 годзе ў Мінску. Скончыў політэхнічны інстытут (1983), Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (1996). Доктар тэхнічных навук. За Савецкім часам Войтаў працаваў у камітэце па экалогіі БССР. Ад 1994 займаў пасаду першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў. У 2002‑2005 — прарэктар БДУ. Ад 2005 году намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіям.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?