Афіцыйна разышліся па згодзе бакоў, але кажуць, што Васкрасенскі проста не захацеў раздзьмуваць скандал.

Ілля Бягун у гасцях у Марата Маркава. Скрын з тэлеканала АНТ

Праўладны блогер з Брэста Аляксей Голікаў агучыў такую версію: «Зусім нядаўна ў Мінску адбылася адна вядомая выстава, да якой Бягун павінен быў падрыхтаваць інфармацыйнае суправаджэнне. Мала таго, што ён не выканаў узятыя на сябе абавязкі, ён яшчэ перастаў адказваць на тэлефанаванні. То-бок проста знік. Прыхапіўшы з сабой усе паролі сайта КСДС Васкрасенскага. Увесь калектыў быў шакаваны непрагназаванымі дзеяннямі Бегуна».

Сам Ілля Бягун у каментары «НН» так патлумачыў свой сыход з КСДС: «Гэта мой асабісты погляд. Я нашмат менш ліберальны і дэмакратычны за Юрыя. Разумееце, гэта трошку дзіўна, калі арганізацыя называе сябе Круглы стол дэмакратычных сілаў, а я, хутчэй, больш кансерватыўных поглядаў».

Што тычыцца версіі Голікава, то Бягун кажа наступнае: «Ох… Гэта вясёлая гісторыя, якія ён там сабе надумаў паролі — чыста ягоная справа. Пацярпелага боку няма — заявы няма. Не існуе ніякага панятку «скрадзеныя паролі» — гэта нават глупа гучыць. Усю ўнутраную сістэму, файлы, сховішчы — ўсё настройваў сам. Я да гэтага стаўлюся проста: сабакі брэшуць — караван ідзе».

Сам кіраўнік КСДС Юрый Васкрасенскі адмовіўся каментаваць версію з паролямі. Адзначым, што сайт КСДС не аднаўляўся ад 21 мая да 11 чэрвеня.

Пасля таго як Бягун разышоўся з КСДС, ён стаў крытыкаваць «Белую Русь», якую ён назваў «зборышчам баброў, што грызуць бюджэт і нічога не робяць. Асабліва гэтыя сімулянты, што ў норы схаваліся ў жніўні мінулага года, добра падыходзяць пад катэгорыю трацкістаў, што падчас вайны ў таварыша Сталіна наогул пайшлі б да сценкі — бо раскладаецца дзяржава знутры», — напісаў Бягун.

Ілля Бягун — у мінулым праграміст, актывіст штаба Цапкалы, быў палітэмігрантам. Пасля выбараў з’ехаў у Літву, але ў пачатку 2021 года вярнуўся ў Беларусь, уключыўся ў працу КСДС, а таксама стаў госцем дзяржаўных тэлеканалаў, дзе брудна выказваўся пра апазіцыю.

Чытайце таксама: Хто такі Ілля Бягун, які на дзяржаўным ТБ вылівае бруд на фонды салідарнасці і штаб Ціханоўскай?

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?