Пра гэта заявіла канцлер ФРГ Ангела Меркель у сваім відэа, апублікаваным у суботу. Зварот прымеркаваны да 80-годдзя з моманту ўварвання ў СССР, паведамляе Deutsche Welle.

«Для нас, немцаў, гэта нагода для сораму», — адзначыла кіраўнік нямецкага ўрада. Мільёны людзей загінулі, асабліва — на тэрыторыях, якія сёння належаць Расіі, Украіне і Беларусі, а таксама краінам Балтыі, сказала яна.

Нельга забываць, што «мы — у даўгу перад мільёнамі ахвяр і іх нашчадкамі», дадала канцлер.

Пры гэтым федэральны канцлер нагадала, што, нягледзячы на жудасныя падзеі вайны, многія працягнулі Берліну руку прымірэння. За гэта Германія адчувае глыбокую ўдзячнасць, падкрэсліла яна.

Таксама Меркель асабліва адзначыла палітыку прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова, дзякуючы якой Германія змагла мірна уз'яднацца ў 1990 годзе і з тых часоў развіваць грамадзянскія сувязі паміж дзвюма краінамі.

У сваім звароце канцлер ФРГ закранула і нядаўнія падзеі на постсавецкай прасторы. З вялікім шкадаваннем яна выказалася аб тым, што «актыўнасць грамадзянскай супольнасці ў Расіі,

а таксама ў Беларусі, у апошні час абмежаваная — больш таго, стала немагчымай».

«Калі мірныя дэманстранты і непажаданыя (уладам) прадстаўнікі апазіцыі аказваюцца за кратамі, гэта накладвае цяжкі адбітак на нашы адносіны», — падкрэсліла кіраўнік германскага ўрада. Паводле яе слоў, анексія Крыма і падтрымка сепаратыстаў на ўсходзе Украіны — парушэнні міжнароднага права. Для Германіі, як і для ўсяго ЕС, гэта непрымальна, упэўненая Меркель.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?