Ірэна Бярнацкая і Марыя Цішкоўская.

— У Польшчы вы ўжо амаль месяц. Што цяпер адбываецца ў вашым жыцці?

Ірэна Бярнацкая: Пакуль нічога не адбываецца. Мы знаходзімся ў Варшаве і патроху прыходзім у сябе. Я рана ўстаю — турма навучыла — і іду на прабежку. Адпачываю, чытаю, бывае, паплачу. Мы маем шмат розных сустрэч. Вечарам ходзім у касцёл, молімся ў інтэнцыі Анжалікі Борыс, Анджэя Пачобута і іншых палітычных вязняў.

Марыя Цішкоўская: Мы толькі адпачываем, паляпшаем стан здароўя і прыходзім у сябе. Я па звычцы ем у той жа час, што і ў зняволенні, а калі выходжу на вуліцу, мяне цягне назад у памяшканне — магчыма, гэта таксама засталося з турмы. Але Ірэнка не дае мне сядзець і прымушае ездзіць з ёй на ровары і не думаць пра нешта негатыўнае.

— Хто пра вас клапоціцца?

Ірэна: Пра нас клапоцяцца польскі ўрад і палякі, далучыліся розныя суполкі.

— Як прайшла вашая сустрэча з Анджэем Дудам?

Ірэна: Так, быццам гэта сустрэча не з прэзідэнтам, а проста з чалавекам. З усімі прадстаўнікамі ўрада мы сустракаліся як са звычайнымі людзьмі. Гэта прыклад таго, як можна быць кіраўніком і служыць простаму чалавеку. Першае, што мы тут адчулі, — цеплыню і роднасць.

Марыя: Палякі нам дзякавалі, хоць нічога гераічнага мы не зрабілі.

— А як гэта — быць сябрам незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі?

Ірэна: Увесь час было нялёгка працаваць. Можа, улада не любіла нас за тое, што мы робім добрыя рэчы? Я цяпер часта сяджу і думаю: а што я такога рабіла? Апекавалася могілкамі, не забывалася на сваю мову, вучыла польскай мове дзяцей, хадзіла ў касцёл, шанавала культуру, якую мне прывілі бацькі. Відаць, гэта не падабалася. Можа, хацелі, каб мы сказалі, што не палякі? Але слухайце, мы не можам гэтага сказаць: ад бацькоў палякаў нельга нарадзіцца непалякамі.

Марыя: Мы палякі паводле нацыянальнасці, але ж нарадзіліся ў Беларусі. Я пражыла там усё жыццё, плаціла дзяржаве падаткі. У Канстытуцыі ёсць артыкул, па якім кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таму мы вельмі здзіўляемся, што да палякаў у Беларусі так ставяцца. Мы абсалютна не зрабілі нічога дрэннага — мы проста полькі, якія шануюць свае традыцыі і мову. Я ўвесь час задаюся пытаннем, чаму ўсё гэта здарылася. А чаму, невядома.

— Падчас следчых дзеянняў вам тлумачылі, чаму насамрэч вы трапілі ў турму?

Ірэна: Ніхто нічога не тлумачыў — там не тлумачаць, там толькі стараюцца застрашыць. Скажу адно: яны застрашваюць, а табе становіцца нястрашна.

Марыя: Ні адна, ні другая мы ўвогуле не разумелі, што гэта за артыкул і абсурдныя абвінавачванні. Праз ціск на Саюз палякаў адразу чатыры чалавекі трапілі ў турму. Але рэпутацыя ў саюза вельмі добрая, кожны можа пацвердзіць, што нікому ніякай крыўды ён не зрабіў.

— 23 сакавіка затрымалі Анжаліку Борыс. Вы чакалі, што праз два дні прыйдуць па вас?

Марыя: Канечне, можна было чакаць нейкага ціску, але я не чакала, што ён будзе ажно такі, што нам прад’явяць такі артыкул.

Справа налева: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і дачка Ірэны Вераніка Півута.

