У апошнія гады ў летні час у Беларусі назіраюцца праявы трапічнага клімату: высокія тэмпература і вільготнасць паветра.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 30 чэрвеня паведаміў акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Логінаў.

«Як правіла, для беларускага лета больш характэрнае такое надвор’е, калі цёпла і суха, але бываюць гады, калі летам цёпла і вільготна, як у тропіках, і апошнім часам такія гады паўтараюцца ўсё часцей. Гэта сапраўды феномен,

— зазначыў акадэмік. — Гэта адбываецца з‑за ўварвання трапічнага паветра, гэта ўсё цыркуляцыя атмасферы. У гэты час якраз шмат шквалаў і экстрэмальных, стыхійных метэаралагічных з’яў».

Нядаўнія праліўныя дажджы спецыялісты не звязваюць з глабальнымі кліматычнымі зменамі. «Сёлета ў чэрвені ў Мінску выпала 187 мм ападкаў, гэта сапраўды шмат, — сказаў намеснік начальніка Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Віктар Мельнік. — Але максімальная іх колькасць — 237 мм — была зафіксавана ў 1903 годзе. Кліматычныя сюрпрызы былі заўсёды, проста не ўсё здаралася на нашай памяці».

Казаць пра рост колькасці кліматычных анамалій у Беларусі ў сувязі з глабальным пацяпленнем нельга, лічыць Логінаў.

«Калі браць такія стыхійныя з’явы, як шквалы, засухі, замаразкі, то іх колькасць сапраўды ўзрастае. Аднак колькасць іншых з’яў — такіх як туманы, мяцеліцы, шэрань — у параўнанні з 1970‑мі гадамі значна ўпала, — зазначыў ён. — Калі казаць у цэлым аб усіх экстрэмальных з’явах, то паўтаральнасць адных сапраўды некалькі павялічваецца, колькасць іншых падае».

Што тычыцца тэмпературных зменаў, то, паводле слоў спецыялістаў, глабальнае пацяпленне адбілася ў першую чаргу на сярэдняй тэмпературы студзеня, лютага і сакавіка. За кошт зімовых месяцаў за 20 гадоў сярэднегадавая тэмпература ў Беларусі ўзрасла на 1,1°C, а тэмпература студзеня за апошнія гады ўзнялася на 3°C.

«Пачынаючы з 1989 года, толькі ў 1996‑м у нашай краіне была па‑сапраўднаму халодная зіма, — сказаў Мельнік.
— З года ў год мы адзначаем тэндэнцыю да цёплых мяккіх зімаў. Зыходзячы са статыстыкі апошніх 20 гадоў, я сцвярджаю, што зіма і сёлета будзе цёплай».

Глабальнае пацяпленне ўплывае таксама на летнія месяцы — праўда, толькі на другую палову гэтага сезона. За апошнія гады ў гэты час у Беларусі павялічылася і тэмпература, і верагоднасць засух.

Мельнік зазначыў, што за апошнія 20 гадоў кліматычныя зоны зрушыліся з поўдня на поўнач прыкладна на 100 кіламетраў.
Гэта, паводле слоў спецыяліста, унесла станоўчыя змены ў сельскую гаспадарку Віцебскай вобласці і поўначы Мінскай, для поўдня Беларусі такія змены могуць выклікаць засухі.

Паводле аднаго з прагнозаў, у найбліжэйшае стагоддзе сярэдняя глабальная тэмпература павялічыцца на 2‑3°C, у Беларусі павелічэнне тэмпературы будзе яшчэ вышэйшым, і тэрыторыя дзяржавы апынецца ў поясе сённяшняй Кіеўскай вобласці.

«Мы падкрэсліваем, што гэта пакуль толькі сцэнарый, нават не прагноз», — зазначыў Логінаў.

Адэля Дубавец, БелаПАН

 Праз 25 гадоў - на возеры Нарач. Домікі - бунгала для турыстаў.

Праз 25 гадоў - на возеры Нарач. Домікі - бунгала для турыстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0