Сяргей Ждановіч."Калекцыя сненняў"(Чорна-белая фатаграфія, мантаж. 2007 г.)

Сяргей Ждановіч."Калекцыя сненняў"
(Чорна-белая фатаграфія, мантаж. 2007 г.)

(На фотапрацах крушні Крэўскага і Гальшанскага замкаў)

Пакуль гэтымі днямі на мастацкіх пляцоўках сталіцы адбываюцца выставы, прымеркаваныя да Дня вызвалення Мінску і з запаснікоў сталіцы падаставаныя мала не ўсе працы, прысвечаныя ваеннай тэматыцы, не прывязанай ні да якой даты фотавыстава «Калекцыя сненняў», што праходзіць цяпер у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47), можа застацца па-за ўвагай. Тут на аўтарскіх здымках Сяргея Ждановіча Беларусь і Мінск паўстаюць не як грамадская прастора, арэна вялікіх падзеяў, а як злепак асабістага перажывання, дзе сненні фатографа і чуйнаванне аб’ектыву пераплятаюцца мудрагелістым чынам.

Сяргей Ждановіч займаецца збольшага канцэптуальным мастацтвам у жанры чорна-белай фатаграфіі, а таксама прасторавай інсталяцыяй, мультымедыя, перфомансам. Аўтар і ўдзельнік шмат якіх арт-праектаў і калектыўных выставаў. «Калекцыя сненняў» з'яўляецца зборам твораў, зробленых фотамастаком за апошнія колькі гадоў.

«Фатаграфія для мяне – адвечная недасказанасць, імпульс жадання і спантаннасць, - сцвярджае Сяргей. - І ў гэтай спантаннасці ёсць нешта эфемернае і шалёна прыгожае, як у першых дзіцячых успамінах, калі мы яшчэ не ў стане кіраваць уласнай памяццю і механізмам запамінання».

Мастак Сяргей Кажамякін лічыць, што Ждановіч у сваіх працах здолеў паяднаць выяўленчае мастацтва і мастацкае фота. “З часоў узнікнення мастацкай фатаграфіі, яны з жывапісам у стане канфлікту. Сяргей Ждановіч жа адзін з тых, хто здолеў паяднаць жаданне адлюстраваць наваколле, але каб выкарыстаць пры гэтым аўтарскае прыманне свету. З аднаго боку, Ждановіч бярэ адбітак свету, але з іншага робіць прастору толькі асновай для далейшых эксперыментаў”.

Выстава “Калекцыя сненняў” працягнецца да 11 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?