Ірэна: Мы ніколі не мелі справы з тымі турмамі, і я нічога такога не зрабіла, каб дзеля майго затрымання на цэлую вуліцу наставіць людзей у масках. Мяне пабудзілі а сёмай раніцы. Суседзі папалохаліся — яны заўсёды прыходзілі да мяне па параду, па дапамогу, а тут мяне выводзяць як якую забойцу. Для мяне такое было нечакана.

Марыя: Пад мой дом а восьмай раніцы раптоўна пад’ехалі бусы. Я якраз выходзіла, да мяне падышлі, мы вярнуліся на ператрус. З дома забралі польскія кніжкі, нейкі дакумент на польскай мове, хаця ён абсалютна не адносіцца да справы, польскі сцяг.

«Можна сказаць, што нас, жыхароў Беларусі, выкінулі з краіны»

— Як вы для сябе тлумачыце, чаму трапілі пад пераслед?

Ірэна: У мяне простае тлумачэнне: таму што мы, палякі, былі разам, трымаліся разам, нас было шмат і мы падтрымлівалі братоў-беларусаў. Можа, яны хацелі, каб мы ваявалі з беларусамі?

— Як вы ўспрынялі абвінавачванне?

Марыя: Вядома, мы з ім не згадзіліся, але ў зняволенні нічога не зробіш, няма сэнсу плакаць. Цябе проста садзяць у турму, вядзецца крымінальная справа — і ўсё.

Ірэна: Жыве багаты і жыве бедны: хто каму будзе зайздросціць? Мой падыход быў такі: некаторыя не разумеюць, як гэта — жыць у любові, таму проста зайздросцяць. Пра абвінавачванне я даведалася ўжо ў турме, а турма — гэта памяшканне метр на два і неба ў клетачку. Як не ўспрымеш, а ты там ужо знаходзішся і мусіш з гэтым жыць. Ты ж не пойдзеш ваяваць, хоць і ведаеш, што сядзіш ні за што. Раней ці пазней пан Бог усё паставіць на свае месцы, таму ў турме я была спакойная, і такіх, як я, там было шмат.

— Раскажыце, як вас вывозілі.

Ірэна: Акурат 25 мая было два месяца, як мы сядзелі ў турме. Сказалі: «Бярнацкая, на выхад! Да сцяны!» Ідзеш уніз — цябе раздзяваюць, правяраюць, пасля даюць падпісаць паперу, маўляў, ты адпраўляешся пад дамашні арышт і заўтра мусіш прыйсці ў свой РАУС. Я ўжо стала думаць, як мне ехаць дадому, вырашыла, што дабяруся да Чырвонага касцёла, там мне дапамогуць ксяндзы, я выклічу сваіх і за мной прыедуць. Але на вуліцу я выйшла не адна, а з чалавекам, такім высокім, у масцы, і ўбачыла на двары тры бусы — і зразумела, што ўсё, куды мы паедзем, невядома. Я думала, можа, мяне заб’юць альбо адвязуць у турму КДБ — такія здаровыя мужыкі. Я спытала, ці мяне ў лес вязуць, я тады хоць памалюся. Сказала: «Калі што, вашы рукі на сем пакаленняў будуць у крыві». Мне адказалі: «Не перажывайце, мы вас забіваць не будзем, што вы пра нас так думаеце». У бусіку, апроч мяне, было чатыры чалавекі — сядзелі ў масках, паўбіраўшыся, пахаваўшыся. Я спытала, няўжо яны так баяцца кавіду, дык адзін зняў маску. Калі мы праехалі Ліду, я зразумела, што мяне вязуць на мяжу. Я кажу: «Дождж ідзе, плача мая зямля». Ну і ўсё, я ж біцца з імі не буду.

Марыя: У мяне ўсё было вельмі падобна. Калі мяне адвялі ў бус, я спытала, куды мяне вязуць. Мне адказалі: «Не бойцеся, у вас будзе прыемны дзень». Я кажу: «Тады, можа, я спаткаюся з сям’ёй?» — «Не, не з сям’ёй». Думкі былі розныя, у выніку мне сказалі, што вязуць на мяжу, але ўсё гэта мусіла быць не так. Скажу таксама, што мы не падпісвалі ніякіх папер аб дэпартацыі і нічога не падпісвалі на мяжы.

