Справы 42-гадовай Маі Шатохінай і 26-гадовага Юрыя Клімашэўскага разглядзела суддзя Юлія Чыж. Мінчукоў абвінавацілі ў «выражэнні сваіх палітычных інтарэсаў шляхам размяшчэння на акне аднаго белага аркуша паперы». За гэта правапарушэнне Маю і Юрыя затрымалі дома. Пры гэтым, у хлопца падчас ператрусу канфіскавалі два тэлефоны і два ноўтбукі.

На судзе яны пацвердзілі, што вывешвалі аркушы на акно, але з іншай мэтай. Па словах Шатохінай, аркуш паперы яна зняла адразу пасля таго, як патэлефанавалі з міліцыі, і нават зрабіла відэа, на якім бачна, што на паперы ёсць пісьмовыя заўвагі. У Юрыя, з яго словаў, таксама на паперы былі запісы.

У выніку, суддзя Чыж пакарала Маю і Юрыя 15-сутачнымі арыштамі па арт. 24.23 КаАП.

34-гадовага Дзяніса Кулікова і 31-гадовага Андрэя Мураўёва затрымалі таксама дома. На наступны дзень іх справы разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна.

Згодна з пратаколам, на акне ў Дзяніса віселі два аркушы паперы, а ў Андрэя — чатыры. Суддзю Ярохіну цікавіла «сэнсавая нагрузка» паперы на акне. Але мужчыны сцвярджалі, што вывешвалі іх не з-за палітычных поглядаў.

Суддзя палічыла віну мужчын па арт. 24.23 КаАП цалкам даказанай і арыштавала Дзяніса на 13 сутак, а Андрэя — на 28 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0