Рэалізацыя праграмы «Усходняе партнёрства» у другой палове 2009 года будзе адкладзена на другі план,

заявіў у інтэрв’ю радыё «Свабода» Фрэдрык Рэйнфельт, прэм’ер‑міністр Швецыі, да якой на гэты час перайшло старшынства ў Еўрасаюзе.

Паводле слоў шведскага прэм’ера, да гэтага кроку ЕС «вымусілі сур’ёзныя праблемы». Да канца года не плануецца рэалізацыя «маштабных ініцыятыў або правядзенне сур’ёзных сустрэч».

Як раней паведамляў БелаПАН, Швецыя лічыць, што прымае эстафету старшынства ў асаблівай сітуацыі сусветнага эканамічнага крызісу, калі восенню пачне працу Еўрапарламент новага склікання і Еўракамісія новага складу, а сітуацыя з Лісабонскім пагадненнем да канца не вызначана. Рэйнфельт назваў задачы краіны на найбліжэйшыя паўгода няпростымі.

Прыярытэты шведскага старшынства — барацьба з сусветным фінансавым крызісам, зменай клімату, а таксама пытанні прымянення новага Лісабонскага пагаднення ў выпадку яго ратыфікацыі. Асаблівую ўвагу Стакгольм абяцае надаць стратэгіі ЕС у рэгіёне Балтыйскага мора, адносінам ЕС і Расіі і праграме «Усходняе партнёрства». Адзначаюцца таксама намаганні для дасягнення бяспекі ў ЕС, найперш барацьба з арганізаванай злачыннасцю і нелегальнай іміграцыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?