Надзея Какошка (у ніжнім шэрагу першая злева).

«Так, на фота я. Мне тады было гадоў 10, таму падрабязнасцяў асабліва не памятаю. Трапіла ў бальніцу, бо ў мяне штосьці было са страўнікам. 

У той дзень, калі я не памыляюся, прывозілі нейкае абсталяванне ў бальніцу.

Нас ніхто асабліва не папярэджваў, што будзе прэзідэнт і вось зараз будзеце з ім рабіць фота. Не было такога. Не было ніякай аховы, палату не правяралі перад тым візітам. Проста выбралі нашу палату — і зайшоў Лукашэнка. Яму паказалі ўмовы, у якіх мы ляжалі і лячыліся. 

Ён сам захацеў з намі сфатаграфавацца, гэта я памятаю. Фота трапіла ў газету, для мяне было пачэсна. Увогуле для мяне было пачэсна зрабіць фота з Лукашэнкам — я ж ужо ведала, што гэта прэзідэнт.

Быў яшчэ сюжэт па ТБ, там нас не паказалі, але ў газеце надрукавалі той здымак.

Праз 25 гадоў маё стаўленне да Лукашэнкі не змянілася. Летась галасавала за яго. Каб сустрэлася сёння — сфатаграфавалася б таксама з радасцю».

Вольга Палюховіч (дзяўчынка ў цэнтры)

«Я ляжала з гастрытам якраз, на тым фота мне 12 гадоў. 

Мы ведалі, што прыедзе Лукашэнка ў бальніцу. Але што да нас падыдзе, не папярэдзілі. І вось чамусьці выбралі нашу палату. Лукашэнка зайшоў, пра штосьці пагаварыў з намі. Калі шчыра, не памятаю, пра што, даўно было. Здаецца, пытаўся, як нашае здароўе. Пасля нам прапанавалі зрабіць фота.

Ахова ўсё ж была, двое дакладна, а можа, і больш. Ну і плюс дактары, загадчыца аддзялення. Але перад яго візітам палату ніхто адмыслова не правяраў. У нас як у пацыентаў усё было ў штатным рэжыме — праз той візіт не пераносілі ані абед, ані нейкія працэдуры.

Я разумела, што гэта ж прэзідэнт, якога раней бачыла толькі па ТБ, а тут бачу жыўцом. Але я хвалявалася, што фота пасля надрукуюць у газеце, было такое дзіцячае пачуццё: «Ой, гэта ж я стану знакамітай?!» (смяецца)

Фота надрукавалі ў некалькіх газетах, мы змаглі купіць толькі «Медыцынскі веснік». Калі не памыляюся, і па сёння недзе дома ляжыць нумар з тым здымкам.

Як я стаўлюся да Лукашэнкі сёння? Не хацела б абмяркоўваць гэтую тэму. Скажу так: я дакладна супраць гвалту.

Але летась за Лукашэнку не галасавала. Увогуле я галасавала за яго толькі аднойчы — калі была яшчэ студэнткай, вучылася на першым курсе. Тады я не разбіралася ў палітыцы, гэтай тэмай не цікавілася. Сказалі, што трэба прыйсці і прагаласаваць — я прыйшла і прагаласавала. А пазней ужо пачала задумвацца, і ў наступныя разы свой выбар рабіла свядома».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?