Міністэрства замежных спраў на базе Нацыянальнага прэс-цэнтра зладзіла брыфінг «па актуальных пытаннях для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі».

На ім прысутнічалі кіраўнікі Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі, Следчага камітэта, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Сенсацыяй стала прысутнасць на брыфінгу Рамана Пратасевіча. Непасрэдна перад брыфінгам шыльдачку з яго імем прынёс і паставіў на стол прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

«Гэта проста смешна», — так Раман Пратасевіч пракаментаваў пытанне БелаПАН пра тое, ці праўда, што ў СІЗА яго збіваў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

Пашкоджанні на руках ён назваў слядамі сцяжак, якімі з-за адсутнасці наручнікаў сцягнулі яго рукі ў аэрапорце.

Пратасевіч шмат разоў паўтарыў, што яго ніхто не збіваў, пальцам не крануў, што ён адчувае сябе цудоўна.

Пратасевіч заявіў, што яго супрацоўніцтва са следствам звязана з усведамленнем, «які ўрон я нанёс не толькі дзяржаве, але і краіне». «Я нікому не здраджваю, я дапамагаю сваёй краіне», — казаў Пратасевіч.

«Раман, я вам шчыра спачуваю. Вам шчыра спачуваюць многія вашы калегі ў Беларусі. Я магу ўявіць, што з вамі маглі зрабіць. І ніводнаму вашаму слову я не веру. Проста трымайцеся, проста перажывіце гэта», — сказала Пратасевічу журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова.

Апазіцыйны журналіст Раман Пратасевіч быў затрыманы ў мінскім аэрапорце пасля прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню над Беларуссю. Пратасевіч быў змешчаны ў СІЗА КДБ. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?