Фота pixabay.com.

Вялікае французскае выданне Le Monde прысвяціла 27 чэрвеня артыкул сітуацыі з супрацькавіднай вакцынацыяй у нашай краіне. У тэксце звяртаецца ўвага на тое, што беларускія ўлады намагаюцца паскорыць тэмпы вакцынацыі, але пры гэтым яны сутыкаюцца з велізарнай хваляй недаверу з боку грамадства. Усё гэта, падкрэсліваюць французы, адбываецца на фоне падаўлення паўстання супраць дзеючай улады.

Афіцыйныя даныя сведчаць, што па стане на 26 чэрвеня больш за 837 тысяч беларусаў ужо атрымалі першую дозу прышчэпкі, і амаль 552 тысячы былі прышчэпленыя двойчы. Калі палічыць, што насельніцтва краіны складае зараз 9,3 мільёны чалавек, мы маем адпаведна 8,9% прышчэпленых адной дозай і 5,9% - прышчэпленых двойчы. У параўнанні з іншымі краінамі, за выключэннем суседняй Украіны, гэта даволі нізкія лічбы.

Беларусь — адзіная з краін Усходняга Партнёрства Еўразвяза, якая не скарысталася магчымасцю атрымаць дадатковую колькасць супрацькавідных вакцын. Дададзім, што тэкст на Le Monde з’явіўся да таго, як 28 чэрвеня наша краіна цалкам спыніла свой удзел ва Ўсходнім Партнёрстве.

Іншыя характэрныя рысы пандэміі кавіду ў Беларусі — поўная адсутнасць строгіх мер аховы здароўя з пачатку першай хвалі кавіду. Журналісты звяртаюць увагу і на лічбу смерцяў ад хваробы, якая, па афіцыйных даных, роўная 3113 смерцям — нягледзячы на тое, што, па інфармацыі з незалежных СМІ, гэтая лічба павінна быць вышэй.

Зараз у беларускай праграме вакцынацыі ўдзельнічаюць два прэпараты — кітайскі Sinopharm, які пастаўляецца ў рамках падтрымкі Беларусі Кітаем, і расійскі Спутнік V. Апошняя з вакцын выкарыстоўваецца ў нашай краіне часцей за кітайскую, таму Беларусь у плане вакцынацыі надта залежыць ад Расіі.

Прадпрыемства «Белмедпрэпараты» ў красавіку пачало вытворчасць беларускага Спутніка, але насамрэч яно мае права ажыццяўляць толькі апошнюю фазу вытворчага працэсу — разліў вакцыны ў флаконы. Сам прэпарат, які разліваюць на беларускім прадпрыемстве, дагэтуль вырабляецца ў Расіі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?