— А на самой мяжы што было?

Марыя: Мужчыны пераапрануліся ў пагранічную форму, нашыя рэчы перакінулі з трох бусаў у адзін, мы проста праехалі беларускую мяжу і адразу накіраваліся да польскай, дзе нас ужо чакаў польскі пагранічнік. Яны пра нешта размаўлялі, але мы не ведаем пра што.

Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава на сустрэчы з Анджэем Дудам.

— На дзяржтэлебачанні паказалі здымку вашых сустрэч з консулам, дзе вы даяце згоду на выезд. Дык ці можна сказаць, што вас вывезлі ў Польшчу супраць вашай волі?

Ірэна: Чаму ў тым фільме не паказалі, як мы падпісваем паперы аб дэпартацыі? Мы падпісалі толькі адзін дакумент: што ідзем пад хатні арышт. Яны ўзялі ўрыўкі слоў, між тым консулу было сказана: калі трэба сядзець, мы будзем сядзець, калі трэба выехаць, мы выедзем, але мы зробім так, як усе, бо нас група была. Я задам пытанне: калі ты маеш сваю хату, сваю сям’ю, сваё ўсё, ці захочаш ты на старасці гадоў выязджаць з роднай зямлі? Нам тут добра, мы сярод сваіх, але хочацца быць у сваім доме.

Марыя: Мы былі ў групе, значыць, калі сядзім, то разам сядзім, калі выходзім на волю, натуральна, павінны выйсці ўсе. Не было такога, што кожны сам за сябе. Мы пыталіся ў консула, як будуць рабіць астатнія. Чаму, калі мы яшчэ былі ў турме, нам не сказалі, што вывозяць у Польшчу? Мы не ведалі, куды нас вязуць. А калі зразумелі, што нас выкідаюць з краіны, па дарозе ж не маглі выскокваць. Таму так, можна сказаць, што нас, жыхароў Беларусі, выкінулі з краіны. У нас там засталося ўсё. Трэба запытаць у іх усіх, чаму мы былі выкінутыя, як нейкія непажаданыя асобы? За што? Трэба ў кожнага, хто да гэтага датычны, запытацца: «За што?».

Ірэна: Мне тых людзей шкада, ім патрэбна моцная малітва, бо бывае так, што чалавек хоча з некага зрабіць звера, а робіцца зверам сам. У мяне крыўдаў няма, касцёл вучыць прабачаць. Гэта цяжка. Цяжэй, чым узяць палку і біць чалавека.

Марыя: Хай кожны з іх усвядоміць, што зрабіў вельмі вялікую памылку і папросту абразіў нармальных грамадзян Беларусі. Мы верым, што гэтая справа будзе вырашана справядліва.

— Чаму пра тое, што вы за мяжой, стала вядома толькі праз тыдзень?

Ірэна: Наш стан здароўя быў вельмі цяжкі, мы не хацелі ні з кім размаўляць — трэба было найперш прыйсці ў сябе. Калі сядзелі ў турме — ты ўжо неяк і прывык. Я скажу, што не кожнага Бог выбірае ў турму, а мяне ў маіх гадах выбраў, і я яму за гэта ўдзячна. Я там уведала моладзь, такую, як мае дзеці, моцную, здаровую, разумную, якую я магла прытуліць і абняць. А потым я выйшла на волю, убачыла дрэвы, кветкі — а гэтыя дзеці, сярод якіх я была самая старая, засталіся… Першы тыдзень быў моцна цяжкі.

«Відавочна, выглядалі трохі іначай і смяяліся адна з адной»

— Што адбывалася пасля таго, як вы трапілі ў Польшчу?

Ірэна: Мы проста сядзелі ў пакоі, размаўлялі, плакалі, адпачывалі, прыходзілі ў сябе. Шмат елі — вельмі хацелася есці, у турме я, бывала, калі ў камеры чатырнаццаць асоб, не даядала і аддавала дзяўчатам, бо было іх шкада. Псіхалагічна я яшчэ не прыйшла ў сябе. Спатканне з дзецьмі таксама было стрэсам. Мы гэтага не бачылі, але пакуль мы былі ў турме, яны перажылі шмат. А адразу не хацелася спатыкацца ні з кім.

