Толькі, напэўна, не Дунін‑Марцінкевіч. Мовазнаўцы Мячкоўская і Клімчук, гісторык Ільін пакрысе набліжаюцца да раскрыцця загадкі.

Фарс‑вадэвіль «Пінская шляхта» лічыцца найвыдатнейшым творам Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча. У адрозненне ад многіх класічных твораў, гэты і за паўтара стагоддзя не састарэў. Кручкатворства, хабарніцтва, страх перад чыноўнікам дагэтуль прысутнічаюць у навакольнай рэчаіснасці. Не дзіва, што спектакль Купалаўскага тэатру паводле п’есы такі папулярны. Акторы нават дазваляюць сабе гаварыць з пазнавальнымі інтанацыямі сённяшніх, усім вядомых персанажаў.

Два рукапісы з куфра пана Вінцэнта

Між тым сам Дунін‑Марцінкевіч ніколі не называў «Пінскую шляхту» ўласнай п’есай. Дый згадвае яе толькі раз. У 1868 г. у лісце да этнографа Яна Карловіча ён упамінвае рукапіс «Пінскай шляхты», які вязе нехта Вішнеўскі.

Наступная прыгадка сустракаецца ўжо ў некралогу па Марцінкевічу, што з’явіўся ў газеце «Край» у 1885 г. Там, са спасылкай на бібліёграфа Аляксандра Ельскага, указвалася, што сярод рукапісаў засталася «Пінская шляхта» па‑беларуску.

Ельскі ведаў пра яго, бо адразу па смерці Марцінкевіча ездзіў у Люцінку ды меў магчымасць забраць з легендарнага куфра пана Вінцэнта яго рукапісы.

Менавіта асобнік са збораў Ельскага трапіў пасля да гісторыка Мітрафана Доўнар‑Запольскага, выдаўца «Календара Паўночна‑Заходняга краю» на 1889 і 1890 гг. Доўнар‑Запольскі хацеў апублікаваць у ім і п’есу.

Згодна з парадкам, звярнуўся па дазвол да цэнзуры. На запыт да віленскага генерал‑губернатара аб мэтазгоднасці публікацыі фарс‑вадэвілю «на пінскай гаворцы» генерал‑лейтэнант Каханаў адказаў наступнае: «Падобны твор, у якім у непрыглядным выглядзе выстаўляецца персона службовай асобы, станавога прыстава, які да таго ж паўсюль называецца «найяснейшая карона», наўрад ці дарэчы змяшчаць у якім‑небудзь выданні, а асабліва ў такім, як каляндар, які прызначаецца для распаўсюду ў асяроддзі мясцовага насельніцтва». Дзе потым дзеўся рукапіс — нямаведама.

Але існаваў і другі. Яго ў 1887 г. дачка Дуніна‑Марцінкевіча Каміла даслала Яну Карловічу. Пасля смерці Карловіча ён трапіў у Віленскі гістарычны архіў.

Суаўтар — Купала

Паводле таго рукапісу і была зробленая першая публікацыя твору. Мала хто ведае, што памятным са школы «як унадзіцца юрыста — вымеце хату дачыста» і іншым досціпам «Пінскай шляхты» надаваў літаратурнае гучанне Янка Купала. У 1918 г. яны з Язэпам Лёсікам выправілі «пінскую гаворку» вадэвілю «на беларускі лад» ды апублікавалі «Пінскую шляхту» ў мінскім тыднёвіку «Вольная Беларусь». Гэтай публікацыяй скарыстаўся ў 1984 г. навуковец Язэп Янушкевіч, рыхтуючы збор твораў Дуніна‑Марцінкевіча. А ў дадатку даследчык змясціў арыгінал, адшуканы ў віленскім архіве.

Што можна сказаць пра сам рукапіс? Графалагічная экспертыза даказала, што ён выкананы рукой Марцінкевіча. Ягонаю ж рукою робленыя праўкі і дапаўненні. Аднак ці азначае ўсё гэта, што Марцінкевіч быў аўтарам? У Беларусі пасля паўстання Каліноўскага ва ўмовах забароны на друк адрадзілася практыка рукапіснага капіявання. Тэксты дасылаліся, перадаваліся для зняцця копій, потым вярталіся. Так, у «вялікім куфры» Дуніна‑Марцінкевіча быў знойдзены і рукапіс паэмы «Тарас на Парнасе». І не ўсе памятаюць, што спачатку на падставе почырку, аўтарства гэтага твору таксама было прызнанае за панам Вінцэнтам, і пад яго імем «Тарас» быў упершыню апублікаваны ў 1896 г. тым жа Доўнар‑Запольскім.

