Сям’я Шарэндаў. Фота з сямейнага архіву

Сям’я Шарэндаў. Фота з сямейнага архіву

27 ліпеня прысуд Паліны будуць абскарджваць у Брэсцкім абласным судзе. Нагадаем, на ёй тры крымінальныя справы: па артыкулах 364 КК (гвалт або яго пагроза ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 368 (абраза прэзідэнта) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

«Ілюзій няма. Паліна рыхтуецца да этапавання ў баранавіцкае СІЗА, а адтуль — у Гомельскую жаночую калонію», — кажа Андрэй.

На агалошванні прысуду Паліна падняла самаробную шыльду з надпісам «Самазванец убывай». Што было пасля?

«Наколькі ведаю, да яе ў СІЗА прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, каб скласці адміністратыўны пратакол па артыкуле 24.23. Гэта была адзіная рэакцыя. Паліна адмовілася з імі размаўляць. Не здзіўлюся, калі яна будзе асуджана да нейкага штрафу», — мяркуе Шарэнда.

19 чэрвеня Андрэй змог патрапіць на спатканне з жонкай.

«Гэта дзіўнае адчуванне, калі паўгода не бачыш чалавека. Я рыхтаваўся маральна ўвесь дзень, думаў, што распавесці за гэтую гадзіну. На спатканні адразу папярэдзілі, што я не магу размаўляць пра падзеі ў краіне, іншых палітвязняў. Спытаў: «А пра што тады магу?» Адказ: «Размаўляйце пра дзяцей». У мяне і ў жонкі за спінай стаяла па супрацоўніку, якія слухалі кожнае слова. Паліна жэстамі давала зразумець, што мне трэба з’язджаць — як працуюць беларускія суды, яна ўжо адчула на сабе».

Апошнім часам Паліна знаходзілася ў камеры на самым версе — там вельмі спякотна. Каб ратавацца, жанчыны абліваюцца вадой над прыбіральняй, намочваюць майкі. «Нават пластык станавіўся мяккім», — так апісвала ўмовы жанчына.

20 дзён у іх камеры не было гарачай вады. Паліна прасіла перадаць ёй брыджы, але іх не прынялі: па правілах, дазволены толькі штаны.

Андрэй зараз у Літве. Ён таемна перасёк мяжу з 1 на 2 ліпеня. Двое дзяцей засталіся ў Беларусі з бабулямі.

«Адпачываюць на вёсцы. Кожны дзень размаўляем з імі па відэасувязі. Старэйшы сын, яму 12, кажа, што без мамы нікуды не з’едзе».

Берасцеец распавёў таксама пра мігрантаў, якіх бачыў на беларуска-літоўскай мяжы.

«Калі мы набліжаліся да мяжы, заўважылі лагер на беларускім баку, дзе былі памежнікі. Літаральна праз 15 хвілін пасля таго, як мы перабеглі, стала вядома, што за намі прайшла група мігрантаў. Мы былі брудныя пасля дарогі, а мігранты — чыстыя, у белых красоўках. Адзін з іх казаў, што іх давезлі бусам, пасля чаго яны прайшлі колькі дзясяткаў метраў да мяжы. Ад іншага чуў, што яго сям’я заплаціла 15 тысяч даляраў за пераезд сюды.

Некалькі дзён, што я быў там, бачыў тры групы мігрантаў — іракцы, сірыйцы, жыхары франкамоўнай часткі Афрыкі. У іх былі кепска прадуманыя легенды. Афрыканцы казалі, што прыплылі ў Мінск на лодцы, а далей ішлі пешшу. Некаторыя казалі, што вучыліся ва ўніверсітэце ў Гродне, але там павысілі кошты за навучанне, і яны вырашылі падацца за мяжу. Яны не разумелі па-руску, не мелі дакументаў з універсітэта.

Мне ў тыя дні далі прытулак у інтэрнаце для літоўскіх памежнікаў. Для мігрантаў былі іншыя ўмовы: некалькі сутак іх трымалі на заставе, пасля пераводзілі ў лагер, дзе яны жывуць у намётах. Харчаванне там — гэта сухпаёк. Тыя, хто перакідваў іх, абяцалі ім жыццё ў Еўразвязе, а па факце людзі сталі ахвярай у гэтых гульнях».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0