Рабіі Кадыр – 61 год і некалі яна была адной з самых заможных жанчын камуністычнага Кітаю. Пра уйгураў піша ўсходазнаўца Сяргей Богдан.

Урумчы пасля сутычак моладзі з кітайскім амонам.

Урумчы пасля сутычак моладзі з кітайскім амонам.

Рfбія Кадыр — лідэрка бездзяржаўнага народу.

Рfбія Кадыр — лідэрка бездзяржаўнага народу.

Колькасьць ахвяраў нядзельных хваляваньняў ва Ўрумчы дасягнула 156 чалавек. Вінаватай у крывавых сутыкненьнях у сталіцы Сынцзян-Уйгурскай аўтаноміі кітайскі ўрад абвесьціў жанчыну – Рабію Кадыр. «Першыя вынікі расьследаваньняў указваюць, што да гвалту падбухторыў сэпаратысцкі Уйгурскі сусьветны кангрэс на чале зь яго старшынёй Рабіяй Кадыр», — паведаміла дзяржаўная інфармацыйная агенцыя Сіньхуа.

Уйгурская Івонка Сурвіла

Рабіі Кадыр – 61 год і некалі яна была для Пэкіну ўзорнай прадстаўніцай уйгурскай меншасьці. Яна займалася тэкстыльным бізнэсам, засядала ў кітайскім парлямэнце ды лічылася адной з самых заможных жанчын камуністычнага Кітаю.

Рэжым ахвотна выкарыстоўваў яе для рэклямаваньня посьпехаў сваёй палітыкі ў дачыненьні да меншасьцяў.

Аднак аднаго разу Рабія выкарыстала сваё становішча, каб прыцягнуць увагу да парушэньня правоў чалавека на паўночным захадзе Кітая. Пасьля таго як кітайскае войска здушыла ў 1997 годзе пратэсты уйгураў, Рабія выступіла ў парлямэнце і запатрабавала пакласьці канец гвалтам. Так яна стала ворагам Кампартыі.

У 1999 годзе уйгурская праваабаронца была па надуманым абвінавачаньні прысуджаная да васьмі гадоў зьняволеньня. Зь іх адседзела амаль шэсьць, пакуль Кандаліза Райс не дамаглася ейнага вызваленьня, зрабіўшы тое ўмовай свайго візыту ў Пэкін. Узамен кітайскі ўрад запатрабаваў ад Рабіі маўчаць наконт умоваў зьняволеньня. Але тая ня выканала гэтай умовы і пачала распавядаць пра катаваньні і сьмяротныя пакараньні ў кітайскіх астрогах.

Адказ быў імгненны.

У лістападзе 2005 году Рабія ледзьве ацалела падчас замаху на ейнае жыцьцё. Пяць з адзінаццаці яе дзяцей яшчэ жывуць у Кітаі, але двое сыноў – у турме.
Ужо тры гады Рабія ачольвае Сусьветны уйгурскі кангрэс, тройчы яе кандыдатуру высоўвалі на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру. Яна стала для уйгураў сымбалічным нацыянальным лідэрам, хаця і саступае пакуль ў сусьветнай вядомасьці тыбэцкаму духоваму лідэру Далай Ламе.

Унутраныя расколіны магутнага Кітая

Адначасова яна стала для Пэкіну і ўвасабленьнем адной з праблемаў Кітая – уйгурскай.

Насамрэч, вонкава магутны Кітай мае мноства ўнутраных праблемаў, якія не вырашаюцца за кошт эканамічнага ўздыму, а часьцяком нават абвастраюцца. Адна зь іх, хоць і ня самая вялікая – этнічныя меншасьці.

Тыбэцкая тэма аддаўна пэрыядычна зьяўляецца на старонках сусьветных СМІ. Уйгурскае пытаньне пачало набываць міжнародную вядомасьць у апошнія гады.

Насельніцтва Кітая на 91,95 адсотка складаецца з уласна кітайцаў – ханьцаў. Аднак меншасьці засяляюць значныя абшары – Сынцзян-Уйгурскі і Тыбэцкі аўтаномныя раёны займаюць 30% тэрыторыі КНР. Уйгуры зьяўляюцца пятай па колькасьці меншасьцю, яны жывуць у асноўным на паўночным захадзе Кітаю, дзе іх больш за восем мільёнаў.

Гэты рэгіён мае вялікае значэньне для кітайскага ўраду, бо там знойдзеныя значныя радовішчы нафты, газу, золата, вугалю і ўрану. У стратэгічным пляне гэты край важны сваёй блізкасьцю да Індыі, Пакістану ды Аўганістану.

