Распыталі дзяўчыну, як яе змянілі і загартавалі восем месяцаў зняволення.

Наталля Раентава.

Наталля Раентава.

«Разумела: укус проста так ніхто не пакіне»

Дзень свайго затрымання 29 жніўня Наталля пракручвала ў галаве шмат разоў: што б было, калі б яна не паехала ў горад, калі б пасля не сустрэлася з братам?

«Я прыйшла на жаночы марш, каб на свае вочы ўбачыць людзей, якія выступаюць за перамены. Я толькі сваім вачам веру. А з братам мы ўжо сустрэліся пасля. Тады затрымлівалі ў першую чаргу мужчын на ўсіх акцыях — вось, відаць, таму за ім і кінуліся. А я ўжо на аўтамаце стала яго абараняць», — расказвае Наталля.

Відэа з брутальным затрыманнем Наталлі і Аляксандра ў тралейбусе абляцела многія паблікі і СМІ. Маральныя пакуты амапаўца Андрэя Хоміча былі дадаткова ацэненыя ў дзве тысячы рублёў.

Першапачаткова і сястра, і брат адбылі адміністрацыйныя арышты, але на гэтым пытанне не закрылася.

«Калі я выйшла пасля сутак, то, чытаючы іншыя навіны, разумела, што ў мяне ўкус «не закрыты», яго проста так ніхто не пакіне. Я пачала баяцца людзей у масках (мяне ад іх калаціла) і проста выходзіць на вуліцу. І толькі мой стан нармалізаваўся, як па мяне прыехалі. Затрымлівалі з крыкамі, для чагосьці ў вочы свяцілі ліхтарыкам, прымусілі нагнуцца і рукі сцягнулі сцяжкай. Я яшчэ нават пажартавала: які сэнс у вашых сцяжках, калі я зубамі кусаюся». 

Пракурор запрошваў для Наталлі два гады зняволення, але суддзя Таццяна Акавітая вынесла мякчэйшы прысуд: восем месяцаў зняволення. Наталля лічыць, што ўсе недададзеныя ёй месяцы нібыта пасля «спісалі» брату.

«Я нейкі час аналізавала ўсю гэтую сітуацыю, але пасля змірылася з пакараннем, прыняла, каб захаваць свае нервы. І астатнім дзяўчатам раіла выключаць мозг. Толькі ў судзе было крыўдна за неапраўданую злосць амапаўца: нібыта я вінаватая ў тым, што відэа з затрыманнем разышлося ў інтэрнэце, у «Карніках». І нібыта пасля гэтага яму пачалі пагражаць. Тое, што ён стаў знакаміты — дакладна не мая віна».

З такім апошнім словам Наталля выступіла на судзе: «Высокі суд, я прызнаю, што ўкусіла пацярпелага, але вельмі прашу прыняць да ўвагі той факт, што зрабіла гэта ненаўмысна, у стане стрэсу і афекту, пра што сведчыць, у тым ліку, адвольнае мочапусканне. У сілу чаго я не магла выразна ўсведамляць што адбываецца. Таксама прашу прыняць пад увагу, што я не маю ніякіх адносін да фактаў пагроз пацярпеламу. Я не напісала ніводнага слова пра гэта ў інтэрнэце, не дала ніводнага каментара медыя, нічога не напісала ні ў чатах, ні ў телеграм-каналах, ні ў каментарах да чаго-небудзь. Я раскайваюся ў тым, што адбылося. Я гатова панесці пакаранне. Я вельмі спадзяюся, што гэта пакаранне будзе сувымерна правіне. Дзякуй, што выслухалі мяне».

«Графік СІЗА і калоніі не напужаў: я з дзяцінства падымалася а 6 раніцы»

Месяц зняволення Наталля прабыла ў Жодзіне, пасля 4,5 месяцаў — у СІЗА на Валадарцы, а рэшту — у гомельскай папраўчай калоніі №4.

«Калі на Валадарцы ў камеры мы былі як сям’я, то ў калоніі — проста суседкі па памяшканні», — тлумачыць розніцу дзяўчына.

