Беларусь і Украіна маюць усе магчымасці для выхаду на якасна новы ўзровень двухбаковых адносін,
заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 чэрвеня на сустрэчы са старшынёй Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімірам Літвіным, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
«Калі мы рэалізуем увесь комплекс дамоўленасцяў прэзідэнтаў і прэм'ер-міністраў, паверце, у нас будзе зусім іншая архітэктура адносін, адносіны Беларусі і Украіны набудуць зусім іншую якасць, — сказаў Лукашэнка. — Мы не хочам мець праблем з Украінай. Мы хочам, каб у нас былі ўзорна-паказальныя адносіны, і мы маем магчымасць гэта зрабіць. Дзе трэба пасунуцца, мы пасунемся, дзе трэба пайсці вам насустрач, мы пойдзем, але гэта не будзе супярэчыць нацыянальным інтарэсам дзвюх дзяржаў».
Беларускі кіраўнік паведаміў, што раней у яго адбылася сустрэча з дэлегацыяй Кангрэса ЗША, падчас якой гаворка ішла і пра Украіну.
«Нашы сябры прыляцелі здалёку, праз акіян, і ў іх было шмат да нас пытанняў. Так здарылася, што тыя, хто быў настроены супраць Беларусі, апынуліся тут, і нам давялося з імі доўга гаварыць. Дарэчы, скончылі размову Украінай.
Апошнім часам Украіна асабліва падтрымлівае Беларусь, і гаворка з кіраўніком дэлегацыі таксама ішла пра гэта», — сказаў Лукашэнка.
«Мы хочам, каб той узровень, які задалі кіраўнікі дзяржаў, быў падтрыманы», — заявіў Уладзімір Літвін. Паводле яго меркавання, Украіна і Беларусь «павінны і будуць мець будучыню». Літвін запэўніў, што на сваім узроўні зробіць усё, каб усе дамоўленасці былі рэалізаваныя.
На сустрэчы быў абмеркаваны ўвесь спектр адносін Беларусі і Украіны, гаворка ішла пра месца і ролю дзвюх краін у еўрапейскай супольнасці. «Без Беларусі і Украіны гаварыць пра цэласнасць Еўропы і пра тое, што Еўропа можа выступаць глабальным гульцом, дачасна», — сказаў Літвін.
«Сёння можна гаварыць пра свайго роду «дарожную карту» паміж Беларуссю і Украінай, і роля парламента ў яе рэалізацыі значная», — заявіў Уладзімір Літвін. Перадусім гаворка ідзе пра эканамічнае супрацоўніцтва. Як падкрэсліў Літвін, Беларусі і Украіне неабходна выкарыстоўваць свае транзітныя магчымасці і супрацоўнічаць у энергетычнай сферы, разгортваць адносіны ў гуманітарнай сферы, адукацыі, культуры, навуцы.
Уладзімір Літвін падкрэсліў, што цяпер неабходна надаць сістэмнасць супрацоўніцтву. Гэта адносіцца найперш да міжпарламенцкага ўзроўню. «Мы павінны ад эпізадычных сустрэч перайсці да пастаяннай працы», — сказаў спікер Вярхоўнай Рады.