Уйгуры – цюркі і ў культурным сэнсе належаць хутчэй да рэгіёну Цэнтральнай Азіі і індыйскага субкантынэнту, чым да Далёкага Ўсходу. Да Багдаду ім дабірацца бліжэй, чым да Пэкіну.

Тое, што зараз завецца Сынцзянам, раней называлася Ўсходнім Туркестанам і нават сёньня, маючы патрэбу ў падтрымцы іншых меншасьцяў краю, уйгурскія нацыяналісты кажуць пра свой край ня толькі як Уйгурыстан, але і Ўсходні Туркестан, прызнаючы яго культурную і этнічную разнастайнасьць. Гэта – вялікі край, у восем разоў большы за Беларусь, але пакрыты гарамі і пустынямі.

Культурна, моўна і гістарычна уйгуры надта блізкія да ўзбэкаў, якіх яны лічаць страчанай часткай уйгурскага народу. Дасьледаваньні паказалі, што генэтычна уйгуры на 50% належыць да эўрапэоіднай расы, і на 50% — да ўсходнеазіяцкай расы. Гісторыя уйгураў у ваколіцах Кітайскай імпэрыі непазьбежна стала гісторыяй супрацьстаяньня кітайскай дзяржаве і супрацы зь ёй.

Аднак ужо зь сярэдзіны ІХ ст. і аж да другой паловы ХІХ ст. уйгуры мелі сваю дзяржаўнасьць, а іх культура была адной з найбагацейшых у рэгіёне. Менавіта на іх абапіраліся манголы, каб неяк упарадкаваць сваю велізарную імпэрыю, таму кручкастым арыгінальным уйгурскім альфабэтам пісаліся многія мангольскія дакумэнты.

Пры канцы ХІХ ст. краіна уйгураў была гвалтоўна далучана да Кітая, ад якога яны адрозьніваліся чыста ва ўсім – культуры, веры, мове, гаспадарцы.
Таму калі ў 1910-х гадох у Кітаі ізноў запаноўвае хаос, Усходні Туркестан фактычна надоўга адасабляецца ад вялікага ўсходняга суседа.

У 1933 годзе уйгурскія нацыяналісты абвяшчаюць першую Ўсходнетуркестанскую Рэспубліку. Да яе стварэньня актыўна спрычыніліся і расейскія белагвардзейцы, што былі ўцяклі ад бальшавікоў ва Ўсходні Туркестан.

Як калісьці высьветліў Сяргей Шупа, сярод іх апынулася і некалькі беларусаў, якія трапілі на кіраўнічыя пасады ў той дзяржаве, прычым адзін зь іх стаў нават віцэ-прэм'ерам. Аднак кітайцы з савецкай дапамогай хутка вынішчылі «гняздо белагвардзейшчыны».

Наступная спроба незалежнасьці была зьвязаная з намерам СССР усталяваць ва ўйгурскіх раёнах савецкі лад і, адасобіўшы іх ад ахопленага татальнай вайной Кітая, далучыць да Савецкага Саюзу. У 1944 годзе была абвешчаная другая Ўсходнетуркестанская рэспубліка і сфармаваная фактычна ўся дзяржаўная інфраструктура. Аднак ў 1949 годзе кампартыя прыходзіць да ўлады ва ўсім Кітаі і Масква вырашае адмовіцца ад пляну далучэньня Ўсходняга Туркестану да СССР дый дапамагае стлуміць уйгурскае паўстаньне.

Кітайская адміністрацыя ў Сынцзяне: ядравыя выпрабаваньні і калянізацыя

У 1955 годзе Сынцзяну быў нададзены статус «Аўтаномнага раёну» Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Аднак, апроч фальклёрна-паказальнай аўтаномнасьці, далей справа не пайшла і уйгуры заставаліся праблемай для Пэкіну. Яны мелі апрычоную веру (усе яны - мусульмане), культуру і мову.
Урад спрабаваў асыміляваць уйгураў ды абрынуўся на аснову ўйгурскай ідэнтычнасьці, якой у тых умовах быў іслам. Нават сёньня сярод шматлікіх рэлігійных абмежаваньняў урад, у прыватнасьці, забараняе наведваньне мячэту асобамі да 18 гадоў.

