Заходняя Беларусь — фактычна калонія Польшчы

Першы блок метадычкі — гістарычны. Падзеі, што адбываліся да пачатку ХХ стагоддзя, пададзены дастаткова карэктна і не надта адрозніваюцца ад таго, што напісана ў падручніках. З павагай ідзе гаворка пра дасягненні часоў ВКЛ, адзначацца, што ў Расіі беларусы не мелі аўтаноміі.

Але і Вялікае Княства, і Рэч Паспалітая, і Расійская імперыя называюцца формамі дзяржаўнасці на беларускіх землях. Паміж імі фактычна ставіцца знак роўнасці.

А вось БССР і нават ЛітБел (рэспубліка, штучна утвораная бальшавікамі) трактуюцца як нацыянальныя формы беларускай дзяржаўнасці. Значыцца, яе паўнавартасны адлік ідзе з 1919 года.

Важны акцэнт: у метадычцы толькі адзін раз згадваецца інтэграцыя з Расіяй. Ды і тое ў агульным кантэксце з інтэграцыяй у фармаце СНД і з Кітаем. «Праз усе пакаленні беларусаў чырвонай ніткай праходзіла ідэя нацыянальнай незалежнай дзяржавы», — сцвярджаецца ў дакуменце. Адпаведна, Беларусь успрымаецца як прадаўжальніца традыцый БССР.

Натуральна, пад такую канцэпцыю не падыходзіць Беларуская народная рэспубліка. Сцвярджаецца, што беларусы не падтрымалі ідэю пабудовы дзяржавы па этнічнай прыкмеце. Маўляў, «увасабленнем нацыянальнай ідэі» стала дзяржаўнасць на савецкай аснове.

Не дзіўна, што эпоха БССР ацэньваецца надзвычай станоўча. Шмат увазе нададзена індустрыялізацыі і калектывізацыі, падчас якіх былі створаны заводы і калгасы. Называецца толькі адзін недахоп калектывізацыі — падзенне вытворчасці, ды і тое часовае. Няма ні слова няма пра раскулачванне, падчас якой Беларусь страціла сваю эліту — заможных сялян. Сталінскія рэпрэсіі наогул згаданыя адным сказам.

Для кантраста — жыццё Заходняй Беларусі пад Польшчай ацэньваецца надзвычай адмоўна. Сцвярджаецца, што нашыя землі дэ-факта былі калоніяй. Ідзе гаворка пра паланізацыю, але нідзе не згадваецца русіфікацыя з боку бальшавікоў.

Прэтэнзіі да БНР і БЧБ-сцяга

У кантэксце падзей Вялікай Айчыннай вайны згадваецца, што асобныя калабаранты выкарыстоўвалі бел-чырвона-белы сцяг. Як сцвярджаюць аўтары метадзічкі, у цяперашні час робяцца спробы прадставіць яго як «нейкі старажытны сімвал беларускага народа, што не мае пад сабой абсалютна ніякіх гістарычных падстаў». Паколькі БЧБ-сцяг «запэцканы актыўным выкарыстаннем памагатымі нацыстаў», то, маўляў, ён не можа з'яўляцца дзяржаўным. На думку аўтараў, «сярод грамадзян Беларусі няма адзінства ў ацэнцы шэрагу падзей беларускай гісторыі». Ідэалогі лічаць, што «галоўнай цэласнай падзеяй, якая не выклікае супярэчлівых інтэрпрэтацый», з’яўляецца перамога ў Вялікай Айчыннай.

Ідэалагі выключна станоўча ацэньваюць перыяд БССР, а таксама незалежнай Беларусі — з 1994 года. Існаванне Усебеларускага сходу называецца «вызначальнай рысай дэмакратычнай сістэмы» Беларусі, а таксама «вышэйшай формай сапраўднага народаўладдзя». Апошні сход, які адбыўся ў лютым 2021-га, называюць «вянцом шырокага агульнанацыянальнага дыялогу».

«Сытых» дзясятых больш не будзе

Другая частка метадычкі прысвечана сучаснасці: каштоўнасцям беларусаў, іх стаўленню да тых ці іншых падзей, таксама прыводзяцца шмат цытат з выказванняў Аляксандра Лукашэнкі.

