Шэраг брытанскіх кампаній, якія вядуць бізнэс у Беларусі, трапілі пад беспрэцэдэнтны ціск з боку розных крыніц, у тым ліку з боку беларускай дыяспары. Некаторыя з кампаній, у тым ліку Rolls-Royce і British American Tobacco, пад такім уплывам гатовыя перагледзець сваё стаўленне да сітуацыі ў Беларусі.

Пасля гісторыі з прымусовай пасадкай 23 мая ў аэрапорце «Мінск-2» самалёта кампаніі Ryanair і арышту двух пасажыраў, журналіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны, брытанскія актывісты ўзмацнілі ціск на ўласнікаў беларускіх бондаў на Лонданскай фондавай біржы. Некаторыя брытанскія кампаніі адрэагавалі яшчэ і на шэраг выпадкаў меркаванага парушэння правоў на беларускіх дзяржаўных прадпрыемствах. Гэта правы на свабоду сходаў, забастоўку і стварэнне незалежных прафсаюзаў, піша Guardian.

Сярод такіх кампаній — Rolls-Royce, адзін з пастаўшчыкоў беларускага канцэрна БелАЗ. Прадстаўнікі Rolls-Royce паведамілі, што кампанія аналізуе пытанні, што датычацца сувязі яе нямецкага брэнда Power Systems і БелАЗа. У залежнасці ад вынікаў расследавання кампанія гатовая перагледзець усё існуючае і магчымае ў будучыні супрацоўніцтва з беларускім канцэрнам. Як сведчаць брытанцы, яны таксама згодныя з любымі санкцыямі, якія ўводзяцца.

Таксама працягваюцца пратэсты перад будынкам кампаніі British American Tobacco, якая супрацоўнічае з Гродненскай табачнай фабрыкай «Нёман». Гэтая фабрыка вырабляе цыгарэты па ліцэнзіі брытанскай карпарацыі.

Прадстаўнік British American Tobacco пацвердзіў, што кампанія гатовая прыняць дадатковыя меры з мэтай абароны правоў беларускіх працаўнікоў. Так, беларускае падраздзяленне карпарацыі ў гэтым годзе пройдзе ўзмоцненую комплексную праверку па пытанні абароны правоў чалавека. Што датычыць фабрыкі «Нёман», то на яе тэрыторыі пройдзе праверка працоўных умоў з дапамогай незалежнага аўдытара.

Прадстаўнік Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, які ўдзельнічае ў кампаніі ўплыву на брытанскія прадпрыемствы, паведаміў Guardian, што яны звернуць увагу і на іншыя выпадкі супрацоўніцтва брытанскіх кампаній і беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Напрыклад, ён сцвярджае, што некаторыя кампаніі купляюць у Беларусі драўніну ў значных аб'ёмах. Але, па словах актывіста, брытанскія кампаніі не надта схільныя да ўвагі да сітуацыі ў Беларусі, ім бліжэйшая пазіцыя «зарабляй, пакуль магчыма».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0