Журналістка парталу Tut.by Кацярына Барысевіч выйшла на волю праз паўгода зняволення. Фота: Белсат

Журналістка парталу Tut.by Кацярына Барысевіч выйшла на волю праз паўгода зняволення. Фота: Белсат

«Не магу ўсвядоміць, што я насамрэч на волі»

Мы сустрэліся з Кацярынай ў адным з яе ўлюбёных месцаў у Мінску — Батанічным садзе. Напачатку лета там шмат кветак, якія вельмі любіць журналістка, таму і вырашылі размову спалучыць з любаваннем на квітнеючы бэз. У суботу апоўдні ў Батанічным садзе шматлюдна. Гутарым, пакуль стаім у чарзе па квіткі.

— Дагэтуль не магу паверыць, што ўсё навокал адбываецца насамрэч, — кажа Кацярына. — Адчуванне нерэальнасці. Не магу ўсвядоміць, што можна свабодна гуляць па горадзе, ніхто табе не загадае стаць тварам да сцяны, трымаць рукі за спіной. Я абыйшла ўжо, напэўна, увесь Менск за гэтыя два тыдні — не магу надыхацца свежым паветрам, адагрэцца ў сонечных прамянях.

— А дзе ты гуляеш? Як увогуле цяпер, на волі, выглядае твой дзень?

— Я ўстаю даволі рана, а 7-8 раніцы і хутка выходжу на вуліцу. Не магу доўга знаходзіцца ў замкнёнай прасторы. Я люблю сваю кватэру, але цяпер цягну ўсіх на вуліцу, у паркі. З дачкой штодня гуляем. Абыйшлі ўжо, хіба, усе менскія дворыкі. Амаль штодня — Батанічны сад, Асмалоўка. Сустракаюся з сябрамі. Для мяне важна асабіста пабачыцца з тымі, хто падтрымліваў мяне. Я разумею, што не толькі я гэтыя паўгады праходзіла па этапу — са мной ішлі таксама мая сям’я, калегі, сябры. Мы сустракаемся і кранаем адзін аднаго, нібы не верым — мы сапраўдныя, мы зноў разам. Я цяпер ведаю, што ўсё можа змяніцца ў адно імгненне, таму імкнуся атрымаць максімальнае задавальненне ад маёй штодзённасці.

«Трэба было сесці ў турму, каб стаць вядомай»

— Прабачце, мы хацелі сказаць — вы такая малайчына, мы былі за вас, — раптам звяртаюцца да Кацярыны жанчыны, якія стаяць у чарзе за намі. Каця ўсміхаецца, дзякуе і распавядае, што куды б яна цяпер не выйшла, яе паўсюль пазнаюць, і гэта для яе — адно з самых нязвыклых уражанняў пасля вызвалення.

Мы пераканаліся ў «зорнасці» Кацярыны падчас шпацыру — людзі падыходзілі, дзякавалі, ці проста ўсміхаліся, ідучы насустрач, віталіся.

— Прыходзіш у кавярню — там пазнаюць, у краме — падыходзяць. Я кажу калегам — што вы нарабілі, мне цяпер заўсёды трэба быць прыгожай, у ладных сукенках, — смяецца Кацярына. — Гэта ўсё вельмі незвычайна. Трэба было сесці ў турму, каб пра цябе даведаліся. Людзі дзякуюць у асноўным, большасць плача, нехта хоча абняцца. Я нават уявіць сабе не магла, што ў мяне будзе такая каласальная падтрымка.

— За цябе сапраўды шмат хто перажываў увесь гэты час. Ці адчувала ты гэтую падтрымку за кратамі?

— Я атрымала каля 700—800 лістоў. Уяўляю, колькі яшчэ не дайшло. Я складвала іх у вялікую клетчатую сумку. У Магілёве правяраючая адкрыла гэтую сумку і кажа — упершыню бачу столькі лістоў. Сукамернікі і персанал пыталіся — гэта ж цяжка, навошта ты возіш іх за сабой? Але ж гэта ўсё маё жыццё там. Толькі дзякуючы гэтым лістам можна было памятаць, што ўсё часова, і існуе нармальнае жыццё, куды ты туды вернешся — няхай праз год, два ці тры.

