1. Сілавікі правялі ператрус у кватэры, куды перыядычна прыходзілі нашаніўцы. Таксама вобшук адбыўся ў офісе бухгалтэрыі «Нашай Нівы», яго праводзілі супрацоўнікі цэнтральнага апарата МУС.

2. Затрыманы галоўны рэдактар выдання Ягор Марціновіч, у яго дома адбыўся ператрус. Ператрус прайшоў і дома ў кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко, у галоўнага рэдактара часопісаў «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, галоўнага бухгалтара Вольгі Раковіч. Усіх павезлі на допыт. Яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Яны затрыманыя на 72 гадзіны і дыстаўленыя ў ІЧУ на Акрэсціна.

3. Рэпарцёрка Наталля Лубнеўская, а таксама фатографка Шура Піліповіч-Сушчыц на волі. Яны знаходзіліся ў кватэры, калі прыйшлі сілавікі, але пасля ператрусу іх адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні.

4. Да Ягора Марціновіча ў СК прыязджала хуткая дапамога.

5. Ператрусы і допыты супрацоўнікаў «Нашай Нівы» праводзяцца па арт.342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх), арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Ператрусы праводзілі супрацоўнікі розных упраўленняў органаў унутраных спраў, допыты праходзяць у СК.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?