Гіганцкая панда Шын Шын, што жыве ў такійскім заапарку Уэна, нарадзіла 23 чэрвеня дваіх блізнят. Як сцвярджаюць прадстаўнікі заапарку, жывёлы з’явіліся на свет з розніцай у паўтары гадзіны — адпаведна ў 1.03 і 2.32 гадзіны ночы па мясцовым часе.

Пол жывёл пакуль яшчэ не пацверджаны, таму свае імёны яны атрымаюць пазней, піша sky.com.

Панда Шын Шын нарадзілася ў 2005 годзе. У заапарк Уэна яе прывезлі дзесяць год таму з Кітая разам з партнёрам — самцом Ры Ры. Першае медзведзяня ў Шын Шын і Ры Ры нарадзілася ў ліпені 2012 года, але жывёла памерла праз шэсць дзён ад пнеўманіі.

Панда Шын Шын.

У 2017 годзе ў панд нарадзілася другое дзіця — самка, якой далі імя Сян Сян. Яна пакуль што жыве ў заапарку Уэна, але чакаецца, што ў снежні Сян Сян адправяць у Кітай.

Вельмі цяжка дамагчыся размнажэння панд у няволі, бо гэтыя жывёлы дужа патрабавальна ставяцца да выбару партнёра. У дадатак, перыяд спарвання ў панд здараецца толькі раз на год.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?