Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

У Мінску па вуліцах ходзяць танкі, а па небе лётаюць самалёты. Цяжка сказаць да чаго рыхтуецца горад, да вайны ці да рэспубліканскага свята. У невялікім мястэчку Будслаў, што на Мядзельшчыне, у гэтыя дні таксама свята. У гонар Маці Божай Будслаўскай. Параўноваючы гэтыя святы, разумееш, што гэта два розныя светы. Свет Беларусі казённай і Беларусі людскай.

Штогод у на Будслаўскі фэст ідуць тысячы пілігрымаў з усіх куткоў Беларусі. Многія адмыслова бяруць на працы адпачынкі, каб прайсці гэты шлях. Для бабуль з суседніх вёсак пілігрымка да святых мясцінаў складае ўсяго некалькі кіламетраў. Іншыя ж ідуць да святыні больш за тыдзень. Як пілігрымы з Баранавіч, якіх сёлета выправілася на поўнач Міншчыны аж 250 чалавек.

З Мінску ў Будслаў пайшло 350 чалавек, з Глыбокага — 220, з Віцебска — 130, з Жодзіна — 115. Былі людзі і з іншых гарадоў. Амаль кожная парафія арганізоўвала аўтобусныя паездкі. Прыехала нават некалькі дзесяткаў байкераў з Польшчы і ЗША, яны былі тут і летась.

Пробашч мінскага касцёла Святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк не стамляе здзіўляць сваімі ідэямі адносна пілігрымак. Некалі ён дабіраўся з вернікамі ў Будслаў на роварах, чаўнах. Сёлета арганізаваў пакутную пілігрымку, удзельнікі якой спажывалі толькі хлеб і ваду.

Традыцыйна толькі на фэсце не было шмат прадстаўнікоў Гродзенскай дыяцэзіі. Яны больш шануюць іншыя абразы, а найбольш масавым з’яўляецца фэст у Тракелях (Воранаўскі раён).

Увогуле ж, па ацэнках арганізатараў пешыя пілігрымкі адолела 2500 чалавек.
Крыху меней чым у мінулыя гады, але ўсё адно нямала.

Сярод тых, хто прайшоў пешшу шлях ад Мінску да Будслава быў сустрашыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Ён штогод імкнецца наведаць фэст. Выглядае шчаслівым, хоць дарога і не выдалася вельмі лёгкай. Усе дні паломніцтва пекла сонца. Толькі вечарамі прыходзіла доўгачаканая палёгка ў выглядзе прахалоды.

Жыхары з вёсак, якія мінаюць на сваім шляху пілігрымы, з радасцю прымаюць гасцей у хатах. Топяць лазні, частуюць вернікаў.

Расчаравацца ў Будслаўскім фэсце немагчыма. Таму і не дзіўна, што людзі, якія аднойчы там пабывалі, імкнуцца наведаць яго зноў і зноў. Менавіта так Будслаўскі фэст ператварыўся ў самую значную рэлігійную падзею ў краіне.
Варта адзначыць, што без асаблівай дапамогі дзяржавы. Шкада, што свята не заўсёды трапляе на выходныя дні, а то не ўсе могуць сарвацца з працы.

Сёлета ў Будславе ўпершыню ўсталявалі металадэтэктары. Водгулле леташняга выбуху на Дзень рэспублікі. Зрэшты, міліцыянты асабліва не замарочваліся на праверках торбаў вернікаў. Праход турнікетаў быў досыць хуткім.

А вось з паркоўкай аўтамабілістам давялося памучацца. Некаторым даводзілася ставіць машыны за некалькі кіламетраў ад храму, бо не хапала месцаў. Перад касцёлам раскінуліся шапікі, дзе прадавалі рэлігійную літаратуру, абразкі, крыжыкі свечкі. Побач жа стаялі палаткі з ежай, перакусіць жа таксама ўсім хочацца. Піва не прадавалі.

Затое яшчэ ўдзень вернікаў забаўлялі мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, які зладзілі між сабой кулінарны паядынак па выпечцы бліноў. Кажуць, у гэтым паядынку перамагла дружба.

Знаёмы беларус з Аўстраліі, які ўпершыню аказаўся на фэсце, увесь час здзіўляўся, наколькі прыемныя людзі сабраліся ў Будславе. «Прыстойныя людзі, прыгожыя, светлыя. У Аўстраліі людзі саромеюцца прызнацца, што яны хрысціяне. Тут не баяцца — і гэта добра».

Крэпкі загарэлы ксёндз Віктар на дзівоснай трасянцы («Шаноўныя пілігрымы, калі ласка, саблюдайце дыстанцыю») заклікаў людзей стварыць калідор, каб мог праехаць мікрааўтобус з абразам Езуса Міласэрнага. Гэты абраз прайшоў перэгрынацыю (падарожжа) па касцёлах Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі. Агулам абраз праехаў 8 тысяч кіламетраў беларускім дарогамі.

Чым бліжэй было да дванаццатай ночы, тым болей людзей гуртавалася вакол святыні, тым болей свечак запальвалася.
Свечкі сімвалізуюць сабой чалавечыя душы, якія праз веру праходзяць адраджэнне.

За некалькі хвілін да поўначы працэсія з некалькіх дзесяткаў святароў выходзіць з касцёлу. З абодвух бакоў імправізаванага алтара спускаюцца два абразы — Маці Божай Будслаўскай і Езуса Міласэрнага. Таксама шэсце нясе з абраз святога Міхала Сапоцькі, каталіцкага святара, спаведніка св. Фаўстыны Кавальскай. Гэта навінка фэсту. Раней вакол Краснай плошчы праносілі толькі адзін абраз, сёлета іх было ажно тры.

Следам за святарамі выстраіўся вялізны людскі ланцуг. Вернікі спявалі «Вяночак да Божай Міласэрнасці». Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету, прамаўлялі тысячы вуснаў у начной цішы.

Першыя ўжо даўно паспелі скончыць працэсію, мітрапаліт Кандрусевіч пачаў імшу, а некаторыя толькі пачыналі свой шлях вакол плошчы.

Будслаў дорыць надзею і натхняе. Сюды хочацца вяртацца зноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?