Аўтар — з Купяцічаў?

Прафесар БДУ Ніна Мячкоўская надрукавала ў «Венскім славістычным альманаху» ў 2000 г. артыкул з красамоўнай назвай: «Вінцэнт Дунін‑Марцінкевіч не быў аўтарам вадэвілю «Пінская шляхта». Супастаўленне двух вядомых тэкстаў вадэвілю паказвае, што тэкст на пінскім дыялекце быў зыходным, даводзіць Мячкоўская. Дый паэтыка «Пінскай шляхты» выразна адрозніваецца ад твораў Дуніна‑Марцінкевіча на беларускай мове — большай мастацкасцю і сцэнічнасцю.

На след аўтара накіраваў лінгвіст Фёдар Клімчук — унікальны знаўца палескіх гаворак, які ведае асаблівасці маўлення літаральна кожнага хутару. Ён даследаваў мову «Пінскай шляхты» і вызначыў дзве найбольшыя яе складовыя часткі: мясцовая берасцейска‑пінская гаворка і «руская» (г.зн. старабеларуская і стараўкраінская) пісьмовая традыцыя, традыцыя царкоўнай мовы, якая часткова захавалася з часоў ВКЛ.

Мова «Пінскай шляхты» сустракаецца ў некалькіх дзясятках вёсак Берасцейшчыны. Для яе характэрная такая рыса, як наяўнасць рэдкага галоснага «умляўту» ў пэўнай пазіцыі. Гэтага гуку няма ў суседніх славянскіх мовах, але ён ёсць у нямецкай: прыкладна як сярэдні між «ю» і «і». У арыгінале п’есы ён абазначаны літарай [ю], часам спалучэннем [iо]: вюн (27 разоў), вюна (2 разы), тюльку (12 разоў), зубiоў (1 раз). У Пінскім раёне большая частка вёсак, дзе людзі гавораць як Пратасавіцкія і Цюхаі‑Ліпскія, размешчаная на поўдзень ад Прыпяці. Гэта цяперашнія Барычэвіцкі, Калавуравіцкі (адтуль уласнікі прозвішча Калавур), Лемяшэвіцкі (адтуль Лемяшэўскія), Лапацінскі, Плешчыцкі сельсаветы. А паўночным фарпостам гэтага арэалу ёсць вёскі Купяцічы і Сушыцк Гарадзішчанскага сельсавету (у самім Гарадзішчы змяшчаўся летапісны Пінск, а ў 1945 г. яго жыхары‑каталікі амаль у поўным складзе выехалі ў Польшчу, таму няма як высветліць старадаўнюю гаворку гэтай мясціны).

Жыхары глухіх мясцін, разважае Клімчук, звычайна саромеюцца сваёй гаворкі, яны з лёгкасцю пераходзяць на гаворкі больш прэстыжныя. У выпадку ж з «Пінскай шляхтай» аўтар, наадварот, смела і яскрава выкарыстоўвае «хатнюю» мову. «Пінская шляхта», відавочна, стваралася ў населеным пункце з багатымі культурнымі традыцыямі. І Клімчук прапануе версію — сяло Купяцічы на паўночны ўсход ад Пінску, стары манастырскі цэнтр.

Аўтарам, сцвярджае Клімчук, мог быць мясцовы пінчук, але мог быць і выхадзец з іншага рэгіёну. Ва ўсялякім выпадку, ён доўга жыў на Піншчыне і засвоіў мясцовую гаворку. Другі варыянт падаецца больш імаверным — таму што ў мове вадэвілю ёсць пэўная непаслядоўнасць.

«Умляўт» звыкла ўзнікае ў закрытых складах пад націскам — там, дзе ў беларускай мове гук «о» (кот), а ва ўкраінскай — «і» (кіт). А ў «Пінскай шляхце» ёсць 4 выпадкі, калі «умляўт» (графічна пазначаны як «ю») ужыты ў адкрытым складзе і не пад націскам, хоць гэтага ў прыродзе быць не можа? Памылка перапісчыка? Або паказчык, што «Шляхту» пісаў не мясцовы ўраджэнец, які гаворкай авалодаў яшчэ не дастаткова?