Незнаёмыя людзі, якія сустракаюць Кацярыну, вітаюцца і дзякуюць за працу, некаторыя нават абдымаюць. Фота: АК / Белсат

Незнаёмыя людзі, якія сустракаюць Кацярыну, вітаюцца і дзякуюць за працу, некаторыя нават абдымаюць. Фота: АК / Белсат

Я сартавала лісты — дзе ад сяброў, дзе ад незнаёмых, пазначала, на якія адказала. У Вольгі Філатчанкавай, выкладчыцы дыскрэтнай матэматыкі з БДУіРа, увогуле быў свой улік у адмысловым сшытку — калі ліст быў адпраўлены, калі дайшоў. Вольга, дарэчы, памер нашай камеры змерыла сшыткам — атрымалася 1,8 квадратных метра на чалавека. Вось так мы бавілі час.

Я не выкінула ніводнага ліста, усе прывезла з сабой у Менск. Мне пісалі розныя людзі, пыталіся, як дапамагчы. Я адказвала — вы толькі пішыце, гэта асноўная дапамога.

«Напішу цэнзару, каб не прапускаў сумныя лісты»

— Чым дапамагаюць лісты?

— Без перадачы ты можаш пражыць на ўсім казённым, а без лістоў — вельмі цяжка. Усе штодня чакалі лістоў, не мела значэння, у якім узросце. Я бачыла, як жанчына 67 гадоў плача, бо ёй не пішуць.

Усе глядзелі з надзеяй на «кармушку», што яна адкрыецца, і прынясуць пошту. Тым, каму ніхто не пісаў, мы самі рабілі паштоўкі на святы. Так, ты разумееш, што гэта прыйшло не па пошце, а ад сукамернікаў, але хоць нешта. Без лістоў там можна вельмі хутка «скіснуць». У цябе адразу адчуванне, што ты нікому не патрэбны, цябе ніхто не чакае, не любіць. Мы не ведалі, як перажыць калядныя святы, для вязня ў турме — гэта трагедыя, бо ў цэнзара — выходныя, лісты не ходзяць. Ці калі перавозяць па этапе, таксама тыдні два трэба чакаць лістоў. Я тады даставала старыя паштоўкі, тэлеграмы, перачытвала іх, зараджалася эмоцыямі, радасцю. Таму пішыце лісты, тэлеграмы — яны хутка ідуць. І няхай там пара сказаў, але яны пераварочваюць увесь дзень вязня.

Цяпер я штодня, калі выходжу з дому, бяру з сабой стопку паштовак. Калі, напрыклад, недзе чакаю сяброў, падпісваю іх і адпраўляю. У мяне, нажаль, цяпер шмат людзей, каму трэба пісаць туды.

— Пра што хацелася чытаць у лістах і што ты сама пісала, пішаш цяпер за краты?

— Я старалася сама не гараваць у лістах і адпаведна, хацела атрымліваць вясёлыя, цёплыя гісторыі. Не трэба слёз, роспачы. Я прасіла адваката перадаваць, што я забараняю гараваць. Казала — цэнзару напішу, каб да мяне не прапускалі сумныя лісты. Часам чытаеш — у нас дрэннае надвор’е і т.п. На такое хацелася адказваць — у нашых апартаментах ёсць адно вольнае месца, заязджайце, і ў вас за тыдзень усё зменіцца, і любое надвор’е будзе цудоўным. Мы ў дождж і ў -25 танчылі. У нас не было дрэннага надвор’я.

Я прасіла сяброў — схадзі ў маю ўлюбёную кавярню, вазьмі каву навынас, ідзі вось такім маршрутам і апісвай мне ўсё, што бачыш, з кім сустракаешся. Ці на Камароўку, паглядзі, што там прадаецца, які кірмаш на Божае нараджэнне. Там хочацца разумець, што жыццё ідзе, яно не спынілася, і я радавалася, калі чытала, што нехта закахаўся, ці чакае дзіця.

Людзям чамусьці здаецца, што калі напісаць нешта добрае, то вязняў гэта будзе прыгнятаць. Але ўсё наадварот.

З гэтай жа прычыны я не чытала навіны пра суды, пра тое, як у нас усё дрэнна. Калі мы сядзелі з Кацяй Андрэевай, яна нават «СБ» чытала. А для мяне былі галоўнымі навіны з дому. Я рабіла стаўку на сябе, мне трэба было захаваць сваё псіхічнае і фізічнае здароўе.

Жыццё за кратамі: танцы, спевы, размовы на розных мовах, паштоўкі з кветкамі

— Распавядзі пра Кацярыну Андрэеву, а таксама іншых палітвязняў, з якімі давялося сустрэцца.

