Тое, што матчы беларускага чэмпіянату гуляюцца паралельна з Еўра-2020, пайшло айчыннаму турніру на карысць: у 12 туры было забіта 25 мячоў, у мінулым — 22. Вядома, якасць нашага футбола ніжэйшая за топ-турнір, але глядзець матчы «вышкі» ў спякотныя чэрвеньскія дні дакладна не сумна.

Вось з якімі вынікамі скончыўся 13 тур:

  • «Мінск» — «Энергетык-БДУ» 1:2 (1, 47, Лопес — 42 (п), У. Васільеў)
  • «Нёман» — «Славія» 2:2 (8, 63, Грыбоўскі — 86, Жэрдзеў; 90+5, Паўлючак)
  • «Слуцк» — «Шахцёр» 1:4 (45, Альфрэд — 50, Стасевіч; 62, Анціч; 64, 76, Дарбо)
  • «Дынама-Брэст» — «Смаргонь» 2:2 (16, Беленькі; 63, Сядзько — 7, 61, А. Бандарэнка)
  • «Віцебск» — «Рух» 0:0 
  • «Гомель» — «Іслач» 2:0 (13, Салавей; 45, Ал. Васільеў)
  • «Тарпеда-БелАЗ» — «Спадарожнік» 2:0 (28, Габоўда; 30, Леановіч)
  • «Дынама-Мінск» — БАТЭ 0:2 (36, Скавыш; 67, Міліч)

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

У матчы тура БАТЭ аказалася мацнейшым за мінскае «Дынама». Арцём Чалядзінскі выставіў на матч тактычную схему пад суперніка і па ходу матчу яе мяняў, што шло на карысць «Дынама». Але барысаўцы аказаліся больш эфектыўнымі ў атацы і змаглі рэалізаваць свае магчымасці, а ў ключавыя моманты дапамог Антон Чычкан у браме.

«Слуцк» у матчы супраць «Шахцёра» змог першым адзначыцца забітым мячом, але пасля пачаўся бенефіс галоў-прыгажуноў ад салігорцаў. Яго адкрыў Ігар Стасевіч, для якога мяч у Слуцку стаў першым у 13 турах за «Шахцёр». 

Далей Нікола Анціч і Дэмба Дарбо давялі справу да разгрому.

Матч «Нёман» — «Славія» скончыўся трылерам. Да 86-й хвіліны гаспадары спакойна вялі з камфортным лікам 2:0, але мазырчукі змаглі вырваць нічыю на апошніх секундах гульні.

Але фартуна вярнула даўгі па няўдачах гарадзенцам у Кубку Беларусі. У гэты аўторак «Неман» сустракаўся з «Крумкачамі». Каманда першай лігі доўгі час мінімальна вяла ў ліку, і некаторы час мела на полі на два гульцы больш. Але нават удзевяцёх «Нёман» здолеў адгуляцца і ў выніку перамог у серыі пенальці. 

Фота: НФК «Крумкачы».

З астатніх матчаў адзначым другую запар нічыю «Смаргоні», другі запар галявы дубль Лопеса з «Мінска» і доўгачаканую перамогу «Тарпеда-БелАЗ». 

А цяпер да матчаў 14 тура, які стартуе ў суботу.

«Смаргонь» — «Гомель»

Пасля адноснай стабілізацыі вынікаў у чэмпіянаце «Смаргонь» аступілася ў Кубку, прайграўшы лідару першай лігі — дзяржынскаму «Арсеналу». «Гомель» жа ўчыніў разгром у Оршы з лікам 6:2. 

Здаецца, адзінае, што можа перашкодзіць гасцям у Смаргоні — гэта звышдалёкі выезд у спёку: гарады раздзяляюць 440 кіламетраў.

«Славія» — «Энергетык-БДУ»

«Славія» гераічна выратавалася ад чацвёртай запар паразы ў чэмпіянаце, а пасля і выйграла ў кубкавай гульні ў Пінску. Падобна, што футбольныя богі крыху павярнуліся тварам да мазырчукоў.

У «Энергетыка», калі лічыць разам чэмпіянат і Кубак, то атрымліваецца чатыры перамогі ў пяці матчах. «Студэнты» знаходзяцца ў добрай форме і могуць скончыць пазітыўную серыю «Славіі» на самым старце.

«Шахцёр» — «Дынама-Брэст»

Салігорцы актыўна рыхтуюцца да еўракубкаў. Ужо падпісаныя тры новыя футбалісты: сербы Іванавіч і Пеіч, а таксама баснійскі абаронца Шатара. Магчыма, пад трансферны вектар і выбіралася часовая «хатняя» арэна для салігорцаў на еўракубкі — «Шахцёр» прыме «Лудагорац» у Белградзе.

