Фота Depositphotos.com

Японіі ўдалося пабудаваць трэцюю па велічыні эканоміку ў свеце на аснове імпартаванай нафты, газу і вугалю. Цяпер жа японскі ўрад плануе перавесці большую частку гэтай энергіі на вадарод — крыніцу, якая доўгі час лічылася дарагой і неэфектыўнай, піша The Wall Street Journal.

Гэтыя змены з’яўляюцца галоўнай часткай плана краіны па ліквідацыі выкідаў вуглякіслага газу на працягу 30 гадоў. Калі стратэгія будзе паспяховай, то гэта таксама паўплывае на глабальныя ланцужкі паставак, што дазволіць вадароду замацаваць свае пазіцыі на энергетычным рынку і стварыць сур’ёзную канкурэнцыю нафце і газу.

Падыход Японіі ўяўляе сабой паступовую адмову ад неаднаўляльных крыніц энергіі на працягу многіх гадоў, таму рэзкага скарачэння выкідаў не будзе. Таксама краіна пакуль не зможа вырашыць праблему энергазалежнасці ад замежных краін, бо першапачаткова Японія будзе прадукаваць вадарод на аснове імпартаванага паліва.

Як і многія іншыя краіны, Японія ўсведамляе, што не зможа дасягнуць мэты па нулявых выкідах да 2050 года толькі з дапамогай аднаўляльных крыніц энергіі, такіх, як сонца і вецер. Пры выкарыстанні вадароду выдзяляецца вадзяная пара, а не парніковыя газы, якія і лічацца галоўнай прычынай глабальнага пацяплення.

Японскі ўрад падвоіў бюджэт на даследаванні і распрацоўкі, звязаныя з вадародам. Японскія прамысловыя электрастанцыі будуюць газавыя тэрміналы і іншую інфраструктуру, каб пашырыць выкарыстанне вадароду. Найбуйнейшая энергетычная кампанія JERA плануе скараціць выкіды вуглякіслага газу шляхам змешвання вадароднага злучэння аміяку на сваіх вугальных устаноўках. А многія суднаходныя кампаніі распрацоўваюць караблі, якія б маглі працаваць на вадародным паліве.

Адна з пераваг вадароду — магчымасць яго выкарыстання на электрастанцыях, першапачаткова прызначаных для працы на вугалі, нафце ці газе. Гэта дапаможа краінам пазбегнуць скасавання актываў на мільярды даляраў падчас энергетычнага пераходу. А Японія можа стаць лідарам у распрацоўцы вадародных тэхналогій.

Галоўная праблема вадароду ў тым, што сам па сабе ён не сустракаецца ў прыродзе. Каб яго атрымаць з вады ці выкапнёвага паліва патрабуецца шмат энергіі — больш, чым пасля можна атрымаць ад вадароду. Больш за тое, калі прадукаваць вадарод з прыроднага газу ці вугалю, вылучаецца шмат парніковых газаў. Таму доўгатэрміновая мэта — зрабіць вадарод «зялёным» спосабам, то бок атрымліваць энергію для яго вытворчасці з аднаўляльных крыніц, але пакуль гэта дорага.

Да таго ж, захоўваць і транспартаваць вадарод таксама праблемна. Гэты газ вельмі лёгкі і займае шмат месца, таму для эфектыўнай транспарціроўкі яго трэба звадкаваць, а гэта магчыма толькі пры звышнізкіх тэмпературах.

Таму ў план Японіі ўваходзіць больш шырокае выкарыстанне аміяку. Аміяк, злучэнне азоту і вадароду, якое таксама не вылучае вуглякіслы газ, вырашае некаторыя праблемы вадароду. Хоць яго вытворчасць таксама дарагая, яго значна прасцей транспартаваць і захоўваць.

Некаторыя эксперты перакананыя, што вадарод і звязаныя з ім віды паліва не маюць перспектыў. Па некаторых ацэнках, вытворчасць электраэнергіі з чыстага вадароду ў Японіі будзе ў восем раз даражэйшая, чым з прыроднага газу або сонечнай энергіі, і ў дзевяць разоў даражэйшая, чым з вугалю.

Greenpeace раскрытыкавала планы Японіі па вытворчасці аміяку. Арганізацыя прыйшла да высновы, што ідэя першапачаткова абыходзілася задорага і ўсё яшчэ была звязаная з выкідамі парніковых газаў.

Па ацэнках Volkswagen, аўтамабілі, якія працуюць на вадародзе, спажываюць у тры разы больш энергіі, чым электрамабілі.

Аднак у Японіі абмежаваныя энергетычныя магчымасці. Краіна імпартуе 90% энергарэсурсаў, а тэрыторыі, прыдатныя для будаўніцтва сонечных і ветравых электрастанцый, там абмежаваныя. А прыродныя стыхіі вымусілі Японію зачыніць большасць сваіх атамных электрастанцый, каб прадухіліць магчымыя аварыі. Больш за тое, японская грамадскасць выступае супраць ядзернай энергетыкі.

Таму Японія робіць стаўку на вадарод і аміяк — стратэгія, на якую не наважваліся дагэтуль нідзе ў свеце.

Японія імпартуе вадарод з 1970-х гадоў, але яго камерцыялізацыя ішла павольна. Сітуацыя змянілася некалькі гадоў таму, калі прафінансаваны дзяржавай праект пад кіраўніцтвам Шыгеру Муракі прапанаваў пашыраць аміяк, пакуль эфектыўныя тэхналогіі для чыстага вадароду знаходзяцца на стадыі распрацоўкі.

Група Муракі выявіла, што аміяк можна спальваць на вугальных і газавых электрастанцыях. Хоць пры спальванні вылучаецца закіс азоту, японскія інжынеры распрацавалі тэхналогію, каб мінімізаваць любыя выкіды. Гэту тэхналогію цяпер выпрабоўвае найбуйнейшы японскі энергавытворца JERA.

Некаторыя эксперты мяркуюць, што калі ў Японіі адбудзецца прарыў у выкарыстанні вадароду, то гэта паўплывае на сусветны ланцужок паставак, што паспрыяе хуткаму ўкараненню вадароду ва ўсім свеце.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?