Тэматыка, шчыра кажучы, ва ўсіх амаль аднолькавая: падтрымліваем дзейную ўладу, асуджаем санкцыі і ціск на краіну, захапляемся хлебаробамі, нагадваем моладзі пра жахі вайны. Акрамя таго, працоўныя справаздачы: правёў прыём, быў на сустрэчы, выступіў у школе і гэтак далей. Але часам трапляюцца цікавосткі.

Хтосьці наўпрост капіруе савецкі «ўзвышана-патрыятычны» стыль, як гомельская дэпутатка Ірына Даўгала. У сваім тэлеграм-канале (177 падпісчыкаў) пад назвай «Ірына Даўгала. За годнае жыццё!» яна дзеліцца думкамі і мастацкімі нарысамі. Часам нават занадта мастацкімі.

«СТЕНОЮ В ПОЛЕ ХЛЕБ СТОИТ, И СПЕЛЫМ ЗВОНОМ МАНИТ КОЛОС…», так — і менавіта вялікімі літарамі — называецца яе нататка пра збор ураджая.

«Сёння мы мелі магчымасць рэальна дакрануцца да святога… Колас, зерні якога налітыя і мякка схіляюцца пад пяшчотным летнім ветрыкам. Камбайны цярпліва чакаюць выхаду ў поле пасля дажджу, а камбайнёры, пазіраючы ў неба, зноў і зноў правяраюць тэхнічную спраўнасць сваёй тэхнікі, — піша Даўгала. — Калі цэлая каманда прадстаўнікоў ААТ «Мілкавіта», раённых арганізацый «Белая Русь», БРСМ, Саюза жанчын і іншыя прыехалі да сапраўдных герояў жніва, то яны былі прыемна здзіўлены. Акрамя заўсёды патрэбных у працы і ў побыце рэчаў, якія прывезлі для механізатараў, былі кранальныя лісты ад дзяцей-гараджан, медальёны ў выглядзе зярнятак, — усё гэта перадалі ўсім, хто працуе ў полі».

У баранавіцкай дэпутаткі Людмілы Жалнерчык (былая супрацоўніца СК) падпісчыкаў пакуль няшмат — усяго 47 чалавек.

Але гэта не перашкаджае ёй амаль штодня віншаваць работнікаў з прафесійнымі святамі і посціць свае фотаздымкі з наменклатурных мерапрыемстваў. Ну і дзякаваць хлебаробам за хлеб, само сабою.

Некаторыя выбіраюць інстаграм, як магілёўская дэпутатка Наталля Тарасенка.

Яна расказвае 228 падпісчыкам пра працоўныя паездкі і сустрэчы, не забывае хваліць унутраную стабільнасць і асуджаць «знешнюю агрэсію» і санкцыі. Дзеліцца вырашанымі задачамі: «Са сваім пытаннем — аказаннем дапамогі ў рамонце дзіцячых арэляў у Чавусах па вул. Ленінскай, 5 — звярнуўся самы малады ўдзельнік сходу. Пры выездзе на месца аказалася, што службай ЖКГ арэлі аператыўна з раніцы адрамантаваныя, і на іх ужо каталіся дзеці. Прынята рашэнне ўмацаваць дзіцячы аб'ект антывандальнай спінкай, што не дазволіць зламаць сядзенне арэляў больш дарослым «дзецям». З гэтым рашэннем пагадзіліся і маладыя бацькі, якія пражываюць у дамах побач і часта наведваюць дзіцячую пляцоўку».

А гомельскі дэпутат Віталій Уткін (531 падпісчык у інстаграме) падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі не забываецца нагадваць, дзякуючы каму пасміхаюцца беларускія дзеці на вуліцах: «Наша краіна сутыкнулася з мноствам разнастайных і трывожных выклікаў, арганізаваных дэструктыўнымі сіламі.

Нягледзячы на гэта, наш беларускі народ на чале з прэзідэнтам Лукашэнкам А. Р. захаваў мірнае неба над Беларуссю і вярнуў мір, спакой, парадак і дзіцячыя ўсмешкі на вуліцы нашых гарадоў».

Часам у допісах дэпутатаў можна знайсці сапраўды карысныя парады. Лунінецкі дэпутат Анатоль Насеня, напрыклад, сярод справаздач пра свае сустрэчы з насельніцтвам, заклікае вакцынавацца ад кавіду.

Спадзяёмся, яго 625 падпісчыкаў прыслухаюцца. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0