Брэсцкаму «Дынама» пакуль не да еўракубкаў — праблемы ў чэмпіянаце. Каманда Сяргея Кавальчука не можа перамагчы вось ужо чатыры туры, і гульня на два франты можа яшчэ горш адбіцца на выніках у лізе.

«Іслач» — «Мінск»

«Ваўкі» знаходзяцца ў відавочным крызісе. Фіналісты мінулага розыгрышу Кубка Беларусі выбылі з новага ўжо на стадыі 1/16 фіналу, прайграўшы ў серыі пенальці сераднякам першай лігі. Гэта ў дадатак да шасці тураў без перамог у вышэйшай лізе.

Што тычыцца «Мінска», то каманда, ад якой нічога не чакалі, узабралася ўжо на шостае месца. У шасці турах у «гараджан» толькі адна параза, але «Мінск», як і іх наступны супернік, выляцеў з Кубка Беларусі. 

Аргенцінец Майкл Лопес у апошніх двух турах адзначыўся чатырма галамі. Фота: ФК «Мінск».

«Рух» — «Слуцк»

Другі за тыдзень выезд на Брэстчыну для «Слуцка». У сераду случчакі гулялі ў Маларыце і здабылі перамогу, а ў нядзелю едуць у Брэст.

«Рух» у мінулым туры падзяліў балы ў Віцебску, яшчэ больш адпусціўшы ад сябе «Шахцёр» і БАТЭ. На пяты наступаюць «Гомель» і мінскае «Дынама», таму трэба абавязкова перамагаць. Тым больш мы ўсе ведаем, як няўдала ў гасцях гуляе «Слуцк».

БАТЭ — «Тарпеда-БелАЗ»

У канцы першага круга стала зразумела, што адзінай камандай, якая здольная хоць неяк стварыць канкурэнцыю «Шахцёру», з’яўляецца БАТЭ. Але, каб у чэмпіянаце з’явілася інтрыга, трэба чакаць страт салігорцаў, але тыя пакуль гуляюць бездакорна.

Падобна, у гэтым сезоне БАТЭ больш не зможа дапамагчы капітан каманды Станіслаў Драгун. У яго траўма крыжападобных звязак, якая лечыцца вельмі доўга.

Бронзавыя прызёры мінулага сезону праводзяць сёлетні вельмі нестабільна: больш за дзве перамогі запар жодзінцы яшчэ не здабывалі, дык і тая адзіная серыя здарылася ў 2-3 турах. І, падобна, што другая такая серыя не адбудзецца, бо за гульнёй са «Спадарожнікам» следуе матч супраць БАТЭ.

«Спадарожнік» — «Віцебск»

Калі супернікі «Спадарожніка» па ніжэйшай частцы табліцы хаця б пакрысе, але балы набіраюць, то ў каманды з Рэчыцы з гэтым кампанентам вялікія праблемы. Не дапамог і хатні стадыён — у першай гульні на «Цэнтральным» гледачы пабачылі разгром з лікам 0:5.

Каманды з Рэчыцы і Віцебска не гулялі паміж сабой у вышэйшай лігі 20 гадоў: у 2001 годзе яны называліся «Ведрыч-97» і «Лакаматыў-96». Чым скончыцца доўгачаканая сустрэча праз доўгі час?

«Нёман» — «Дынама-Мінск»

Драматычны кубкавы матч «Нёмана» скончыўся не толькі праходам далей гарадзенскай каманды, але і дыскваліфікацыяй галоўнага трэнера Ігара Кавалевіча. Той атрымаў 8 матчаў бану і 2900 рублёў штрафу за нецэнзурную лаянку ў адрас суддзяў і афіцыйных асоб гульні супраць «Крумкачоў».

Магчыма, у будучыні дыскваліфікацыю скароцяць, але гэта даволі адчувальны ўдар па «Нёмане». Але гарадзенцам не прывыкаць — такое здаралася і ў мінулых сезонах.

Букмекерская кантора Марафон прапануе новым кліентам БОНУС 10 руб «Бяспройгрышная першая стаўка» па промакоду 10BYN пры рэгicтрацыi на сайце marathonbet.by.

Гэта выдатная магчымасць зрабіць прагляд матча любiмай каманды яшчэ больш захапляльным! Усе дэталі бонуснай прапановы чытайце тут.

Марафонбет з'яўляецца найбуйнейшым букмекерам у Беларусі па колькасці кас (Ліцэнзія № 33120/171, выдадзеная МПЗ РБ) і прадстаўлены ў 21 горадзе краіны.

Спіс адрасоў кас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?