27 чэрвеня спаўняецца 20 гадоў з дня, калі ў Мінску адбыўся ўстаноўчы з’езд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

«Мне вельмі прыемна сказаць, што за гэты час мы змаглі перайсці ад ляманту па мове, па тым, што яна знішчаецца, да стваральных дзеянняў. Да разумення таго, што мова ўсе роўна выжывае, як трава пад асфальтам», — адзначыла на прэс-канферэнцыі 26 чэрвеня Людміла Дзіцэвіч, намесніца старшыні ТБМ.

На сённяшні дзень ТБМ мае 5,5 тысяч актыўных сяброў і каля 20 тысяч прыхільнікаў, якія бяруць удзел у мерапрыемствах, дапамагаюць фінансава, выпісваюць газеты і г.д. Ва ўсіх буйных гарадах Беларусі ёсць легальныя структуры, іх усяго каля 60.

Сябры таварыства выдаюць газеты «Наша слова» і «Новы час», агульным накладам каля 7 тысяч экземпляраў, а таксама шэраг друкаванай прадукцыі. Праводзяць канцэрты, святкаванні юбілеяў, сустрэчы, семінары.

Сярод найбольшых дасягненняў Таварыства яго старшыня Алег Трусаў называе стварэнне Белсату,
ідэя якога была прыдуманая на сядзібе ТБМ. А таксама апошнюю добрую навіну: дзякуючы намаганням сябраў Таварыства, беларускія улады пагадзіліся святкаваць у 2010 г. на дзяржаўным узроўні 600-годдзе перамогі пад Грунвальдам.

За дваццаць гадоў змянілася некалькі пакаленняў ТБМ-аўцаў. Некаторыя сёння займаюць высокія пасады. Алег Трусаў узгадаў, як

сёняшні міністр культуры, Павел Латушка, яшчэ студэнтам гадзінамі сядзеў на ТБМ
.

«За гэтыя дваццаць гадоў мова ў Беларусі перастала быць калгаснай, — кажа старшыня. — Раней гэта была мова калгаснікаў, якая павінна загінуць: будзе савецкі народ, ён будзе па-расійску гаварыць, камунізм збудуе і г.д. У выніку Савецкага Саюзу няма, калгасаў амаль што няма, а мова не толькі захавалася, але яна і умацавалася. Таму што у нашых гарадах ужо расце нацыянальная эліта.

Вяскоўцы ў горадзе ў першым пакаленні — гэта жахлівая разбуральная сіла. Толькі у трэцім — пятым пакаленні іх унукі і праўнукі становяцца элітай. Зараз мы да гэтага часу дажываем. У Мінску і ў вялікіх гарадах вышла моладзь, якая прынцыпова гаворыць па-беларуску, мы яе бачым на вуліцах, на плошчы, у тэатрах, бачым папулярныя беларускія гурты. Гэтыя 20 год — гэта змена пакаленняў на карысць Беларушчыны».

Наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай — самае вялікае дасягненне беларусаў у ХХ ст., лічыць Людміла Дзіцэвіч. У свеце пяць тысяч моў, і сярод іх толькі 300 дзяржаўных, і адна з іх — наша. Гэта вялікі паказчык. Цікава, у якое дасягненне ХХІ стагоддзя выльецца праца Таварыства беларускай мовы? Алег Трусаў адказаў не задумваючыся: «Да канца ХХІ стагодзя беларуская мова стане адной з моваў Еўразвязу. І гэта будзе, я не сумняюся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?