За месяцы ў СІЗА яна паспела пажыць побач з палітзняволенымі Наталляй Хершэ, Алінай Войцех, Стасяй Міронцавай, Аляксандрай Патрасаевай, Марыяй Бабовіч, Юліяй Слуцкай, Марыяй Несцеравай. Перасякалася яна таксама са студэнткамі Касяй Будзько, Машай Каленік і Асяй Булыбенка. Дзень у Жодзіне правяла з Вольгай Класкоўскай. 

«Дзякуй маім сукамерніцам за тое, што шпацыры ў нас былі амаль штодня (бо калі не ідзе нехта адзін, не выводзяць нікога). А дзякуючы Наталлі Хершэ, мы гулялі менавіта ў вялікім дворыку. Хаця ў нейкі момант нам прычынілі рашотку, якая стварала натуральную вентыляцыю, і ў самой камеры дыхаць стала цяжка», — расказвае Наталля.

На Валадарцы дзяўчаты амаль пастаянна малявалі, чыталі. Наталля замаўляла з бібліятэкі сабе Каэльё, у кнігах якога знайшла многа блізкіх думак. Таксама ў СІЗА нейкі час даходзіла газета «Новы час», адкуль можна было даведацца навіны. Упершыню за апошнія 10 гадоў жыцця Наталля пачала глядзець тэлебачанне. Тое, што чулі ў навінах, «перакладалі» на свой лад, расшыфроўваючы, што сапраўды адбываецца ў краіне. Праўда, тэлевізар часам забіралі: напрыклад, калі Наталля Хершэ аб'явіла галадоўку (пасля таго, як ёй перасталі перадаваць лісты). Праз час яго, праўда, вярталі.

Амаль увесь час у няволі Наталля праводзіла ў сваёй любімай фіялетавай піжаме, якую паспела пакласці ў трывожную сумку перад тым, як яе забралі. Разам з гэтай чырвонай курткай яна грэла дзяўчыну і калі адключылі ацяпленне, і на марозных шпацырах.

Амаль увесь час у няволі Наталля праводзіла ў сваёй любімай фіялетавай піжаме, якую паспела пакласці ў трывожную сумку перад тым, як яе забралі. Разам з гэтай чырвонай курткай яна грэла дзяўчыну і калі адключылі ацяпленне, і на марозных шпацырах.

Цёпла Наталля згадвае тое, як яны святкавалі Новы год: 

«На адзін дзень у камеры нам дазволілі павесіць сняжынкі: іх выразалі з паперы нажніцамі, якія можна замовіць у супрацоўнікаў, каб пастрыгчы пазногці. У нас да свята былі масла, згушчонка і бісквітныя каржы — зрабілі торт. Думалі, што адбой будзе па традыцыі ў 22.00, таму прыйшлося адзначыць Новы год у 21.00. Але заснуў пасля мала хто: у поўнач мы слухалі званы з касцёла побач. Увогуле, дзякуй касцёлу за ўсе тыя званы, што мы чулі».

У душ жанчын вадзілі раз на тыдзень на 15 хвілін, для Наталлі такіх мінімальных гігіенічных працэдур было дастаткова. Хварэла яна толькі адзін раз, застудзіўшыся ў Жодзіне: там амаль ніколі не зачынялі акно, бо ўся камера, акрамя Наталлі і яшчэ пары чалавек, паліла кожную гадзіну.

«Я прызвычаілася да ўсяго за жыццё. Я не дзяўчынка-дзяўчынка, якія бываюць, ведаеце. Тата памёр, калі мне было шэсць гадоў, таму мне рана прыйшлося дапамагаць маці па гаспадарцы. І калі ў звычайных дзяцей былі выходныя — я працавала, падымаючыся а шостай раніцы. Так што графік СІЗА, а пасля і калоніі мяне асабліва не напужалі».

«Мая брыгада мусіла шыць міліцэйскія штаны»

На Валадарцы Наталлю паставілі на прафілактычны ўлік як схільную да захопу закладнікаў і адміністрацыі. Гэта накладвала абавязак пастаянна перасоўвацца ў кайданках. У Гомелі да гэтага дадалася фармулёўка «схільная да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасці» і жоўтая бірка на форме, якая ўказвала на гэта.

