«З вялікім шкадаваннем мы прыпыняем з сёння нашу дзейнасць у Беларусі. У апошнія дні і тыдні мы займаліся спыненнем нашых праектаў, нашых прапаноў у сферы мовы і адукацыі, а таксама працы бібліятэкі. Гэтыя задачы падаюцца вельмі цяжкімі, бо за 27 гадоў мы пабудавалі ў гэтых сферах адмысловую і эфектыўную сетку. 

Мы суправаджалі цэлыя пакаленні ў вывучэнні нямецкай мовы і тым самым адкрывалі для іх новыя прафесійныя і асабістыя шанцы. Разам з вялікай колькасцю дзеячаў культуры мы напаўнялі жыццём культурны дыялог паміж нашымі краінамі. І мы стварылі ў цэнтры Мінска месца, дзе можна было разам вучыцца, чытаць, размаўляць і святкаваць», — гаворыцца на старонцы Інстытута ў фэйсбуку.

«Разам мы зрабілі неверагоднае і даказалі, што культура і адукацыя працуюць нават у цяжкіх умовах. Культура — гэта камунікацыя, і за гэта выступае наш інстытут — за адкрыты, крытычны і зацікаўлены абмен паміж людзьмі».

У чэрвені беларускія ўлады запатрабавалі прыпыніць працу ў Беларусі Гётэ-Інстытута і Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD).

Гётэ-інстытут — славутая нямецкая няўрадавая арганізацыя, якая дзейнічала ў Мінску 27 гадоў. Ён усяляк прасоўваў за мяжой нямецкую культуру. На яго базе працавалі курсы нямецкай мовы і ладзіліся культурныя выставы, дзякуючы гэтай установе выходзілі пераклады на беларускую мову нямецкамоўнай класікі. 

157 аддзяленняў Інстытута працуюць у 98 краінах свету. Але, па словах Ёханэса Эберта, генеральнага сакратара Гётэ-Інстытута, яго ўстанова ўпершыню сутыкнулася з такім развіццём падзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0