На першы погляд, японская каманда чырлідарак «Пом Пом» падобная да іншых такіх калектываў, у якіх удзельнічаюць маладыя дзяўчаты. Але на самой справе ў гэты калектыў бяруць толькі жанчын, не малодшых за 55 год.

У 2019 годзе сярэдні ўзрост 24 удзельніц «Пом Пом» складаў 72 гады. Пасля пачатку пандэміі колькасць каманды знізілася да 17 чалавек, піша inews.co.uk.

Каб трапіць у каманду, жанчынам трэба прайсці праслухоўванне, быць гатовымі ўдзельнічаць у штотыднёвых трэніроўках і наведваць спаборніцтвы ў розных краінах свету. Калі «Пом Пом» толькі была створаная, яна складалася з пяці жанчын, але потым папулярнасць каманды пачала расці.

Пры гэтым не ўсе японцы добра ставяцца да чырлідарак сталага ўзросту. Шмат у чым гэта звязана з іх адзеннем для выступленняў — каманда аддае перавагу плісіраваным міні-спадніцам і бліскучым пампонам. Японскія традыцыі патрабуюць, каб людзі вялі сябе так, як гэта прынята ў іх узросце, таму сталыя чырлідаркі часам чуюць у свой адрас адмоўныя каментары.

Тым не менш, японскія ўлады нават узгадваюць каманду ў спецыяльных брашурах пра актыўнасць сталых людзей. Для Японіі пытанне актыўнасці старэйшага пакалення вельмі важнае, бо ажно каля 29% жыхароў краіны дасягнулі ўзросту 65 гадоў. Па падліках, праз 15 год яны будуць складаць траціну насельніцтва.

Японцы ў гадах надаюць увагу і іншым відам актыўнасці. Сярод іх ёсць шпацыры, гімнастыка тайсо, то-бок простыя фізічныя практыкаванні, накіраваныя ў тым ліку на расцяжку, і гейтбол — камандны спорт на аснове кракета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0