Золатавалютныя запасы Беларусі ў чэрвені абрынуліся на $600 млн да небяспечнага ўзроўню. Будучыня фінансавай палітыкі краіны цяпер залежыць ад рашэння Еўрасаюзу па дадаткова запрошаным крэдыце.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся ў чэрвені на $591 млн (18,3%) і на 1 ліпеня склалі $2647 млн проці $3238 млн на 1 чэрвеня, паведамляе Белстат.

Такім чынам, ад пачатку году ЗВР краіны знізіліся на $415 млн (13,5%) с $3061 млн на 1.01.2009.

І гэта пры тым, што за дадзены перыяд на рахункі Нацбанку надышло каля 2,1 млрд даляраў замежных крэдытаў і аплатаў ад «Газпрому». Плюс кітайскі своп на $3 млрд.

У ліпені падзенне ЗВР мае быць меншым, дзякуючы атрыманню 670 млн даляраў ад МВФ. Нягледзячы на гэта,

змрочная чэрвеньская статыстыка ставіць пад вялікае пытанне магчымасці працягу цяперашняе палітыкі ўладаў.

Усё зараз будзе залежаць ад атрымання дадаткова запрошанага крэдыту ад Еўрасаюзу. Калі Беларусь не атрымае яго, ёй амаль непазбежна прыйдзецца ажыццявіць дадатковую дэвальвацыю рубля і пайсці на скарачэнне ўнутраных інвестыцый, у выніку чаго знізіцца таксама занятасць і тэмп росту ВУП. Заменай крэдыту ЕС магла б стаць чарговая гіганцкая запазыка ад Расіі, аднак Масква абстаўляе яе ўмовамі, якія пярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Сябар жа Уга Чавэс столькі грошай проста не мае.

Ключыкі ад будучыні хвалёнай лукашэнкаўскай эканамічнай мадэлі ляжаць у Маскве і Брусэлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?