Калі меркаваць па эканамічным блоку, то ўлада разумее: «сытыя» дзясятыя канчаткова адышлі ў нябыт, і гэта трэба абгрунтаваць.

«Па-сапраўднаму паспяховым маладым людзям «апека» уладаў не патрэбная. Яны бачаць у дзяржаве не клапатлівага «бацьку», а партнёра і інвестара», — сцвярджаецца ў дакуменце.

На думку аўтараў, частка грамадзян па-ранейшаму не жадае браць на сябе адказнасць за свой ўласны дабрабыт. Але «патрабаванні сацыяльнай справядлівасці» трэба спалучаць з магчымасцямі нацыянальнай эканомікі.

Па дадзеных метадычцы, больш за ўсё беларусаў хвалююць здароўе (62%) і зарплата (47%). «За імі ідзе сацыяльна-палітычная абстаноўка (42,9%), што наўпрост абумоўлена турбулентнасцю 2020 года. У такой сітуацыі заканамерна, што на чацвёртым месцы апынулася асабістая бяспека (42,8), без якой ніякі «дабрабыт» немагчымы», — сцвярджаецца ў тэксце.

Аўтары адзначаюць, што людзі імкнуцца самастойна вырашаць мясцовыя праблемы. Але ўсё няпроста: «Здараецца, што іх жаданні ангажаваныя, далёкія ад рэальнага жыцця, недастаткова абгрунтаваныя альбо наогул супярэчаць заканадаўству».

Галоўныя каштоўнасці беларусаў — мір, бяспека, свабода, справядлівасць, парадак, правы чалавека і законнасць. Кожны з іх набраў больш за 94%. А ўсё таму, што дазвалялася выбіраць некалькі варыянтаў адказу. За стабільнасць — толькі 86,2%.

Рэйтынгі папулярнасці

Значнае месца ў метадычцы займаюць вынікі апытанняў, якія праводзіў аналітычны цэнтр ЕсооМ па замове БелТА. Дадзеныя, якія ён публікуе, звычайна блізкія да афіцыйных вынікаў, што агучвае беларускі Цэнтрвыбаркам

Сцвярджаецца, што Лукашэнку давяраюць 66,5% беларусаў, а Ціханоўскай — 1,5. Праўда, у іншым фрагменце сцвярджаецца, што ўладу падтрымліваюць больш за 60%, а апазіцыю — прыкладна 10-15%.

 Магчыма, лічбы проста не сышліся. Але хутчэй за ўсё, тут назіраецца тонкі ход — каб і Лукашэнка, і Ціханоўская наўпрост не атаясамліваліся з уладай і апазіцыяй. Гэта зручна для кіраўніка дзяржавы, а не выгадна для экс-кандыдата ў прэзідэнты.

ЕсооМ сцвярджае, што больш за 72% беларусаў не падтрымлівалі акцыі ў жніўні 2020-га, больш за палову лічаць дзеянні ўладаў у адказ абгрунтаванымі.

Кіраўнік цэнтра Сяргей Мусіенка вельмі арыгінальна абгрунтоўвае такія лічбы: «Калі на праезную частку выходзіць нейкі цуд і перагароджвае табе дарогу, а ты едзеш забіраць дзіця з секцыі, якое на вуліцы стаіць і чакае. Вядома, тут патрэбна ролю дзяржавы, інакш гэта можа скончыцца бядой». Або: «Людзі месяцамі не вадзілі дзяцей на гурткі. Машыну не пастаў або дзіця не адпусці».

Чалавекам 2020 года беларусы, калі верыць Мусіенку, называюць Лукашэнку — у яго 54,1%. На другім месцы, з вялікай разбежкай, дактары — 12,3%.

У метадычцы ёсць вынікі яшчэ аднаго этапа апытання, якое праводзілася ў сакавіку — красавіку гэтага года. Сярод праблем рэспандэнты называюць адсутнасць «зразумелай» праўладнай партыі (ці то скарга, ці тое намёк на неабходнасць яе стварэння). А таксама верагоднасць «знешняга фінансавання новых партый».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0