Юлія Чарняўская. Фота з яе старонкі ў фэйсбуку

«Дарагія мае! Дыктую гэтыя словы майму адвакату, таму што сама пісаць я не маю ні права, ні магчымасці. Вы ведаеце, што я пад хатнім арыштам. Гэта здарылася 18 мая, назаўтра пасля гадавіны па Юру. Дзякуй богу, я паспела паставіць помнік і прынесці кветкі. На адкрыццё мемарыяльнай дошкі дзядулі 26 (маецца на ўвазе, 26 мая. — Заўв. Tut.by) я, вядома, не патрапіла. Цяпер, калі я амаль месяц у гэтай неабжытай кватэры, куды пераехала толькі за 6 дзён да арышту, я ўжо змагла ўсталяваць сабе нейкія правілы і распарадак дня.

Я шмат чытаю, гладжу сабаку, слухаю музыку і малюю. А яшчэ, нягледзячы на праблемы са здароўем, выходжваю ўсё больш крокаў па кватэры. Мне так шмат засталося ад Юры — і дыскі (хоць палову іх не бярэ музычны цэнтр, яны вельмі старыя), і сабака, падораны мне на дзень нараджэння ім жа. І нават норма крокаў, якой я заўсёды грэбавала, асабліва калі стала дрэнна са здароўем. І вось гэта яго крыло, якое ён так і не прыбраў з майго пляча, дае сілы жыць у гэтыя вельмі дзіўныя дні.

Я ніколі не думала, што Кафка — рэальнасць. Я разумею, што мне глыбока пашанцавала ў параўнанні з тымі, у каго арышты далёка не хатнія і ў сумленнасці каго я не сумнявалася. Я за іх малюся — гэта тое, што я магу рабіць.

Мне пашанцавала ў тым, што ў мяне ёсць сябры і вы, якія таксама сябры. Яшчэ мне пашанцавала з дрэвамі пад акном. На Нямізе я настолькі забылася пра шэлест дрэў, што тут мне спачатку здавалася, што пачынаецца дождж. Тут бываюць вельмі паўнакроўныя вясёлкі. І калі прыгледзецца, з майго акна відаць кола агляду. Як называлася адна старая карціна — «Усюды жыццё».

Мне вельмі дапамагаюць вестачкі ад вас. Мне вельмі пашанцавала з вамі. Жывіце радасна. Дзякуй вам, дарагія.

Люблю вас, нязменная ЮЧ.»

Нагадаем, раніцай 18 мая дадому да некаторых супрацоўнікаў Tut.by прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Сілавікі таксама прыйшлі ў офіс кампаніі Tut.by у будынку Omega Tower.

Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што ў дачыненні да службовых асоб Tut.by распачалі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). У 2019 годзе кампаніяй атрыманы статус рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій (ПВТ). Паводле Дэпартамента фінансавых расследаванняў, Tut.by атрымаў выручку, «не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ».

На сёння па справе Tut.by затрыманыя 15 нашых калегаў: Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Ірына Рыбалка, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандр Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Сяргей Павалішаў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка, Ірына Касцючэнка і Юлія Чарняўская.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?