Напрацоўкамі Клімчука скарыстаўся гісторык Аляксандр Ільін. Раней у часопісе «Гістарычная брама» ён выстаўляў версію, што вадэвіль напісаў Стэфан Куклінскі. Гэты чалавек паходзіў, праўдападобна, з Падляшша, скончыў Харкаўскі універсітэт і быў дырэктарам Пінскай гімназіі. Па сваіх поглядах ён мог быць аўтарам. Прынамсі, ідэалагічная праца ў яго гімназіі была нікуды не вартая — шмат хто з яе выхаванцаў далучыўся да паўстання 1863 г. Але дзе іншыя праявы такога яскравага літаратурнага таленту?

Пасля ўказанняў на Купяцічы Ільін пачаў шукаць аўтара ў гэтым сяле. Хто мог быць на Піншчыне захавальнікам усходнеславянскай пісьмовай традыцыі? Натуральна, мясцовыя праваслаўныя і ўніяцкія святары, разважае А.Ільін. Чаму б не святар Купяціцкай царквы Дзмітры Булгакоўскі, які таксама выкладаў царкоўнаславянскую і расійскую мовы ў Пінскім духоўным вучылішчы? Але ж царкоўнаславянская і старабеларуская мовы — далёка не адно і тое. У XVII ст. паўставалі нават перакладныя слоўнікі гэтых моваў. Свецкая старабеларуская моўная традыцыя прысутнічае ў вадэвілі, бо там стала робяцца спасылкі на Статут Вялікага Княства і адпаведныя праўныя рэаліі. Наколькі мог быць з імі знаёмы ўраджэнец гораду Ялец Арлоўскай губерні Дзмітры Булгакоўскі? Якраз у 1870‑я гады яго, выкладчыка Пінскай семінарыі, прызначаюць свяшчэннікам у Купяцічы. Больш за тое, пасля прызначэння ён уступіў у бясконцую і дробязную судовую цяжбу з сваім папярэднікам на Купяціцкім прыходзе Феліксам Дружылоўскім…

Ці ўсё ж схаваныя таленты Марцінкевіча?

Пытанні, пытанні. Пакуль на іх няма адказаў. Марцінкевіч застаецца імаверным кандыдатам на аўтара. Ён сапраўды ведаў прававыя рэаліі, бо ад 1827 г. служыў у Мінскіх епархіяльнай кансісторыі і крымінальнай палаце. Яму было чаго хавацца з такім антысістэмным творам, напісаным, як мяркуюць, у 1866 г. Ад пан Вінцэнт у той час знаходзіўся пад следствам. Узгадаем характарыстыку, якую даваў свайму палітычна нядобранадзейнаму паднагляднаму павятовы спраўнік А.Сараеў: «Паводзінаў добрых і схаванага вобразу жыцця». З усімі гэтымі Кручковымі пісьменнік мог расправіцца толькі словам. А на аўтографе твору маюцца ўласнаручныя праўкі Дуніна‑Марцінкевіча.

Але ж слабы пункт — мова. Марцінкевіч бываў на Палессі, нават збіраў там песні і прыпавесці. Аднак ён прыязджаў у вёску Альпень, але гэта Столінскі раён і гаворка там адрозніваецца ад мовы «Шляхты».

Разгадка блізкая

След шукання аўтара па мове гаворкі, безумоўна, правільны. Варта пакапаць і ў паўднёвых сельсаветах Пінскага раёну, і сярод жыхароў населеных пунктаў Янаўшчыны, дзе кажуць «вюн». Бо Янаўшчына ў ХІХ ст. лічылася часткай гістарычнай «Піншчыны»…

Чым бы ні скончылася дыскусія вакол аўтарства, выйграюць абодва бакі. Калі вадэвіль сапраўды напісаў Марцінкевіч — значыць, мы не да канца ацанілі яго здольнасці ў гульні мовамі і сімваламі. Калі будзе знойдзены іншы аўтар — мы адзначым заслугу і культурны чын Дуніна‑Марцінкевіча ў захаванні фенаменальнага твору.

    «Нэхай жэ шчасна розвязка
    Пынской шляхтэ од вас будэ!»

***

Артыкул Аляксандра Ільіна «Пісьменнік і фалькларыст Дзмітры Булгакоўскі з’яўляецца аўтарам «Пінскай шляхты»? можна прачытаць у «Краязнаўскай газеце», №4—6 за 2009 год.

Аўтар «Пінскай шляхты» найхутчэй што быў звязаны з адным з паселішчаў на Піншчыне, дзе ўжываецца рэдкі гук, падобны да нямецкага умляўта. Гэтыя раёны вылучаны колерам. Мапа створаная мовазнаўцам Хведарам Клімчуком.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0