— Кацю Андрэеву да нас на Валадарку падсялілі ў лютым. Мы правялі разам два месяцы. Каця чытала Даўлатава. Я таксама яго люблю, таму нам было што абмеркаваць. Каця далучылася да нашага танцавальнага гуртка. Мы ўсе вельмі спадзяваліся, што пасля суда яна пойдзе дамоў. А калі вярнулася ў камеру, мы зразумелі, што гэта быў прысуд нам усім. Засмуціліся моцна. Але хутка вырашылі, што будзем жыць, нягледзячы ні на што — смяяцца, чытаць кнігі, ставіць сцэнкі, быць шчаслівымі. З Кацяй мы яшчэ да прысуду пралічылі ўсе сцэнары, якія могуць быць, калі мы сядзем на тры гады, два, адзін — як хутка можна чакаць замены рэжыму, УДВ. Калі перад вачыма ёсць лічбы, лягчэй.

Ала Шарко з «Прэс-клубу» з намі сядзела. Яна выдатна малюе — бярэ каляровыя алоўкі і стварае шэдэўры. Яна малявала для мяне паштоўкі з кветкамі, а я адпраўляла іх сабе дамоў. Цяпер у мяне калекцыя паштовак ад Алы Шарко.

У Жодзіне я сустрэлася з Соф’яй Малашэвіч. Мяне ўразіла, як яна дасканала валодае французскай і якія добрыя вершы піша. У красавіку на адзін дзень да нас падсялілі Дар’ю Чульцову. У яе гэтак жа, як і ў нас з Соф’яй, была карычневая картка — экстрэмісцкі ўлік. Відаць, персанал падумаў, што тры экстрэмісты на адну камеру — гэта занадта, і праз дзень Дашу забралі. Даша добра трымалася, чытала Алексіевіч.

— А што вы танчылі ў вашым гуртку?

— Ірландскі вальс, Лявоніху. Агулам вывучылі 35 танцаў — нас Воля Філатчанкава вучыла. Напэўна, дзіўна выглядала — танцы ў СІЗА. Але гэта дапамагала нам захаваць добрую фізічную і псіхалагічную форму. А яшчэ ў нас было шэсць моў у камеры — ангельская, нямецкая, гішпанская, французская, грузінская, нейкая яшчэ. Мы ўяўлялі, што сабраліся ў хостэле ў Лацінскай Амерыцы і распавядаем гісторыі на розных мовах. «Непалітычныя» на Валадарцы таксама былі вельмі цікавымі — адна з дзяўчын спявала так, што нам пляскалі іншыя камеры. У нас была вельмі дружная камера. Мне нават шкада было яе пакідаць, калі 22 сакавіка мяне павезлі ў Жодзіна.

Творчасць, цікавыя размовы ратавалі. Яшчэ калі я працавала, пісала пра суды, крымінал, потым мне хацелася засяродзіцца на нечым прыгожым. Я знаходзіла гэта ў кветках. Гэтак жа і за кратамі. На Валадарцы ў мяне была папка «Прыгажосць і натхненне». Яна нагадвала мне, што было жыццё да, і будзе яшчэ пасля. Можна, канешне, біцца галавой аб сцяну. Але можна і атрымліваць асалоду ад таго, што ў цябе ёсць. Памятаю, як у першыя дні ў СІЗА я пачула смех з камеры і вельмі здзівілася — тут можна смяяцца? Аказалася, што можна, і нават трэба, каб не зваліцца ў адчай.

«Дагэтуль цяжка ўзгадваць пра затрыманне і праходзіць каля Валадаркі»

— Што было самым цяжкім за гэтыя паўгода?

— Мне дагэтуль няпроста размаўляць і ўзгадваць пра затрыманне. Ты выходзіш у краму, а вяртаешся дамоў з чужымі людзьмі, і ўсё гэта адбываецца на вачах у дачкі. Я не чакала, што будзе крымінальная справа. Але мяне прывезлі ў Генеральную пракуратуру, потым у СІЗА КДБ, тады ўсё стала зразумела, што я прысела, і не на адзін месяц.

Мне дагэтуль цяжка падыйсці да Валадаркі, нават каб аднесці перадачу сябрам. Я абыходжу гэтае месца. Калі едзем на машыне, прашу — толькі не гэтай дарогай.