«У калоніі ўсе асуджаныя прызвычаіліся, што з біркамі ходзяць або схільныя да суіцыдаў, або асобы са зменшанай адэкватнасцю (асуджаныя па артыкуле 106 КК). Жанчыны з майго атрада №15, калі прыгледзеліся да мяне, пыталіся: ты ж адэкватная, здаецца, чаму на табе бірка? Я жартавала, што гэта ў мяне такі артыкул — «усё ўключана».

І тлумачыла, што за ён, бо мала хто пра яго ведаў. У калоніі сядзелі ў асноўным за махлярства, забойствы, наркотыкі». 

Свой пераезд у калонію Наталля згадвае як адзін з самых шчаслівых момантаў. Яна ўпершыню за доўгі час магла бачыць неба і сонца без рашотак:

«Па прыездзе мяне на два тыдні ізалявалі ў каранцінным памяшканні. І перад сном я пастаянна глядзела ў акно, разглядаючы неба і зоркі, месяц. Пакуль не засынала. Гэта была сапраўдная асалода».

Пасля вызвалення Наталля максімум часу бавіць на прыродзе, у парках. «А яшчэ ў турме я кожны дзень згадвала сваё спальнае месца. Памятаю, як яшчэ пасля вяртання з сутак не магла нарадавацца, што, нарэшце, сплю ў сваім ложку. І цяпер адбываецца тое самае», — дадае суразмоўца.

Пасля вызвалення Наталля максімум часу бавіць на прыродзе, у парках. «А яшчэ ў турме я кожны дзень згадвала сваё спальнае месца. Памятаю, як яшчэ пасля вяртання з сутак не магла нарадавацца, што, нарэшце, сплю ў сваім ложку. І цяпер адбываецца тое самае», — дадае суразмоўца.

Памяшканні ў калоніі Наталля параўноўвае з пакоямі ў піянерскіх лагерах. Называюцца яны секцыямі. Секцыя Наталлі была разлічаная на 16 чалавек (але бываюць і на 30). У іх жанчыны праводзілі час толькі ноччу, бо з 7.00 да 22.00 былі занятыя працай і іншымі ўнутранымі абавязкамі.

«А шостай гадзіне ў нас быў пад’ём, у 6.20 сняданак, а ў 7 ужо праверка і пастраенне на працу на так званую фабрыку. Я мусіла правесці ў калоніі ўсяго пару месяцаў, таму сур’ёзнай працы мне на фабрыцы не далі — няма сэнсу ўводзіць мяне ў складаны тэхнічны працэс, калі я хутка з’еду. Мяне паставілі на абразанне нітак. Самае смешнае, што брыгада, дзе я працавала, шыла міліцэйскія штаны. Здавалася, нехта вырашыў пажартаваць, улічваючы мой артыкул», — пасміхаецца Наталля.

За абразанне нітак Наталля нават атрымлівала грошы — 1-2 рублі на месяц. Акрамя асноўных абавязкаў, часам дадаваліся іншыя: напрыклад, разгрузіць прадукты для кухні, дапамагчы пачысціць гародніну, насыпаць на тэрыторыі пясок, прыбраць з асфальту лужыны. Дзяжурныя таксама мусілі мыць лесвіцы і санвузлы.

«Той жа пясок было цягаць досыць складана, але я прасіла любую працу, бо час з ёй ляцеў хутчэй. Ну і гэта хоць нейкая фізічная нагрузка», — кажа Наталля.

«Па ўнутраных правілах вучаць быць нелюдзямі»

Канфліктаў з суседкамі ў дзяўчыны амаль не было. Хаця пару разоў яе даводзілі да слёз.

«Калі засяляешся ўсяго на пару месяцаў, то ты амаль ніхто для так званых «дальнабояў», якім сядзець 10 гадоў і больш. Са сваімі правіламі і заўвагамі да іх ісці бессэнсоўна, нешта даказваць. А калі я не магла абмеркаваць канфлікт, пакрычаць ці проста пабыць, нарэшце, адна, сам-насам з сабой, то мяне адразу кідала ў слёзы.

Паступова я навучылася ні на што не звяртаць увагі. І калі нікому нічога дрэннага не рабіць, не казаць, то з усімі жыць можна. Паўсюль жа людзі, хоць па ўнутраных правілах там і вучаць быць нелюдзямі: напрыклад, нельга ні з кім збліжацца, сябраваць, дапамагаць і дарыць іншым свае рэчы».

