На фота можна ўбачыць, як выглядала капліца ў 2014 годзе.

Фота: globustut.by

«Капліца ў дастаткова патрапаным выглядзе, аднак практычна цэлая, адсутнічае статуя ўнутры, але бачны штыр, на якім яна стаяла, і пастамент»,

— пісаў тады адзін з падарожнікаў.

За аднаўленне капліцы ўзяўся прадпрымальнік Францішак Жылка. «Неаднаразова праязджаў побач з гэтай капліцай на машыне, — кажа ён. — Я нарадзіўся недалёка ад гэтых мясцінаў. Да майго дома адтуль 10 км. А зараз увесь час прыязджаю да дома, дзе жыла маці.

У вішнеўскай парафіі да 1900 года жылі мае продкі. Упэўнены, што яны неаднаразова маліліся ў гэтай капліцы. Хацеў прысвяціць працу іх памяці».

Жылка вядомы як прадпрымальнік. Сярод іншага ён

аднавіў вадзяны млын у аграгарадку Жодзішкі, што на Смаргоншчыне, а таксама напісаў кнігу пра вадзяныя млыны Беларусі.

«Каб напісаць кнігу, я аб’ехаў каля 150 мястэчак. Але нідзе не бачыў такой прыгожай капліцы. Яе вышыня — ажно 9 метраў. Усё чакаў, пакуль дзяржава адбудуе яе».

Францішак Жылка. Фота: zviazda.by

Капліца знаходзіцца недалёка ад Вішнева, але стаіць у лесе. Побач — ні могілкаў, ні жылля. Толькі акопы Першай сусветнай. Да касцёла — 2 км.

Калі пабудавалі капліцу, дакладна невядома. На стэндзе, размешчаным побач, ідзе гаворка пра 18 стагоддзе, але Жылка ўпэўнены, што ўзрост вызначылі на вока.

«Побач з капліцай, ля самых падмуркаў, знайшлі «барацінку», манету 1663 года з выявай караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра. Імі карысталіся да канца 17 стагоддзя. Упэўнены, што капліца — гэтага часу. Але, натуральна, пытанне яшчэ трэба даследаваць».

Як кажа спадар Францішак, апошні раз капліцу рамантавалі сто гадоў таму, у 1920-я.

У 2018 годзе ля будынка нарэшце з’явіліся рыштаванні. У сацыяльных сетках пісалі, што побач з’явіўся стэнд. На ім сцвярджалася, што

ў капліцы адсутнічае гідраізаляцыя, а таксама дах. Таму значную частку цаглянай кладкі трэба было замяніць.

Але працы так і не пачаліся. Таму ў 2020-м Францішак Жылка сам узяўся за працу. Па яго словах,

не казаў пра тое нікому: нават блізкім сябрам, родным, ксяндзу Антонію.

«За працу ўзяліся восенню. Давялося прывезці жвір, прыбраць тынкоўку і бітую цэглу. Я думаў, што ў 2021-м будзе такая зіма, як летась. Але прыйшлі маразы — і давялося рабіць паўзу».

Расказаць ксяндзу пра працу давялося, калі Францішку спатрэбілася бочка для вады і вагончык: рабочыя мяшалі цэмент.

Так выглядае капліца зараз. Застаецца ўпарадкаваць тэрыторыю.

Дарэчы, як прызнаецца Жылка, яму давялося змяніць дзве будаўнічыя брыгады.

«Там шмат цікавых дэкаратыўных элементаў. Таму рабілі пад строгім кантролем. Хоць абедзве брыгады казалі, што працавалі ў Расіі падчас рэстаўрацыі цэркваў».

Дарэчы, капліца не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Зараз вырашаецца пытанне, за кім яе замацаваць.

Падчас працы будаўнікі расчысцілі пляцоўку каля капліцы, якая зарасла лесам. Парафіяне набылі фігурку Яна Хрысціцеля і ўсталявалі яе. Таксама над капліцай з’явіўся і аўтэнтычны крыж — яго ксяндзу Антонію прынёс адзін з капальнікаў.

Цяпер працы па рэстаўрацыі капліцы скончыліся, даводзяць да ладу тэрыторыю вакол. 

Асвячэнне капліцы з удзелам гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча адбудзецца ў нядзелю, 27 чэрвеня, а 12-й гадзіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0