Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

На днях сузаснавальнікі сацсеткі Пол Дэвісан і Рохан Сэт абвясцілі, што Clubhouse адмяняе сістэму інвайтаў, калі зарэгістравацца ў дадатку можна толькі па запрашэнні ад ужо існуючага карыстальніка. Менавіта гэтую асаблівасць настойліва расхвальвалі PR-шчыкі, бо сістэма інвайтаў стварала сацсетцы імідж элітарнага клуба, у які не так проста патрапіць.

Цяпер усё стала прасцей, і вось як гэта каментуюць стваральнікі сацсеткі: «Мы заўсёды хацелі, каб Clubhouse быў адкрытым. Любы чалавек у свеце павінен мець доступ да змястоўных размоў». Са слоў уласнікаў, абмежаванні патрэбныя былі на першым этапе, каб пашыраць сацсетку раўнамерна, а цяпер праект будзе маштабіравацца.

Мабыць, з той жа мэтай за тыдзень да гэтага ў Clubhouse было знята абмежаванне на тэкставыя паведамленні. З'явілася опцыя Backchannel — убудаваны месенджар для перапіскі. Такі крок у СМІ называюць «здрадай самім сабе», бо менавіта камунікацыя голасам адрознівала Clubhouse ад іншых сацыяльных сетак і месенджараў.

Эксперты мяркуюць, што зняццё абмежаванняў — спроба вярнуць папулярнасць, якая была ў праекта на пачатку года.

Нагадаем, у лютым 2021-га Clubhouse паказаў выбухны рост аўдыторыі. Калі ў канцы 2020 года ў сацсетцы былі зарэгістраваныя каля 600 тысяч карыстальнікаў, то ў лютым 2021 года іх было ўжо 6 мільёнаў.

Асаблівую ролю ў прасоўванні адыгралі медыйныя персоны. Чаго каштаваў адзін толькі пост заснавальніка Tesla і SpaceX Ілана Маска, у якім ён запрасіў паразмаўляць у Clubhouse афіцыйны Крэмль? Людзі рынуліся спампоўваць прыкладанне, каб атрымаць раскошу зносін з топавымі менеджарамі, бізнэсоўцамі, акцёрамі і г.д. На думку аналітыкаў, менавіта ў гэтым была асноўная прычына папулярнасці Clubhouse — стваралася ілюзія «жывой размовы» з зоркай.

Але пасля пікавага лютага цікавасць да Clubhouse стала згасаць. Зоркі сталі ўсё менш часу праводзіць у распіяранай сацсетцы, і масавая папулярнасць засталася ў мінулым. Таксама ў сацсеткі з'явіліся сур'ёзныя канкурэнты — падобныя галасавыя прадукты запусцілі Facebook, Instagram, Twitter, Reddit, LinkedIn і іншыя вядомыя сацсеткі.

Адбілася і тое, што стваральнікі праекта зацягнулі з распрацоўкай прыкладання на Android. Яно стала даступна толькі ў маі, хоць чакалі яго ў сакавіку ці красавіку. Вядома, дзякуючы распрацоўцы на Android чэрвеньская статыстыка запамповак істотна ўзрасла (працуе адкладзены попыт), але вярнуцца да лічбаў гэтай зімы ў праекта пакуль не атрымліваецца. Па дадзеных на чэрвень 2021 года, у сацсетцы каля 12 мільёнаў актыўных карыстальнікаў, уключаючы 10 мільёнаў на iOS і 2 мільёны на Android.

Як на папулярнасці Clubhouse адаб'ецца адмена запрашэнняў, сказаць складана. Па дадзеных The Verge, цяпер у лісце чакання на рэгістрацыю знаходзяцца 10 мільёнаў чалавек, гэта значыць такі крок сапраўды можа павялічыць актыўнасць і колькасць карыстальнікаў. Пры гэтым вядучыя сусветныя выданні ўжо выпусцілі матэрыялы з загалоўкамі аб тым, што «сацсетка памірае» і кропка незвароту пройдзеная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0