Сустаршыні Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін (ПКБ) і Анатоль Ляўковіч (БСДГ) узялі ўдзел у працы трэцяга Міжнароднага Сацыялістычнага Форуму і чацвёртага з’езду Партыі «Справядлівая Расія», якія праходзілі ў Маскве 24‑25 чэрвеня.
Сяргей Калякін удзельнічаў ва ўсіх трох падобных мерапрыемствах. Па прыездзе з расійскай сталіцы лідэр ПКБ падзяліўся ўражаннямі з карэспандэнтам «Нашай Нівы».

«Вельмі прадстаўнічы форум. У ім узялі ўдзел дэлегаты з 23 краін. Размаўлялі пра стратэгію пераадолення сусветнага эканамічнага крызісу з пункту гледжання сацыялізму. У Маскве быў генеральны сакратар Сацыялістычнага Інтэрнацыянала Луіс Аяла, былі прадстаўнікі камуністычных партый з Кітаю, В’етнаму, сацыялісты з еўрапейскіх краін», — кажа С.Калякін.

Цікаўлюся, ці атрымалася сустрэцца з лідэрам «Справядлівай Расіі» Сяргеем Міронавым.

«Былі пратакольныя сустрэчы, але паразмаўляць, скажам, пра гандлёвыя войны, натуральна, не атрымалася. Тым не менш, атрымалася грунтоўна пагутарыць з дарадцам Міронава Аляксандрам Падлесавым.
Былі іншыя двухбаковыя сустрэчы. Паездка атрымалася досыць плённай», — гаворыць лідэр апазіцыйных камуністаў.

У Маскве Сяргей Калякін быў не як прыватная асоба, а прадстаўляў партыю. Дык ці разглядае ПКБ «Справядлівую Расію», як свайго галоўнага стратэгічнага партнёра на ўсходзе?

«Я б так не гаварыў.

З «Справядлівай Расіяй» можна весці дыялог. Хоць нам шмат што і не падабаецца ў іхняй пазіцыі. Напрыклад, тое, што партыя выступае за «кіруемую дэмакратыю», што была створаная зверху. Не так шмат увагі яны надзяляюць і беларускаму пытанню. Я б сказаў інакш, партыя Міронава — наш адзіны партнёр у Расіі, бо іншых папросту няма», — падсумоўвае С.Калякін.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?