З такімі правіламі ніяк не вязалася любоў Наталлі да смеху. Суразмоўца кажа, што прызвычаілася ў дыялогах з людзьмі заўсёды пасміхацца, а гэта ўсіх бянтэжыла — як суседак, так і супрацоўнікаў калоніі.

«Мне ўвесь час за гэта рабілі заўвагі, думаючы, што нешта не так, калі я смяюся. Але знаходзіліся тыя, хто адклікаўся на ўсмешку пазітывам. І я вельмі ўдзячная супрацоўнікам, якія нават на пытанні маглі адказаць нам ветліва, па-чалавечы. Такія дробязі за кратамі вельмі каштоўныя. Не ведаю, канечне, чаму добрыя людзі працягваюць працаваць у гэтай сістэме».

«Зразумела, што вярнуся дадому, а там не будзе ні брата, ні сабакі»

На Валадарцы Наталля атрымлівала лісты толькі ад маці. У Гомель ёй ужо пачалі даходзіць і ад чужых людзей (праўда, няшмат — агулам каля 20 амаль за тры месяцы). Дзяўчына ведае, што аддалі ёй не ўсё: напрыклад, не перадалі ліст, дзе было напісана, колькі прысудзілі брату.

«У любым выпадку на выхадзе ў мяне і ўсё гэта забралі. Мяне і яшчэ дзвюх жанчын выпусцілі вельмі рана — а шостай раніцы. Ішоў моцны дождж, мы ў сланцах. Маці павінна была прыехаць толькі бліжэй да 11-й. Каб не стаяць каля калоніі, паехалі на вакзал на тралейбусе: я адразу злавіла флэшбэкі з майго апошняга катання ў гэтым транспарце ў Мінску. На вакзале некалькі чалавек адмовілі мне ў просьбе пазваніць. Тады я села і пачала перабіраць свае рэчы. І толькі там убачыла, што ў мяне забралі маё ліставанне. Нават выдралі са сшыткаў вялікую частку выпісаных цытат з кніжак, каляндарык з датамі, калі я пісала маці і калі яна мне. Я расстроілася і расплакалася. Пасля мне ўсё ж даў пазваніць адзін хлопец, я патэліла маці.

Першым чынам спытала ў маці, як мой сабака. Высветлілася, што ён памёр яшчэ ў лютым, перад маім судом, проста мне не расказвалі. Я зразумела, што вярнуся дадому, а там не будзе ні брата, ні сабакі. А гэта мае галоўныя сябры і абаронцы. Вяртанне было цяжкім… Хаця маці сустрэла мяне з катлетамі і блінчыкамі — я марыла пра іх увесь час!»

Наталля адзначае, што калонія, як гэта ні дзіўна, зрабіла яе спакайнейшай і менш эмацыйнай. Рэчы, якія раней выбівалі з раўнавагі за секунду, цяпер зрабіліся звычайнымі:

«Крычаць цяпер, здаецца, я ўвогуле няздольная. Нібыта ўсё, што можна было, я пракрычала ў сябе. А яшчэ раней мне было вельмі некамфортна знаходзіцца сярод вялікай колькасці людзей, цяпер і гэта пад сілу». 

Па адукацыі Наталля — інжынер-праграміст. Апошнім часам яна працавала на дзяржпрадпрыемстве. Цяпер думае над тым, каб зноў уладкавацца па спецыяльнасці. Галоўнае — не ў дзяржаўную ўстанову.

«На дзяржаўным прадпрыемстве я ўбачыла, як людзі робяць выгляд працы і выконваюць яе на адчапіся. Галоўны дэвіз: як ёсць, так ёсць. Мне такое не зразумела. Калі б кожны выконваў свае абавязкі як мае быць, у краіне ўсё магло быць інакш, мне здаецца. Тое ж правасуддзе, магчыма, аднавілася б, каб людзі сумленна выконвалі сваю працу. Вельмі хочацца, каб правасуддзе ў краіну вярнулася, бо ад гэтага пакутуе шмат людзей, не толькі «палітычных»».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?