Марыя: Гэта быў прыкладна такі ж стрэс, як калі мы аказаліся ў турме, толькі радасны. Па першым часе не верылася, што мы на волі, бо перажылі крыху страху. Усё было нечакана, так што мы проста адпачывалі, шмат успаміналі. Відавочна, выглядалі трохі іначай, а для жанчыны знешні выгляд таксама нешта значыць. Мы нават смяяліся адна з адной.

— Што вы зрабілі на свабодзе ў першую чаргу?

Ірэна: Схадзілі ў цырульню і зрабілі прычоскі. Паелі. Мы і цяпер нічога такога не робім, хоць і хацелася б рабіць, нешта планаваць. Гэта цяжка, нам жа не па дзевятнаццаць гадоў, каб адбудоўваць нешта, што ў адзін момант разбурылася. Цяпер ясна разумееш, што можна ўсё жыццё нешта нажываць, а гэта ўсё роўна проста паветра. Толькі свае каштоўнасці мусіш захоўваць.

Марыя: Хочацца працаваць, функцыянаваць як нармальны чалавек і быць карысным для людзей і Польшчы, хоць і маем надзею, што вернемся дадому.

— Як ваш маральны стан цяпер?

Ірэна: Я пакуль не адышла, адыду тады, калі людзей вызваляць і ў вязніцах застануцца толькі забойцы. У турмах засталося столькі людзей, за кратамі сядзіць моладзь. Трэба крычаць: «Выпускайце народ! Дайце людзям працаваць і жыць!» Я сяджу ў Варшаве і маю ўсё, а Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут сядзяць за кратамі.

Марыя: Пэўны час гэта ўсё яшчэ будзе ўва мне жыць. Я не згаджаюся з абсурдным абвінавачваннем і маю надзею, што нейкае разуменне мусіць прыйсці да гэтых людзей. 

— Вы з чагосьці з апошняга досведу смеяцеся?

Ірэна: Мы з усяго смяёмся, самі з сябе смяёмся. Чалавек можа выкарыстоўваць ўсё — так падладзіць рэчы пад сябе, і мыйку зрабіць, і шконку, і цюбікам зубной пасты замест лыжкі есці. Гэта выглядае смешна, але навука для нас была вялікая.

Марыя: Калі чалавек знаходзіцца ў турме, зламацца можа вельмі хутка. Таму, каб трымацца духам, былі і смех, і пазітыўныя размовы. Ложкі ў нас былі на другім паверсе. Успамінаем, як трэба было туды забірацца, якія мы мелі падушкі.

Ірэна: На «пальме» спалі. Смяяліся, што нас там за маладых лічылі, калі на другі паверх паклалі. Я склала крыжаванку з турэмных слоў — як будуць іншыя часы, будзеце разгадваць.

Марыя: Я малявала, у мяне было сабе заданне — за дзень зрабіць адзін-два малюнкі, гэта як праца была. Шмат чыталі, на Валадарцы добрая бібліятэка, у адрозненне ад Жодзіна, дзе адны кодэксы. Там сядзіць шмат інтэлігентных, мудрых людзей — можна было паразмаўляць пра розныя рэчы. Два месяцы так пражылі, а шостай раніцы ўставалі, а дзясятай клаліся спаць.

— Па чым вы больш за ўсё сумуеце ў Беларусі?

Ірэна: Я сумую па сям’і, па сваіх людзях, па Лідзе — мне падаецца, што гэта найпрыгажэйшы горад. Вось была пілігрымка — я сумую па тым, як бы я ў ёй ішла, сустракала б моладзь, як бы яны мяне не прымалі, маўляў, старая, што з намі хадзіць.

Марыя: Вельмі сумую па ўсім, што было са мной звязана. Я нарадзілася ў Ваўкавыску і пражыла там 54 гады. Відавочна, са мной там звязана шмат — мая сям’я, сямейны дом, шмат знаёмых, вулачкі, дамы, праца…

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?