Фота pixabay.com.

Дваццаць год таму, каб паслухаць музыку, трэба было прайграць дыск на плэеры. Да яго, зразумела, можна было падключыць навушнікі любога брэнда. Цяпер для мільёнаў людзей ва ўсім свеце гэтыя кампаніі замяніла адна — Apple. У яе існуюць канкурэнты, але з кожным годам ім усё складаней прапаноўваць свае паслугі на роўнай аснове.

З гэтымі зменамі мы згубілі функцыянальную сумяшчальнасць тэхнікі — здольнасць гаджэтаў розных брэндаў працаваць разам. Такая сумяшчальнасць праяўляецца, напрыклад, праз агульныя для гаджэтаў фарматы або праз магчымасць для рознай тэхнікі працаваць разам. Функцыянальная сумяшчальнасць дазваляе выкарыстоўваць любыя навушнікі з любым плэерам або, напрыклад, купіць новы тэлевізар, не думаючы пра тое, ці будзе ён працаваць з іншымі хатнімі дэвайсамі, тлумачыць Guardian.

Барацьба за функцыянальную сумяшчальнасць гаджэтаў была цяжкай. Напрыклад, у свой час, каб прагледзець тэкставы дакумент, трэба было мець на камп’ютары не толькі тую самую праграму, у якой ён быў створаны, але і правільную версію той самай праграмы. Сярод такіх праграм была і MS Word. На працягу дзесяцігоддзяў кампанія Microsoft не жадала прадастаўляць канкурэнтам даныя, якія дазволілі б праглядаць файлы фармату.doc на іншых дэвайсах. Усё змянілася з пачаткам эры мабільных тэлефонаў.

Але цяпер сітуацыя зноў пагоршылася. Узяць, напрыклад, гаджэты маркі Apple. Карыстальнік айфона слухае музыку праз праграму Apple Music з дапамогай навушнікаў Apple AirPods, і навушнікі іншага брэнда будуць працаваць з айфонам толькі пры дапамозе спецыяльнай прылады. Абмен данымі паміж мабільнымі дадаткамі таксама робіцца больш цяжкім.

Магчыма, змены ў заканадаўстве дапамогуць свету вярнуцца да функцыянальнай сумяшчальнасці гаджэтаў. Аб’яднанне «Кааліцыя за справядлівасць дадаткаў» накіроўвае скаргу ў Еўракамісію з патрабаваннем да Apple даць больш свабоды карыстальнікам. Amazon, Facebook і Google выступаюць адказчыкамі ў аналагічных працэсах.

Нарэшце, некаторыя змены ў пазітыўным кірунку ўжо адбываюцца. У красавіку Facebook пашырыў магчымасці пераносіць даныя з гэтай сацыяльнай сеткі на іншыя платформы, і цяпер можна пераносіць тэкставыя пасты з Facebook у Google Docs.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?