Аляксандр Лукашэнка 29 ліпеня прызначыў генерал-маёра Уладзіміра Калача сваім памочнікам па Мінскай вобласці. Да гэтага Калач выконваў абавязкі намесніка старшыні КДБ.

Вядома, што ў 2010 годзе падпалкоўнік Калач стаў начальнікам упраўлення Мінска і Мінскай вобласці КДБ. Літаральна праз два гады яму прысвоілі званне генерал-маёра. Гэта дастаткова імклівы кар’ерны рост, звычайна новых званняў сілавікі чакаюць нашмат даўжэй.

У 2018 годзе Уладзімір Калач стаў намеснікам старшыні КДБ. У санкцыйныя спісы Калач уваходзіў і ў 2011 годзе, пасля разгону Плошчы, і ў 2020-м.

На пасадзе памочніка па Мінскай вобласці Калач змяніў былога горацкага «мэра» Аляксандра Бутарава, які адпрацаваў усяго тры месяцы. Раней памочнікам быў славуты міліцыянер Ігар Яўсееў, якога звольнілі ў сакавіку. Адной з прычын звальнення Яўсеева называлася тое, што ягоны сын браў актыўны ўдзел і затрымліваўся падчас леташніх акцый пратэсту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0