Адначасова Пэкін змог паўтарыць ва Ўсходнім Туркестане калянізатарскі экспэрымэнт Масквы ў Латвіі. Калі пасьля Другой сусьветнай вайны доля ханьцаў у Сынцзяне складала 5 адсоткаў, дык цяпер іх ужо 40 адсоткаў. Уйгураў крыху больш і разам з паўтара мільёнамі казахаў яны пакуль пераважаюць у краі. Пэкін з 1950-х гадоў актыўна заахвочвае прыезд ханьскіх работнікаў на ствараныя ў рамках мадэрнізацыі прадпрыемствы, прычым карэннае насельніцтва зазвычай мае цяжкасьці ў працаўладкаваньнем на гэтыя самыя прадпрыемствы.

Напрыклад, адна з буйных дзяржаўных арганізацыяў – «Сыньцзянскі корпус вытворчасьці і будаўніцтва» – адкрыта зарэзэрвавала ў 2006 годзе 800 з 840 наяўных вакансіяў для ханьцаў. У выніку уйгуры атрымліваюць мінімальную выгоду ад цяперашняга эканамічнага росту Кітая, і ў той самы час бачаць, які іх адсоўваюць на другі плян у роднай старонцы дый памятаюць пра адносна нядаўнія часы незалежнасьці.

Але самае страшнае – кітайскі ўрад правёў з 1964 да 1996 году ў Сынцзяне 45 ядравых выпрабаваньняў (зь іх 23 – наземныя) і збудаваў касмадром, забраўшы землі ў карэннага насельніцтва.
Натуральна, гэта не дадало папулярнасьці кітайскай адміністрацыі. Нават сёньня ў Кашгары – уйгурскай Вільні – ўнікальныя будынкі старога места руйнуюць кварталамі, каб збудаваць шэрыя шматпавярховікі.

Адначасова перасьледуюцца уйгурскія актывісты і спыняюцца спробы адкрыта абмяркоўваць праблемы выжываньня уйгураў як народу на тле такіх праблемаў – уявіце сабе хоць гэтыя 45 чарнобыляў! Вынікам становіцца тое, што многія людзі пачынаюць дзейнічаць згодна сваім інстынктам самазахаваньня, не абмежаваным культурай і адукацыяй. І тады супрацьстаяньне набывае амаль расісцкі характар, а замест пошуку палітычнага рашэньня адбываюцца расстрэлы дэманстрацыяў і пагромы ў адказ. Як той казаў, камень становіцца выбарчым бюлетэнем. Кітайцы здаюцца уйгурам прыбышамі, што плюндруюць іх зямлю, а ў вачах кітайцаў дзякуючы дзяржаўнай прапагандзе уйгуры даўно сталі «тэрарыстамі».

Пасьля доўгіх гадоў адноснага спакою гвалтоўнае змаганьне зь кітайскай адміністрацыяй зноў пачалося ў краіне уйгураў у 2008 годзе напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Кітаі. У выбухах і перастрэлках загінулі дзясяткі людзей. Кітайскі ўрад, лягічна разважаючы, што паводле колькасных суадносінаў ва ўйгураў няма ніякіх шанцаў, ня бачыць патрэбы ў палітычных дамоўленасьцях дый абмяжоўваецца паліцэйскімі і вайсковымі апэрацыямі нават тады, калі выступы ня маюць дачыненьня да незалежніцкага руху, як падчас апошняй дэманстрацыі, калі студэнты-дэманстранты напачатку паводзіліся мірна і трымалі ў руках кітайскія сьцягі.

* * *

Уйгуры не здольныя зьмяніць кітайскі ўрад самі ці дамагчыся незалежнасьці, пакуль не адбудуцца тэктанічныя геапалітычныя зьмены. Але іх і тыбэтцаў адчайны супраціў дэманструе іншым незадаволеным у Кітаі, што ёсьць варыянты дзеяньняў, апроч маўклівага выкананьня загадаў.

У татальна кантраляваным грамадзтве застаецца лапік тэрыторыі, дзе ёсьць нязгода і прага быць сабой. Этымалягічна ж «свабода» якраз і азначае – быць сабой.

Падставы для аптымізму у нацменшасьцяў Кітаю ёсьць. Анягож, нешматлікія балтыйскія народы пасьлядоўна падточвалі савецкі дзяржаўны апарат, пашыраючы антысавецкія ідэі ў СССР, дый мелі ў тым посьпех, разваліўшы звышдзяржаву. Шанцы уйгураў ды тыбэтцаў на вызваленьне акурат у тым самым – заставацца сабой і пашыраць вірус свабоды ў Кітаі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?