Аўтапартрэт П'етра Белоці.

Нямецкая паліцыя расследуе выпадак, які здарыўся у мінулым месяцы у цэнтральнай Германіі каля горада Арэнбах. Тады ў смеццевым кантэйнеры, што стаяў каля аўтабана на прыпынку для адпачынку, знайшлі дзве карціны 17 стагоддзя.

64-гадовы мужчына, які знайшоў карціны, перадаў іх паліцыі. Згодна з першымі ацэнкамі экспертаў, знойдзеныя творы — арыгіналы, піша Guardian.

Адна з карцін — аўтапартрэт італьянскага мастака П’етра Белоці (1627-1700), які датуецца 1665 годам. Пра гэтага творцу захавалася не надта шмат звестак, але, наколькі вядома, ён выконваў працу для багатых сем’яў у Венецыі і для кіраўніка Мілана.

Самюэль ван Хагстратэн. Партрэт хлопчыка.

Другі твор — партрэт хлопчыка аўтарства нідэрландскага мастака Самюэля ван Хагстратэна (1627-1678), дата стварэння карціны невядомая. Хагстратэн вучыўся ў Рэмбранта, ён найбольш вядомы праз свае эксперыменты з перспектывай.

Гэта не першы выпадак, калі ў Германіі знаходзяць зніклыя творы мастацтва. Напрыклад, у 2006 годзе на гары дома праз 30 год пасля знікнення была знойдзеная карціна нямецкага экспрэсіяніста Эміля Нольдэ. У 2010 годзе у Берліне знайшлі твор Караваджа, скрадзены за два гады таму ў Адэсе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?