Указам прэзідэнта ад 25 чэрвеня № 335 зменены парадак рэгістрацыі і правядзення рэкламных гульняў.

«Дакумент прыняты ў мэтах абароны правоў удзельнікаў рэкламных гульняў, удасканалення заканадаўства аб такіх гульнях і прадугледжвае выклад у новай рэдакцыі Палажэння аб правядзенні рэкламных гульняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы беларускага кіраўніка.

Арганізатарам рэкламнай гульні можа быць арганізацыя ці індывідуальны прадпрымальнік, якія зарэгістраваны ў Беларусі, ажыццяўляюць дзейнасць па вытворчасці і (ці) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) ці аказваюць паслугі па арганізацыі і правядзенні рэкламных гульняў на падставе дагавора, а таксама прадстаўніцтва замежнай арганізацыі.

Дзяржаўнай рэгістрацыі будуць падлягаць толькі правілы правядзення рэкламнай гульні (выключана рэгістрацыя складу і памеру прызавога фонду і парадку яго фарміравання, складу камісіі па яе правядзенні). Акрамя таго, з 30 да 15 дзён скарочаны тэрміны прыняцця рашэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі рэкламнай гульні.

Указам замацоўваецца магчымасць адмовы ў рэгістрацыі рэкламнай гульні пры наяўнасці двух і больш парушэнняў, якія дапушчаны арганізатарам пры правядзенні рэкламных гульняў на працягу года, а

таксама ўводзіцца забарона на правядзенне рэкламных гульняў з мэтай стымулявання азартных гульняў, рэалізацыі алкагольных, слабаалкагольных напояў, піва, тытунёвых вырабаў, лекавых сродкаў.

Устанаўленне такіх абмежаванняў «звязана з неабходнасцю абароны правоў грамадзян і рэалізацыяй дзяржаўнай палітыкі па фарміраванні здаровага ладу жыцця і барацьбе са шкоднымі звычкамі, якія аказваюць уплыў на стан здароўя насельніцтва і яго дабрабыт».

Абмяжоўваецца правядзенне рэкламных гульняў ў выглядзе адказаў на пытанні і (ці) выканання іншых заданняў, не звязаных з набыццём тавараў (работ, паслуг), і ў выглядзе электронных, камп'ютэрных гульняў з выкарыстаннем сродкаў і сетак электрасувязі.

Каб пазбегнуць злоўжыванняў пры правядзенні розыгрышаў прызавога фонду з дапамогай праграмных, праграмна-апаратных і апаратных сродкаў устаноўлена забарона на іх выкарыстанне. Розыгрыш прызавога фонду рэкламнай гульні павінен праводзіцца адкрыта з магчымасцю прысутнасці на ім удзельнікаў рэкламнай гульні.

Новае палажэнне аб правядзенні рэкламных гульняў уступіць у сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання ўказа.

Рэкламныя гульні, правядзенне якіх распачата да ўступлення ўказа ў сілу, завяршаюцца па раней дзейных правілах.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0