Я цяжка перажывала, што дачка засталася без мамы, нават на паўгода. Гэта быў мой самы вялізны боль. Яна была без мяне на Новы год, на дзень народзінаў. Я шкадавала, што не магу яе абняць, дакрануцца да яе. Мы ж вельмі блізкія з Дашай, нам цікава разам. Мы шмат вандруем. Я паказала ёй Італію, улюбіла яе ў гэтую краіну.

— Ты была ў некалькіх СІЗА — КДБ, Валадарка, Жодзіна, Магілёў. Потым калонія. Што было з побытавымі ўмовамі?

— Хіба што найлепш было ў Магілёве. Там новая камера з драўляным п’едэсталам. Цёпла. Зручныя ложкі. Чыстая пасцель. Паліцы для рэчаў, чаго нідзе больш не было. Добрае харчаванне. Дворыкі для шпацыраў чыстыя, пафарбаваныя ў белы колер. І туды заўсёды трапляла сонца. Важна, каб быў ізаляваны туалет, і каб гэта быў унітаз, а не вядро. У Жодзіне была вельмі нізкая агароджа. Гэта вельмі некамфортна. Але калі побач блізкія па духу людзі, на побытавыя дробязі не звяртаеш увагі. У гэтым сэнсе найлепш было ў СІЗА КДБ і на Валадарцы. А ў Жодзіне ўжо быў іншы кантынгент — там сядзелі за крадзяжы, цяжкія цялесныя, аліменты.

«Асуджаныя за забойства едуць вольна, а я — адзіная на 20 чалавек у кайданках»

— Як выглядаў дзень за кратамі?

— Мы ўставалі каля 6 раніцы (у Жодзіне нас гімн па радыё падымаў), у 7 — 7.20 — сняданак. Да 8 няма гарачай вады, а ўсім жа трэба памыцца, пачысціць зубы. Мы грэлі ваду ў вядзёрцы з-пад маянэза. А 8-й была праверка. Часам бываў «шмон» — тварам да сцяны ці з рэчамі на калідор, але гэта, на шчасце, рэдка здаралася. Потым пішаш лісты, размаўляеш, чытаеш кнігі, займаешся сваімі справамі. З 13 да 14 — абед. Пасля абеду наша камера замаўкала — мы дамовіліся, што гадзінку праводзім без размоваў, кожны сам з сабой. Потым вячэра. Дзень пралятаў незаўважна.

— А ў чым праяўляўся твой экстрэмісцкі ўлік?

— Са мной размаўляў псіхолаг, выхавацель. На камісіі мне далі карычневую картку. Штодня трэба было здаваць рапарт: Барысевіч Кацярына Анатольеўна, 1984 года нараджэння, асуджаная па ч.3 артыкула 178, састаю на прафілактычным уліку, як схільная да экстрэмісцкай дзейнасці, спальнае месца насупраць дзвярэй, верхні ярус.

Этап быў у кайданках, у мяне адзінай з 20 чалавек. Усе глядзелі на мяне — што ж за такая небяспечная злачынца. У мяне было тры сумкі. Я змагла ўзяць толькі адну, астатнія далі несці іншым вязням.

У аўтазаку мяне везлі ў «стакане». Потым перасадзілі ў так званы «сталыпін» — вагон, у якім этапуюць зняволеных, там хоць знялі кайданкі. Ехалі ўсю ноч. Маёй кампаніяй былі жанчыны, асуджаныя за забойства, дык яны дзівіліся і смяяліся, што яны свабодна едуць, а мяне ў кайданках водзяць. Я старалася пра гэта не думаць. У мяне была размалёўка з сабой, я малявала.

З Кацяй Андрэвай мы настройваліся, што калі будзем разам у Гомельскай калоніі, папросімся працаваць у дзіцячы садок. Але з нашым «экстрэмізмам» нас бы да дзяцей не пусцілі.

«Уяўляла, што прагулачны дворык СІЗА — гэта таямнічая пячора»

— У інтэрв’ю адразу пасля выхаду з калоніі ты казала, што і за кратамі можна адчуць сябе шчаслівай. Што там прыносіць шчасце?

— Лісты ад дачкі — калі бачыш почырк свайго дзіцяці, жарты, зразумелыя толькі нам. Маміны «рэпартажы» з сада — што цвіце, што расце, якая кветка перажыла зіму, якая — не. Шпацыры ў вялікім дворыку.

Неяк выпала шмат снегу — я ўяўляла, што я не ў дворыку СІЗА, а ў нейкая таямнічай пячоры. Мы танцавалі там шведскі вальс. На вуліцы было халодна, а ў сэрцы — цёпла. У камеру мы вярталіся шчаслівымі людзьмі.

