У самым пачатку пасяджэння суддзя Пятрова праігнаравала патрабаванне Таццяны весці працэс на беларускай мове, а дзяржабвінаваўца Шчарбіна спрабавала даказаць, што Кашко добра валодае рускай мовай, у той самы час экспертыза абразы была праведзеная тым, хто «лічыць беларускую мову недамовай». «Вясна» прыводзіць падрабязнасці першага судовага пасяджэння над Таццянай.

Таццяна Кашко каля будынка суда

Таццяна Кашко каля будынка суда

У самым пачатку судовага працэсу Таццяна заявіла, што не разумее рускую мову, і хадайнічала аб вядзенні пасяджэння на беларускай.

Суддзя: «Обвиняемая, назовите суду вашу фамилию, имя, отчество».

Кашко: «Я вас не разумею, я не разумею расейскай мовы і адразу заяўляю хадайніцтва, каб…»

Суддзя [перабівае]: «Мы до ходатайства еще дойдем».

Кашко: «… каб справа вялася па-беларуску! Я вас не разумею. Задавайце мне пытанні па-беларуску».

Суддзя: «Назовите фамилию, имя, отчество.»

Кашко: «Задавайце мне пытанні па-беларуску, на другой мове я адказваць не буду!»

Суддзя: «Делопроизводство ведется на русском языке. Отказываетесь называть фамилию, имя отчество?»

Кашко: «Я заяўляю, што я, Таццяна Кашко, законапаслухмяная грамадзянка…»

Суддзя [перабівае]: «Надо соблюдать порядок в судебном заседании и подчиняться распоряжению председательствующего».

Кашко: «Я вас не разумею!»

Тое, як гэта выглядала, слухайце тут:

Суддзя вырашыла абвясціць перапынак на 15 хвілін «па тэхнічных прычынах». Вярнуўшыся, суддзя больш не стала ўдакладняць у абвінавачанай яе асабістыя звесткі, а проста зачытала іх з матэрыялаў крымінальнай справы, матывуючы гэта тым, што яны там ёсць. А затым працягнула весці працэс на рускай мове. Таццяна заявіла суддзі адвод па прычыне моўнай дыскрымінацыі і спаслалася на артыкул 2 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Акрамя таго, напярэдадні пасяджэння, 21 чэрвеня, Таццяна даслала ў суд хадайніцтва аб вядзенні пасяджэння па-беларуску. Абарона Таццяны яе падтрымала:

«30 снежня, пасля затрымання Кашко, яна неаднаразова хадайнічала, каб усе працэсуальныя дзеянні праводзіліся на беларускай мове», — распавяла абарона. Так і было — да таго моманту, пакуль Таццяна не атрымала статус абвінавачанай. Але згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, абвінавачаны мае права выкарыстоўваць сваю родную мову, адзначыла абарона.

Пацярпелы Стасюкевіч з хадайніцтвам Таццяны Кашко не пагадзіўся (тут і далей усе удзельнікі працэсу, акрамя Таццяны, гаварылі па-руску):

«Я лічу, што гэта ўсё адназначна надумана, з адзінай мэтай — прыцягнуць больш увагі сродкаў масавай інфармацыі і судовае пасяджэнне ператварыць падабенства цырка».

Дзяржабвінаваўца таксама палічыла, што працэс не варта весці на беларускай, бо ў краіне дзве афіцыйныя мовы.

«З матэрыялаў крымінальнай справы бачыцца, што Кашко вучылася ў рускамоўнай школе і мае вышэйшы бал па рускай мове, — аргументавала сваю пазіцыю дзяржабвінаваўца. — Пражывае на тэрыторыі горада Гродна ўсё жыццё, фактычна тут большая частка насельніцтва размаўляе… ну крамы тут ўсюды фактычна на рускай мове. Плюс да ўсяго лічу, што Кашко ў дастатковай меры ведае рускую мову, таму неабходна яе хадайніцтва адхіліць».

Акрамя таго, пры разглядзе пісьмовых матэрыялаў справы дзяржабвінаваўца звярнула ўвагу, што загад аб прыёме Таццяны на працу і службовыя інструкцыі (з яе подпісам) напісаны на рускай мове, а ў лісце аб адукацыі Кашко «на пытанне, якой мовай яна валодае, пазначана, што яна валодае беларускай і рускай».

Памаўчаўшы некалькі хвілін, суддзя вырашыла адхіліць хадайніцтва.

Таццяна Кашко

«Следства большую частку займалася зборам доказаў таго, што я валодаю расейскай мовай, а не сутнасцю справы, — сказала Таццяна Кашко. — Але дакументы ні 12-гадовай даўніны ні 27-гадовай даўніны [Таццяна мае на ўвазе дакументы аб працы і адукацыі — Заўв.] не могуць сведчыць пра тое, што я валодаю расейскай мовай зараз. Навыкі валодання мовамі вельмі хутка страчваюцца пры іх невыкарыстанні».

