Падзяліцеся «лішняй» тэхнікай. Звычайна падчас ператрусаў канфіскуюць усе знойдзеныя гаджэты з сімкамі — ад тэлефонаў (нават самых старых) да камп’ютараў. Пазычце свае олдавыя «тэлефанавалкі» і лэптопы пацярпелым з дастаўкай на дом.

Прапануйце кантакты адваката. У большасці беларусаў з групы рызыкі дамовы з адвакатамі складзеныя загадзя, але завітаць могуць да кожнага грамадзяніна. І нават калі ўсё абыйдзецца і скончыцца толькі ператрусам, лепш падстрахавацца і вывучыць на памяць нумар свайго адваката, які прыйдзе на дапамогу пры далейшым ускладненні спраў.

Парайце псіхолага. Нават самага моцнага чалавека могуць падкасіць беларускія навіны, што казаць пра ўварванне ў інтымную прастору з разбурэннем гадамі ствараемай утульнасці. Часцяком ператрусы адбываюцца на вачах непаўнагадовых дзяцей — псіхалагічная дапамога ў такой сітуацыі можа спатрэбіцца ўсім членам сям’і.

Арганізуйце клінінг ці калектыўнае сяброўскае прыбіранне. Мала таго, што падчас ператрусу ніхто, канечне, не здымае абутак, пасля яго людзей звычайна чакае поўны хаос з выкінутымі з шафаў рэчамі, раскіданымі дакументамі і кніжкамі. У горшых выпадках — выламаныя дзверы і разрэзаныя плінтусы. Прапануйце пацярпелым пасільную дапамогу ў прывядзенні ўсяго гэтага ў парадак.

Дапамажыце разруліць побытавыя пытанні. Пасля ператрусу чалавек можа быць разгубленым, і пакуль шокавы стан не міне, важна прасачыць, каб ён не забываў паесці і паспаць — базавыя патрэбы, неабходныя для нармальнага функцыянавання. Вы можаце прапанаваць прыгатаваць нешта смачнае, папоўніць запасы прадуктаў у халадзільніку, выступіць у ролі прыватнага кіроўцы. Пры наяўнасці блізкіх стасункаў нялішняй будзе дапамога з выгулам сабакі ці доглядам за маленькімі дзецьмі, пакуль чалавек заняты нечым іншым — напрыклад, аднаўляе канфіскаваныя сімку ці банкаўскія карты.

Прапануйце грошы (лепш — наяўныя). Гэта самы просты пункт, але часам — самы актуальны. Грошы могуць спатрэбіцца і на аднаўленне вынесеных дзвярэй, і на таго ж адваката з псіхолагам, і проста на базавыя расходы, калі аднаго з членаў сям’і пасля ператрусу ўсё ж затрымалі.

Будзьце побач. Падтрымлівайце ідэямі разам выбрацца на вячэру ці ў парк, пажыць пару дзён не дома. І проста будзьце на сувязі, таму што чалавеку можа спатрэбіцца любая іншая дапамога. Памятаем: беларус беларусу беларус.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0