Я, напэўна, выглядала як дзіця, бо вельмі радавалася сонцу, калі ў камеру залятаў «сонечны зайчык». На Валадарцы я бачыла яго толькі аднойчы. Там простыя рэчы адчуваюцца вастрэй. А на тэрыторыі калоніі я «заліпла» у цюльпанах. Я тады зразумела, што вясна прыйшла, я ўвесь час усміхалася. Бо нада мной не было больш неба ў клетачку. Галава круцілася ад паветра. Бачыць у вакне квітнеючую яблыню — таксама было шчасцем.

— Распавядзі, калі ласка, пра «непалітычных» сукамернікаў? Што гэта былі за людзі?

— Такі кантынгент быў у Жодзіне. Гэта ўжо не такія душэўныя размовы, як на Валадарцы, там я была больш адна, хоць, канешне, пачула шмат гісторый ад сукамерніц. Большасць іх трагедый была з-за алкаголю і нелюбві ў сям’і. Нават побач з забойцамі я не баялася за сваё жыццё. Гэта проста людзі, якія не бачылі любові ў жыцці. Яны думаюць, што нішто не даецца проста так, за ўсё трэба плаціць. На вачах яны змякчаліся, калі бачылі добрае стаўленне.

Самымі складанымі былі жанчыны, асуджаныя за нясплату аліментаў. Яны ўсе выбухныя, сварлівыя, пачыналі канфлікт на пустым месцы. Уся справа была ў сіндроме адмены, бо не было доступу да алкаголю, у іх было прымусовае лячэнне ад алкагалізму. На іхным фоне забойцы — спакойныя людзі.

«Ура! Свабода!»

— Не было думкі напісаць пра ўсё гэта кнігу?

— Думаю пра гэта. Там было шмат цікавых людзей. Шкада, што не было дыктафона. Я запісвала, што магла, у сшытак. Думаю, я дачакаюся, пакуль яны выйдуць, каб яшчэ іх паслухаць. Хочацца захаваць смак іхнай мовы. А гісторыі ўнікальныя.

Была адна даярка, якая сядзела за крадзеж. Яна ехала з глузду без працы. Увесь час пыталася ў супрацоўнікаў: родненькі, ці няма якой работы?

Мы з ёй разам чысцілі камеру, у якую заехалі пасля мужчын. Там плінтусы потым блішчэлі. У кожнай новай камеры мне здавалася, што я там не прыжывуся, бо былі і зусім жахлівыя ўмовы, вошы, але прызвычайвалася да ўсяго, наводзілі парадак. Яшчэ там можна было паліць. Яны і палілі з 6 раніцы да 10 вечара. Дыхаць не было чым. Мне, як чалавеку, які не паліць, было вельмі цяжка. Усю вопратку, якую я там насіла, выкінула.

— Што, на твой погляд, змянілася за паўгода тут, на волі?

— Я бачу дзве рэчаіснасці. Учора гуляла па Зыбіцкай. Лета, усе прыгожыя. Менск квітнее. А побач іншая рэчаіснасць — я штодня хаджу на пошту, каб адправіць ліст тым, хто за кратамі. Галоўнае, што тут для мяне змянілася — у лістападзе ў мяне не было ў турме столькі блізкіх людзей, як цяпер.

— Што плануеш далей рабіць?

Заняцца здароўем. У СІЗА ў мяне былі праблемы з вушамі, я спала толькі ў шапцы. Хачу праверыцца на ВІЧ і гепатыт. Там жа ўсё агульнае, рызыка паўсюль. Таксама планую дайсці да псіхолага. Але пакуль што праводжу час з сябрамі. Гэта цяпер мая аддушына.

Да канца лета хачу проста пабыць з дачкой, наразмаўляцца. Ездзіць у вёску. Нядаўна была там, ганяла на веліку, і крычала, раскінуўшы рукі — ура, свабода! Але нічога не загадваю. Бо ведаю, як усё можа змяніцца ў адно імгненне.

Якая галоўная выснова з перажытага? Я дагэтуль не разумею, навошта гэта ўсё са мной было. Пазнаць жыццё? Дык я і так яго ведала. Пераканацца, што ў мяне добрыя сябры? І ў гэтым я не сумнявалася. Магчыма, дзеля кнігі, каб распавесці гісторыі людзей, якіх я там сустрэла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?