Гэтыя словы Таццяна сказала пасля стандартнага пытання суддзі, ці згодная яна, каб на судовы працэс выклікалі для допыту экспертку Яцэвіч, якая ў сваёй экспертызе ўбачыла прыкметы абразы пацярпелага Стасюкевіча.

Дык у чым жа абвінавачваюць Таццяну Кашко?

Паводле дзяржабвінавачання, Таццяна 20 верасня 2020 года ў тэлеграм-канале «Гродно 97%» пакінула каментар пад фота Віталія Стасюкевіча — там ён быў сфатаграфаваны падчас нядзельных падзей у горадзе:

«У цывільным адзенні ў блакітнай майцы хадзіў Стасюкевіч Віталій. Гэту адмарожаную морду я пазнала. У кампаніі такіх жа».

Віктар Стасюкевіч

Віталь Стасюкевіч

Гэты каментар быў заўважаны праз месяц падчас агляду тэлеграм-канала шляхам увядзення ў пошукавік прозвішча «Стасюкевіч». Сам Віталь Стасюкевіч, прызнаны пацярпелым, заявіў пазоў аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды памерам у 2000 беларускіх рублёў, але падкрэсліў, што ў выпадку яго задавальнення гэтыя грошы хацеў бы накіраваць Гродзенскі дом дзіцяці.

«Па-мойму, гэта рэакцыя выхаванага разважнага чалавека на агучаную абразу», — сказаў Стасюкевіч на судзе.

На гэта абарона Кашко паспрабавала ўдакладніць, якія менавіта яго прафесійныя і асабістыя якасці былі зняважаныя ў выказванні і што ж у ім абразлівага.

«Я не лічу патрэбным адказваць на гэтае пытанне, таму што гэтыя пытанні задаюцца выключна для абсмоктвання факта для стварэння загалоўкаў вось у гэтых жа самых телеграм-каналах», — сказаў Стасюкевіч і спаслаўся на лінгвістычную экспертызу, праведзеную Яцэвіч.

«Я лічу, што гэта працэс не нада мной, а над беларускай мовай, — заявіла пазней Таццяна Кашко. — Гэты працэс паказаў шмат парушэнняў маіх правоў за выкарыстанне беларускай мовы і стаўленне да яе дзяржавы. Экспертам Яцэвіч было заяўлена, што яе родная мова — расейская, і прытым яна фактычна не ведае беларускай мовы і аб’яўляе беларускую мову недамовай, якая не ўтрымлівае актуалізаваных слоўнікаў. І адкрывае новы метад: пачынае аналізаваць беларускую мову з пункту гледжання перакладу на расейскую мову. Дзе такі метад існуе? Гэта відавочна наватарства ў лінгвістыцы […] Лічу, што Яцэвіч, не знайшоўшы абразы ў беларускай мове, пераклала іх на расейскую, каб знайсці там абразы з пункту гледжання беларускай мовы».

Адныя і тыя ж словы ў розных мовах могуць мець рознае значэнне, адзначыла Таццяна Кашко. Напрыклад, слова «жыд»— у расейскай мове гэтае слова дае выразную негатыўную ацэнку, але ў беларускай — нейтральную.

Таксама Таццяна спаслалася на тлумачальны слоўнік літаратурнай беларускай мовы 2016 года, дзе пададзена слова «морда». А значыць, гэта літаратурнае слова. 

Да таго ж Таццяна адзначыла, што такія ж словы часта выкарыстоўвае і Лукашэнка. Вось некалькі прыкладаў:

У лістападзе 2020 года Лукашэнка заявіў пра студэнтаў: «Я не скажу, што яны адмарожаныя […] Некаторыя наогул вельмі здольныя людзі». 14 снежня 2018 года Лукашэнка сказаў пра ўкраінцаў «адмарожаныя са стрэльбамі». У 2011 назваў газету «Наша Ніва» «адмарожанай прэсай». У чэрвені 2020 года сказаў: «яны да ўлады вядуць радыкальную, адмарожаную апазіцыю». І шмат іншых прыкладаў.

Акрамя таго, Таццяна Кашко ў сваім выступе распавяла, як пры затрыманні амапаўцы падверглі яе фізічнаму гвалту, а супрацоўнік аператыўнага вышуку ўдарыў яе па твары. Працэс над Таццянай працягнецца 29 чэрвеня 2021 года ў 10.30, а ніжэй «Вясна» прыводзіць поўны выступ Таццяны на судзе:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0