У нулявыя Зміцер Хведaрук з’яўляўся адным з лідараў «Маладога фронта». У 19-гадовым узросце прадстаўляў арганізацыю на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым.

Актыўна ўдзельнічаў у вулічных акцыях, затрымліваўся. Потым адышоў ад палітыкі. 

Шчыры вернік, Хведaрук некалькі гадоў таму паступіў у Евангельскую рэфарматарскую акадэмію ў Кіеве. Расказваў, што плануе стаць пастарам. Зрэшты, яго цікавіць не толькі сучаснасць, але і мінулае царквы.

У кнізе «Рэфармацыя любым коштам? Вопыт аднаго рэлігійнага руху» былы маладафронтавец расказаў пра падзеі XVI стагоддзя, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім распаўсюдзілася Рэфармацыя — рух за рэформы ў каталіцкай царкве.

«Каб лепш зразумець той гістарычны перыяд, уявіце сабе з’яўленне Ілана Маска на заводзе «Гарызонт» — сутыкненне інавацыйных тэхналогій і бясконцых фінансавых рэсурсаў са састарэлым абсталяваннем і вытворчасцю на склад»,

— піша Хведaрук.

Такі стыль — тыповы для аўтара.

Прадстаўнікоў ерасі (альтэрнатыўных кірункаў у царкве, у гэтым выпадку пратэстантызму) ён параўновае то з паводзінамі канцлера Палпаціна з «Зорных войнаў», то з дзеяннямі гурта Metallica на канцэрце.

Зрэшты, Хведaрук не прэтэндуе на навуковую ступень. Яго кніга — не навуковая праца, а папулярнае выкладанне падзей. Ён цудоўна трымае чытацкую ўвагу.

Як прызнаецца Зміцер, гэтую кнігу ён сканчваў у турме.

«Бадай самым цяжкім у яе стварэнні для мяне было напісаць уступ. Інфармацыю ў бібліятэках/крыніцах накапаў, план, структуру падрыхтаваў, а вось уступ ніяк не даваўся».

Хведарук пачынаў яго шмат разоў, ды безвынікова. У жніўні мінулага года ён трапіў у жодзінскае СІЗА.

«Не паверыце, там справа пайшла на лад, думкі праясніліся. Аднойчы прачнуўся сярод начы, спусціўся з другога яруса нараў (так, у той час яшчэ хапала ложкаў), вырваў некалькі аркушаў са сшытка і накатаў «як мае быць»!

Аўтар лічыць, што 500 гадоў назад

«ВКЛ з усімі народамі, якія жылі на яго тэрыторыі, магло стаць усходнееўрапейскім варыянтам Швейцарскай Канфедэрацыі, краінай кальвінізму (адзін з кірункаў пратэстантызму — «НН»), у якой кіруе закон».

Чаму не атрымалася? Хведaрук лічыць галоўнай акурат рэлігійную прычыну — упадак Рэфармацыі. На яго думку, царкве «не хапіла багаслоўскай зразумеласці і паважлівага стаўлення да дактрыны веры, асабліва ў вучэнні пра Тройцу».

Зрэшты, лічыць Хведaрук, паступовая дэградацыя пратэстантызму адбывалася паралельна з дэградацыяй дзяржавы, якую ўрэшце падзялілі суседзі.

Якія высновы робіць аўтар?

«Царква з часам прыходзіць у запусценне, калі ставіць у цэнтр «фенаменальны рост», «стварэнне адзінства», «удасканальванне характара» (спіс варыянтаў можна працягваць), а не ключавыя дактрыны».

А значыцца, лічыць Хведaрук, застаецца верыць, клапаціцца пра царкву, блізкіх і пра ўласную душу. Годная альтэрнатыва ў наш час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0