Горад Сонца-2

Выйшаў новы нумар часопіса «Партызан».

Людзі мастацтва і архітэктуры, якія згуртаваліся вакол часопіса «Партызан», у тэме аднаўлення старой менскай забудовы перайшлі калі не ад словаў да справы, дык прынамсі ад словаў да словаў па справе. Цэнтральная месца новага, 9-га, нумару гэтага альманаху сучаснае культуры займае інтэрв’ю са стваральнікам альтэрнатыўнага плану па рэканструкцыі старога Менску Ўладзімірам Папругам.

Што такое план Папругі? Гэта праграма ўзнаўлення гораду, што мае на мэце не даць Мінску канчаткова зрабіцца «адной вялікай транспартнай развязкай і адным суцэльным паркінгам для аўтамабіляў»: перанакіраваць старыя транспартныя восі – галоўных шкоднікаў гістарычнай забудовы, а таксама захаваць гістарычныя будынкі і аднавіць страчаныя. Але, пэўна, самае цікавае ў гэтым плане, гэта, тое яго, што яго прынялі для разгляду “наверсе». Паводле самога Папругі гарадскія ўлады атрымалі яго прапановы і, ці не ўпершыню за апошнія 20 гадоў прыслухаўшыся да меркаванняў прафесійных архітэктараў, прынялі сёе-тое калі не да выканання, дык прынамсі да ўвагі. У інтэрв’ю - дэталі амбітнага плана.

Акрамя гутаркі, як зрабіць горад прыгожым, у тым самым нумары Міхал Анемпадыстаў разважае пра драўляную забудову сталіцы, а Сяргей Харэўскі распавядае пра мінскія паркі.

«…Мы адросцім іракез проста ў Старым горадзе. Пабудуем тамака вялізарныя рогі і ўпрыгожым іх шклянымі татуіроўкамі, а каб нішто не перашкаджала гэтаму хараству, адпілуем сабе вушы, напрыклад, знясем Музей вайны…» Гэта не вытрымаў Артур Клінаў: крыху насуперак анансаваным у пачатку нумару словах па справе ўсё ж зрабіў з’едлівую рэфлексію «Горад і шнары» на тэму сталіцабудавання.

...і яшчэ

Яшчэ ў цэнтры ўвагі новага «Партызана» мастацкая галерэя «Падземка» - такая сабе справаздача з выстаўлянага за 2008 год (з ілюстрацыямі). Як хто што прапусціў, то ў матэрыяле Лізаветы Міхальчук ёсць на што паглядзець: асабліва на фотапартрэты беларускіх кабет з іншаземнымі глянцаванымі фотамадэлькамі на тле, аўтарства Юліі Лейдзік.

На закуску: адзін з удзельнікаў Тэатру псіхічнай неўраўнаважанасці, пэрформер і літаратар Ілля Сін дае цэ-у, як правільна ладзіць пэрфоманс, а Ян Маузер пазіруе для негліжэ-сесіі.

«Партызан». Альманах сучаснае беларускае культуры. Выпуск 9. 2009.

Лявон К.

П.С. Паводле «партызанскага» інтэрв’ю са старшынём Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антонам Астаповічам, падаем 5 аб’ектаў, пабудаваных у гістарычным цэнтры Мінску з парушэннем закону:

1. Праваслаўны комплекс па вул. Гандлёвай, 27.

2. Паркінг на Нямізе.

3. Другая частка паркінга на Нямізе.

4. Офісны будынак на Рэвалюцыйнай, 17.

5. 30-павярховы офісны будынак на замчышчы (на месцы кавярні «Рэчанька»).

Поўны Топ-10 не вельмі законных пабудоваў чытайце ў новым нумары «Партызана».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0