У сярэднявечнай Японіі ўзнікла традыцыя харакіры, альбо сэпуку, — рытуальнага самазабойства. Каб прыцягнуць увагу ўладаў да нейкай сур’ёзнай праблемы, каб даказаць сваю невінаватасць, самураі ўспорвалі сабе жывот. Піша Святлана Калінкіна.

Лічылася, што лжывы чалавек не зможа пайсці на такую пакуту.

Неверагодна, але факт: сёння Беларусь нібы знаходзіцца ў азіяцкім сярэднявеччы. Няма надзеі на справядлівы суд, няма надзеі наогул на справядлівасць. І каб прыцягнуць увагу да гэтага, людзі ідуць на пакуты, рызыкуюць сабой.

Яны б’юцца ў сцяну. І хоць у большасці выпадкаў нічога не дабіваюцца, яны — героі. Героі адчаю.

…Мікалай Аўтуховіч ужо амаль не ходзіць, няма сіл. Ён галадае ў мінскім СІЗА з 16 красавіка, патрабуючы, каб ягоную справу альбо перадалі ў суд, альбо выпусцілі яго хаця б пад падпіску аб нявыездзе. Амаль 80 дзён гэты гераічны чалавек трымае галадоўку! «Такога не можа быць», — сцвярджаюць цынікі, намякаючы, што цішком, пад коўдрай, ён, напэўна, нешта тлушчыць, бо немагчыма ўявіць, што чалавек ужо трэці месяц не прымае ежу. І мне асабіста вельмі хацелася б, каб менавіта так і было, бо гэта б давала хаця б нейкую надзею, што

Аўтуховіч выжыве, не памрэ… Але надзеі няма. Згодна з існуючым правілам, калі арыштаваны галосна заяўляе пра галадоўку, то ежу яму не прыносяць, перадачы для его з волі не прымаюць — толькі ваду. Аўтуховіч жыве толькі дзякуючы намаганням урачоў і кропельніцам.
Але ўжо, кажуць, пасыпаліся зубы, абвастрыліся праблемы з падстраўнікавай залозай…

Страшна…

У чым абвінавачваюць Аўтуховіча? Цяжка разабрацца. Калі арыштоўвалі, то гаварылі пра падазрэнне ў датычнасці да мінулагодніх ліпеньскіх выбухаў у Мінску. Потым высветлілася, што ніякага дачынення да выбухаў ён мець не мог, і было выстаўлена абвінавачанне ў падпалах маёмасці мясцовых дзяржаўных чыноўнікаў. Сур’ёзны захад, але з’явілася «невялікае ўдакладненне»: як высветлілася, па гэтых справах даўно прайшлі суды і даўно былі знойдзены злачынцы. Днямі ў «справе Аўтуховіча» адбыўся новы паварот — аднекуль, праз чатыры месяцы пасля арышту, «выплыў» нейкі гранатамёт.

На паплечнікаў Аўтуховіча і ягоных партнёраў па бізнесе Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку адкрыта цісне следства, каб яны далі паказанні супраць былога «афганца» (пра гэта стала вядома ад родных Асіпенкі і Лявонава). Следства мітусіцца, цягне час…

Аўтуховіч жа нічога незаконнага не просіць, ён просіць адкрытага суда, а калі няма чаго перадаваць у суд — то выпусціць яго і ягоных таварышаў. І дзеля гэтага свядома пайшоў на пакуты.

Цалкам артыкул чытайце у «Народнай волі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0