Пацярпелай Вользе С. — 31 год. Яна працавала на мясакамбінаце, «недзе на фасоўцы ў лядоўні», як кажуць яе знаёмыя. Да гэтага Вольга каля 10 гадоў жыла ў так званым «грамадзянскім шлюбе». Пара не распівалася, але мела 9-гадову дачку. Але год таму ўвесну пазнаёмілася са сваім калегам з мясакамбіната: 32-гадовым Сяргеем Авечкіным. Закруціўся раман. Вольга прыняла рашэнне разыйсціся з бацькам сваёй дачкі — і сыйшла да Сяргея. Ужо ў жніўні, яны пабраліся шлюбам.
«Вольга — чалавек абсалютна адэкватны. Ахайная, добрая гаспадыня. Ніякіх праблем з алкаголем ці чымсьці яшчэ ў яе ніколі не было і зараз няма, — расказвае «Нашай Ніве» маці былога сужыцеля жанчыны. — Хоць яна і разыйшлася з маім сынам, у нас з ёю заставаліся нармальныя адносіны, у майго сына таксама».
Спачатку Вольга і яе новы муж жылі ў яе бацькоў. Але кажуць, там былі скандалы, у выніку цешча з цесцем не вытрывалі і выгналі Сяргея. Сыйшла за ім і Вольга. Спачатку пара здымала кватэру, але ў студзені памерла бабуля Вольгі, ад яе засталася кватэра. Туды яны і пераехалі, разам з дачкой.
У гэтай кватэры праз некалькі месяцаў і адбудзецца бяда.
«Я добра не ведаю таго Авечкіна, не магу пра яго нічога сказаць. Але чула, што ён выпіваў. Агульная знаёмая пра яго сказала так: «Ён калі п’яны — зусім дурны». Вось і ўсё, што я ведаю.
Апошнім часам ён не працаваў. У Вольгі была нармальная зарплата на мясакамбінаце, а калі яна зацяжарыла і ўжо пайшла ў дэкрэт, ёй дапамагалі бацькі», — кажа знаёмая Вольгі.
Месяц таму Вольга нарадзіла малодшую дачку. Назвалі яе Дарынай. А 27 ліпеня здарылася трагедыя.
«Паводле следства, увечары 26 ліпеня ў Віцебску паміж 32-гадовым мужчынам і яго 31-гадовай жонкай адбыўся канфлікт. Мужчына ўзяў кухонны нож, нанёс ім удары жонцы і дачцэ, а сам збег з месца здарэння. Жанчына паспела выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу і разам з дзіцём была шпіталізаваная. Дзіця выратаваць не ўдалося. Ад атрыманых траўмаў немаўля памерла», — паведамляе Следчы камітэт.
У дзень трагедыі старэйшай дачкі выпадкова не аказалася дома. Адна бабуля завезла дзіця да іншай.
Зараз Вольга знаходзіцца ў рэанімацыі. Кажуць, прагнозы пазітыўныя, жанчына выжыве.
На яе мужа завялі крымінальную справу за замах на забойства жонкі і забойства немаўля. Яму пагражае ад 8 да 25 гадоў зняволення, або пажыццёвы тэрмін, або смяротнае пакаранне.