У Латвіі знайшлі парэшткі чалавека, які памёр больш за 5 тыс. гадоў таму ад чумы, піша РБК са спасылкай на навуковы часопіс Cell Reports.

Выява: Cell Reports

Эксперты прааналізавалі парэшткі чатырох чалавек, знойдзеныя падчас двух раскопак, адны з якіх правялі ў XIX стагоддзі, а другія — некалькі гадоў таму. Каманда навукоўцаў праверыла іх генетычны матэрыял на наяўнасць прыкмет вядомых патагенаў, у тым ліку чумной палачкі — бактэрыі, якая выклікае чуму. Яе сляды знайшлі ў пробах аднаго з мужчын ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, на думку спецыялістаў, ён мог быць паляўнічым-збіральнікам.

«На сёння [гэта] самая старая вядомая ахвяра чумы», — сказаў прафесар Бэн Краўзэ-Кіёра, суаўтар даследавання ў Кільскім універсітэце імя Крысціяна Альбрэхта, Германія.

Далейшы аналіз паказаў, што выяўлены штам, верагодна, аддзяліўся ад усіх іншых формаў чумной палачкі каля 7 тыс. гадоў таму, што робіць яго самым раннім вядомым штамам чумы. Даследчыкі дадалі, што ў штама адсутнічае ген, які дазваляў блыхам распаўсюджваць чуму ў сярэднія вякі. У мужчыны магла быць септычная чума — інфекцыя крыві, выкліканая ўкусам грызуна або лёгачнай чумой.

Атрыманыя звесткі паказваюць, што паляўнічы мог нейкі час жыць з чумой і, такім чынам, хвароба магла быць лёгкай. Як лічаць даследчыкі, раннія формы чумы маглі не выклікаць вялікіх выбухаў заражэння.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?