Аказалася, аўтар калючага дроту — расійскі вулічны мастак Слава ПТРК. І цяпер ён праводзіць аўкцыён у падтрымку сем'яў беларускіх палітвязняў.

Слава вядомы смелым стрыт-артам на сацыяльныя і палітычныя тэмы. Напрыклад, працай «Зусім побач» (у суаўтарстве са скульптарам Сяргеем Каравым) — каналізацыйная рашотка насупраць Крамля з рукамі, што трымаюцца за пруты з унутранага боку. 

Афіцыйны мурал пра сяброўства Мінска і Масквы замаўлялі ў расійскага мастака Артура Кашака, таму пра яго ведалі не толькі ў беларускай арт-тусоўцы. Дэталі дапрацоўкі выявы Слава не раскрывае. Калі коратка, то арэндавалі аўтавышку і дамалявалі.

«Я рады, што нам удалося тады гэта зрабіць. Вынік таго быў варты. Было крыху страшна, канечне. Дурань той, хто не баіцца, баязлівец той, каго страх спыняе», — жартуе Слава.

У Беларусь ён прыязджаў аднойчы — у сталіцу, але спадзяецца, што ўдасца пабываць яшчэ.

Днямі мастак выставіў на аўкцыён фотапрынт таго мурала з калючым дротам. Сабраныя грошы ён плануе перадаць сем'ям беларускіх палітвязняў. Кажа, што чуў шмат гісторый пра рэпрэсіі ў нашай краіне.

«Я, на жаль, не выключаюся з інфармацыйнай прасторы і назапашваю ўсю гэту негатыўную інфармацыю ў сабе — і па Расіі, і па Беларусі. Я не аддзяляю тое, што адбываецца ў вас, ад таго, што ў нас. Таксама як і ва Украіне. Гэта ўсё вельмі жыва і балюча перажываецца мной, быццам адбываецца за акном. Я зычу толькі міру і дабра народу Беларусі. Хочацца, каб у вас усё атрымалася. Можа, тады рана ці позна і ў нас атрымаецца. Многія ў Расіі ўспрымаюць Беларусь як ролевую мадэль. Мы нібыта паўтараем за вамі», — тлумачыць хлопец.

Стартавая цана за фотапрынт — 1000 расійскіх рублёў (35 беларускіх). Цяпер самая высокая стаўка — крыху больш за 760 беларускіх рублёў. Аўкцыён працягнецца да 7 чэрвеня.

Чытайце таксама:

Хлопчык-беларус дорыць кветкі рускай дзяўчынцы: у Мінску пачалі маляваць гіганцкае графіці

Невядомыя дамалявалі калючы дрот на графіці аб сяброўстве Мінска і Масквы

СК праводзіць праверку па факце самавольнай дамалёўкі графіці па вуліцы Магілёўскай

Улады сцвярджаюць, што знайшлі мастака, які намаляваў калючы дрот на графіці «Мінск-Масква»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0