Відэазварот 53-гадовага Андрэя Сапегі распаўсюдзіў у Youtube далёкаўсходняе выданне PrimaMedia. Сам ён жыве ва Уладзівастоку.

«Мая дачка ў цяперашні момант утрымліваецца ў мінскім СІЗА беларускага КДБ, па абвінавачванні ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў. Ёй пагражаюць вельмі сур'ёзныя турэмныя тэрміны. У гэтым звароце напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Прыморскі край, я б хацеў звярнуцца да асабіста да яго, як бацька да бацькі», — сказаў Сапега.

«Аляксандр Рыгоравіч, я прашу вас аб міласэрнасці. Хопіць жорсткасці, у апошні час свет ёю перапоўнены. Любы разважны чалавек разумее, што Сафія апынулася не ў тым месцы і не з тым чалавекам. Да сустрэчы з Раманам Пратасевічам яна была звычайнай дзяўчынай.

Падчас пратэстаў у Мінску яна была ў Літве, і, калі нешта яна і рабіла ў той перыяд, калі была знаёмая з Пратасевічам, — гэта дакладна гісторыя кахання, а не перакананняў», — сказаў Сапега.

Бацька затрыманай расіянкі таксама папрасіў Лукашэнку аб асабістай сустрэчы.

«Аляксандр Рыгоравіч, як бацька бацьку я прашу аб асабістай сустрэчы, я гатовы прывесці ўсе неабходныя гарантыі таго, што мая дачка больш не будзе ўцягнутая ў супрацьпраўныя дзеянні. У гэтым жа звароце я прашу губернатара Прыморскага края Алега Мікалаевіча Кажамяку садзейнічаць у арганізацыі асабістай сустрэчы з прэзідэнтам Лукашэнкам, магчыма, мне ўдасца пераканаць яго памілаваць маю дачку, яна проста маленькая дзяўчынка, якая толькі пачынае жыць», — сказаў ён.