Фота: citydog.by

Завяршылася здзелка па куплі 100% акцый холдынгавай кампаніі MTB INVESTMENTS HOLDINGS LIMITED, якой належыць больш за 99% акцый ЗАТ «МТБанк». Пакупніком выступіла кампанія Stoneva Limited бізнэсмена Рамэа Абдо. Ён вядзе бізнэс як у Беларусі, так і ў краінах Азіі, Афрыкі і Еўропы з прыярытэтамі ў сектарах тэлекамунікацый, інфармацыйных тэхналогій і камерцыйнай нерухомасці.

У Беларусі Рамэа Абда з'яўляецца адным з заснавальнікаў групы кампаній BNK Estate, якая пабудавала ў Мінску гандлёва-забаўляльны цэнтр Galileo, бізнэс-цэнтры Rubin Plaza і Silver Tower. Рашэнне аб набыцці кантрольнага пакета ў ЗАТ «МТБанк» было прынята з улікам інвестыцыйнай прывабнасці банка і вопыту інвестыцый у банкаўскі сектар партнёраў па бізнэсе.

Партнёры па бізнэсе Рамэа Абда раней бралі ўдзел у стварэнні ў Беларусі закрытага акцыянернага таварыства «Банк міжнароднага гандлю і інвестыцый» (ЗАТ «Межгандальбанк»). Пасля ЗАТ «Межгандальбанк» быў набыты кансорцыумам «Альфа-Груп». Цяпер партнёры бізнэсмена з'яўляюцца саўладальнікамі двух буйных банкаў Непала.

Чакаецца, што прыцягненне інвестара дазволіць банку выйсці на новыя міжнародныя рынкі фінансавых рэсурсаў, у тым ліку краін Блізкага Усходу і Азіі.

Акцыі былі набытыя ў ранейшых бенефіцыярных уласнікаў ЗАТ «МТБанк» — кампаній Энерга-Оіл і Белнафтагаз, якія валодалі банкам з 2015 года. Гэтыя кампаніі — бізнэс сям'і Аляксея Алексіна. У студзені гэтага года паведамлялася, што бізнэсовец перапісаў гэтыя кампаніі на сыноў. Меркавалася, што прычына — у пагрозе еўрапейскіх санкцый. Цяпер у схеме бенефіцыярных уласнікаў на сайце МТБанка пазначана, што па 40% долі ў Энерга-оіл прыпадае на Віталя і Дзмітрыя Алексіных, яшчэ 20% — на Іну Алексіну (жонку бізнэсмена).

Што тычыцца цяперашняй здзелкі, то на сайце МТБанка ўдакладняецца:

— Нягледзячы на няпрофільнасць банкаўскага бізнэсу ў інвестыцыйным партфелі і гатоўнасць да патэнцыйнага продажу банка, папярэднія ўласнікі разглядалі фінансавы інстытут як прыярытэтны бізнэс-кірунак. За 6 гадоў банк прайшоў істотную трансфармацыю, ператварыўшыся з пераважна рознічнага банка ва ўніверсальны банк, і ўзмацніў сваю прысутнасць у бізнэс-сегменце. За гэты час быў запушчаны цэлы шэраг новых прадуктаў, многія з якіх сталі ўнікальнымі для фінансавага рынку Беларусі. Поспехі ЗАТ «МТБанк» пацвярджаюцца ростам капіталу больш чым у 3 разы і нядаўняй здзелкі па набыцці ЗАТ «Ідэя Банк» у Getin Holding S. A. і Getin International S. A. (Польшча).