Андрэй, Паўліна і Тамаш

«Самай стромнай была раніца. Мы з малым толькі ўсталі, яшчэ не адзеліся, я традыцыйна ўвешчавала яго звярнуць увагу на гаршок.

Андрэй дасыпаў. Я пачула за вокнамі галасы. Адхінаю фіранку, а там… Як у страшным сне: паміж нашай маладзенькай слівай і пясочніцай, паўз лужок з рамонкамі (сёлета Андрэй залужыў для Тамаша свае любімыя бульбяныя градкі) да нашага дома нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам. Гэта нагадвала сон. І як у сне я зараўла з усёй сілы: «Андрээээйка, вобшук! Андрэй, у нас вобшук!!!»

Выходзіць мой муж з пакоя: «Ты нешта казала?» Некалі будзе смешна ўспамінаць, спадзяюся.

Андрэй трымаўся агурком: спакойна, усё нармальна, гэта штатная сітуацыя. Шкадую, што не ўвесь час была побач, трымала яго за руку.

Мы з малым тусаваліся па ўсім доме, бо малога на месцы не ўтрымаеш. А Андрэй з гэтымі людзьмі («джэнтльменамі») пераходзіў з пакоя ў пакой. Было смешна, калі Тамаш закамандаваў ісці на двор, і мы з міліцыяй шукалі яго другі сандалік. «Па-мойму, ён сам нёс яго ў бок ваннай», — паказвае адзін з панятых. «Я пагляджу», — кажа чалавек у месцы. «Вы не бачылі?» — пыталіся адзін у аднаго. І на фоне Тамаш крычаў сваёй звацельнай інтанацыяй: «Сандалік!»

Другому дзядзю ён падносіў, каментуючы, усе свае цацкі. Дзядзя нават запусціў яму юлу.

«Навошта патрэбна столькі кніг?» — пыталіся тым часам у Андрэя. «Я так і не прыдумаў, што адказаць», — кажа ён мне потым. Рэдкасны выпадак, калі мой дасціпны, вясёлы муж не прыдумаў адказу.

З кніг міліцыю найбольш зацікавілі лісты Януша Радзівіла, палескія песні з нотамі, Карлас Шэрман, савецкая падлеткавая аповесць «Побеждая оглянісь»… Была яшчэ камічна-драматычная сітуацыя з удзелам літаратуразнаўчых твораў Дзмітрыя Быкава. Але яе, спадзяюся, герой раскажа ў мемуарах.

Перажываю за майго Андрэйку, мой скарб. Увесь дом перапах чужымі парфумамі, але яны ўжо амаль выветрыліся.

PS. Падыходжу да спальні ў час гэтага ўсяго і чую адтуль Андрэеў голас: «Цікава, што аснову эканомікі Старажытнай Русі складаў гандаль рабамі…»

Апроч Андрэя Скурко гэтую ноч на Акрэсціна правялі галоўны рэдактар «НН» Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?