Грамадства

Ілля Дабратвор, які з пяццю дзецьмі з'ехаў з Беларусі: У Варшаве працую таксістам і ў масоўках кіно

Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор, які месяц таму з’ехаў у Польшчу, распавёў «Народнай Волі», ці складана з пяццю дзецьмі пачынаць на новым месцы «жыццё з нуля».

Напрыканцы мая гэтага года на старонцы Іллі Дабратвора ў «Фэйсбуку» з’явілася фота: ён і пяцёра дзяцей у самалёце, які звёз іх з Мінска ў Варшаву. 

«На вялікі жаль, я вымушаны дзеля бяспекі дзяцей пакінуць краіну», — падпісаў здымак Ілля.

17 мая Ілля Дабратвор быў выкліканы на допыт у Следчы камітэт. Яшчэ раней з краіны з’ехала яго жонка Іна, пасля таго як суд аштрафаваў яе на 11 600 рублёў за вывешаныя ў акне партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і герб «Пагоня».

Акрамя таго, у доме Дабратвора прайшлі вобшукі.

— Іна ўжо знаходзілася ў Варшаве, а я пасля паходу ў Следчы камітэт прыняў рашэнне адправіцца з дзецьмі туды ж, — кажа Ілля. — Да таго ж з боку праваахоўнікаў ціск ішоў неверагодны — у дзверы амаль штодзень грукала міліцыя.

Жонка мне адразу сказала, што трэба з’язджаць як мага хутчэй, але я яшчэ некалькі дзён думаў.

— Складана было сабраць у дарогу пяцярых дзяцей?

— Нічога складанага, бо ў самалёт мы бралі з сабой мінімум рэчаў. Набывалі квіткі проста ў аэрапорце, нейкага асаблівага надгляду не было. Памежніца паглядзела, што я вылятаю ў Польшчу па працоўнай візе, таму, магчыма, было такое стаўленне.

А фотаздымак з сям’ёй у самалёце я апублікаваў у «Фэйсбуку» пасля таго, як мы ўзляцелі.

— Наконт працы дамаўляліся зараней? Такую ж сям’ю карміць трэба ў любой краіне…

— Пакуль прыляцелі, жонка нам зняла пакой на дзесяць дзён, бо неабходна было такі тэрмін знаходзіцца на каранціне.

Хацелася, безумоўна, знайсці больш-менш нармальную працу, таму ў хуткім часе набыў у Варшаве аўтамабіль. Трэба адзначыць, што тут аўто каштуюць на парадак танней, чым у Мінску.

У Варшаве працы хапае, і за яе куды больш плацяць, чым у Беларусі, але трэба было прыгледзецца, ацаніць сітуацыю.

Першым часам здымаўся ў масоўках кіно, гэта можна было рабіць штодзень. За масоўку ў дзень плацяць ад 100 злотых (каля 30 даляраў) за некалькі гадзін працы.

— Якія былі яшчэ варыянты працаўладкавання?

— Работа таксістам на сваёй машыне. Калі не ленавацца, то больш за 100 даляраў у дзень лёгка можна зарабіць. У выхадныя — у два разы больш. Адным словам, за тыдзень можна займець сярэдні беларускі месячны заробак.

Дарэчы, для таго, каб працаваць таксістам у Польшчы, падыходзіць і беларускае вадзіцельскае пасведчанне. Акрамя таго, неабходны былі даведка, што ў мяне няма судзімасці ў Польшчы, і даведка з дарожнай паліцыі.

Калі ты добра валодаеш беларускай мовай, то праблем у зносінах з польскімі кліентамі практычна няма. Рэдка калі пытаюцца: «Адкуль пан?» Многія думаюць, што прыехаў з Беласточчыны.

— Дзе цяпер жыве сям’я?

— Здымаем трохпакаёвую кватэру ў Варшаве, і трэба сказаць, што арандаваць жыллё тут значна даражэй, чым у Мінску. 2500 злотых (каля 700 даляраў) у месяц без уліку камунальных паслуг. Хаця калі ты без сям’і, то можна знайсці жыллё і за 200 даляраў.

Цікава: у Польшчы няма такой тэндэнцыі, як у Беларусі, што ў маленькіх гарадках зняць жыллё танней, чым у сталіцы. Кошты паўсюль прыкладна аднолькавыя, таму ехаць у правінцыю не мае сэнсу. У Варшаве, напрыклад, значна больш варыянтаў працаўладкавання.

— Ваша жонка таксама працуе?

— Так, на аддаленай працы. Займаецца дакументаабаротам у адной кампаніі. Іна ў Мінску выкладала англійскую мову, але ў Польшчы беларускі дыплом аб вышэйшай адукацыі не прызнаецца, таму працу па спецыяльнасці знайсці не так проста.

— Ужо вызначыліся, дзе будуць вучыцца дзеці?

— Пойдуць у школу, пакуль выбіраем. Сафіі зараз 17 гадоў, Яўсею — 15, Герману — 11, Марку — 9 і Агаце — 7.

Мяне ўразіла, што тут на дзяцей, якія не дасягнулі 18 гадоў, даюць штомесячную дапамогу — па 500 злотых на кожнае дзіця. А ў «сацыяльна арыентаванай» Беларусі дапамога выплачваецца толькі па доглядзе дзяцей да 3 гадоў.

— У вас жа застаўся дом пад Мінскам. Што з ім?

— Дом пад арыштам, і я не ведаю, як далей будуць разгортвацца падзеі ў Беларусі. Хаця ёсць у Мінску людзі, на якіх я аформіў даверанасць і якія будуць даглядаць нерухомасць.

— Вы з’ехалі назаўсёды ці найбліжэйшым часам збіраецеся з сям’ёй вярнуцца ў Беларусь?

— Безумоўна, хочацца жыць у сваёй роднай краіне, але трэба думаць і пра перспектывы. Таму пакуль пажывём у Польшчы, а далей — жыццё пакажа…

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць7

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін прыгразіў ударыць «Арэшнікам» па «цэнтры прыняцця рашэнняў» у Кіеве4

«Задрыжаць і атарапеюць». МЗС Расіі абяцае кары ЗША з-за дазволу Украіне выкарыстоўваць ATACMS для ўдараў па Расіі12

Патрыярх Кірыл заклікаў не баяцца ядзернай зброі, таму што хрысціян не страшыць канец свету29

На таргі выставілі чыгунку пад Мінскам

Салістка «Начных снайпераў» звалілася з балкона падчас выступу ў Санкт-Пецярбургу

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе13

Украінскі сцяг замест расійскага з'явіўся ўчора на вялізарным экране ў Астане ў часе візіту Пуціна

Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала19

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць7

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →